Выбрать главу

– Чаму ж пані не асцеражэ яго? – глуха азваўся Вакульскі.

– Не варта. Гэта не дапаможа… Ці ж я не давала яму зразумець, што Эвеліна – толькі сапсаванае дзіця і лялька на сённяшні дзень? Можа, некалі з яе нешта і вырасце, а цяпер… Акурат Старскі ёй і пасуе.

Яна памаўчала і дадала:

– Што ж, падумаеш пра цукроўню?.. Загадай заўтра засядлаць каня ды праедзь сам па палетках, а яшчэ лепш – з Вансоўскаю… Гэта кабета вартая, павер мне…

Вакульскі пайшоў ад старшынёвай устрывожаны.

“Што яна сказала, – думаў ён, – пра барона і Эвеліну?.. Ці яна не асцерагае мяне?.. Бо Старскі, хіба, заляцаецца не толькі да панны Эвеліны. Што там было ў брычцы?.. Ах, лепш бы ў лоб сабе стрэліць…”

Але ён апамятаўся.

“У брычцы, – думаў ён, – мне альбо здалося, альбо гэта факт. Калі здалося, дык пакрыўдзіў бы я нявінную, а калі факт… Ну, дык, прынамсі, я не буду супернікам гэтага аперэтачнага спакусніка і не ахвярую жыцця здрадлівай кабеце. Яна можа круціць раманы з кім хоча, але нельга ашукваць чалавека, адзіным злачынствам якога ёсць толькі тое, што ён кахае… Трэба з’язджаць з гэтай Капуі[224] і брацца за працу. У лабараторыі Гейста я пражыву лепшае жыццё, чым у салонах…”

Увечары каля дзявятае зайшоў да яго ў пакой барон, яго было не пазнаць. Спачатку жартаваў і рагатаў, а потым перахапіла ў яго дыханне, ён упаў на крэсла і праз момант прамовіў:

– Як пан мяркуе, шаноўны пане Вакульскі, часам, я думаю, не паводле ўласнага досведу, бо мая нарачоная вельмі высакародная кабета… але часам, думаю, што кабеты, бывае, падманваюць нас…

– Так, здараецца…

– Можа, гэта не іх віна, – працягваў барон. – Трэба, аднак, прызнаць, часам яны дазваляюць баламуціць сябе спрытным інтрыганам…

– О, дазваляюць.

Барона калаціла, аж зубы ў яго момантамі стукалі. Ён памаўчаў і запытаўся:

– Ці не мяркуе пан, аднак, што варта было б прыняць супраць гэтага меры?..

– Якім чынам?..

– Хоць бы не даваць магчымасці кабеце бачыцца з інтрыганамі…

Вакульскі гучна зарагатаў.

– Можна кабету вызваліць ад інтрыганаў, але ці можна вызваліць яе ад уласных інстынктаў?.. Хіба пан можа даць рады, калі той, хто ў вачах пана толькі баламут ці інтрыган, для яе – самец таго самага гатунку, што і яна сама?..

Паступова апанаваў яго шалёны гнеў. Ён хадзіў па пакоі і казаў:

– Якую барацьбу можна весці з законамі прыроды, паводле якіх сука, хоць і найлепшае пароды, не пойдзе з ільвом, а толькі з сабакам? Пастаў пан перад ёю самых высакародных звяроў, але яна адмовіцца ад іх усіх дзеля сабак… І цяжка гэтаму дзівіцца, бо яны ж адпавядаюць яе гатунку…

– Дык, паводле пана, няма рады? – спытаў барон.

– На сёння – ніякае, а некалі будзе. Шчырасць у чалавечых дачыненнях і вольны выбар. Калі кабеце не трэба будзе ані ўдаваць кахання, ані какетнічаць з усімі, тады яна адразу адсуне тых, хто ёй не падабаецца, і пойдзе за тымі, хто адпавядае яе густу. Тады не будзе ані ашуканых, ані ашуканцаў. Стасункі будуць упарадкаваныя натуральным чынам.

Калі барон пайшоў, Вакульскі лёг у ложак. Ён не спаў усю ноч, але супакоіўся.

“Якія ў мяне прэтэнзіі да панны Ізабэлы? – думаў ён. – Яна ж не казала, што кахае мяне, а дала мне ледзьве цень надзеі, што гэтак можа некалі стацца. Усё як мае быць, бо яна ж мяне амаль не ведае. Што за падазрэнні лезуць мне ў галаву!.. Старскі?.. Але ж яна хоча сасватаць яго пані Вансоўскай, дык, хіба, не збіраецца круціць з ім раман. Старшынёва?.. Старшынёва любіць панну Ізабэлу, яна сама мне пра гэта казала, зрэшты, загадала мне сюды прыехаць… Маю час. Пазнаёмлюся з ёю бліжэй, і калі яна мяне пакахае, буду шчаслівы ды спакойны. Калі не – вярнуся да Гейста. На ўсялякі выпадак прадам камяніцу і краму, пакіну суполку гандлю з Расіяй. Гэта дасць мне каля ста тысяч рублёў штогод, а ёй не будзе рызыкі зрабіцца галантарэйнаю купчыхаю”.

Назаўтра пасля першага снядання ён загадаў засядлаць каня і паехаў нібы агледзець наваколле. Бяздумна ён збочыў на дарогу, якою ўчора ехала каляска панны Ізабэлы і дзе, здавалася яму, яшчэ відаць былі сляды колаў… Потым, таксама машынальна, павярнуў ў бок лесу, куды яны нядаўна ездзілі ў грыбы. У гэтым месцы яна смяялася, тут размаўляла з ім, тут аглядала ўсё навокал…

Падазрэнні, гнеў – усё знікла.

Замест іх паліўся ў сэрца яму жаль гэткім тонкім струменем, як сляза, і гэткім пякучым, як нязгасны агонь…

У лесе ён злез з каня і вёў яго за цуглі.

Вось сцежка, якою яны ішлі тады разам, але яна выглядае ўжо неяк іначай. Гэта частка лесу мусіла быць падобнаю да касцёла, а сёння – ані следу падабенства. Шэра і ціха навокал. Чуваць толькі крумканне варон, якія якраз пралятаюць над лесам, і голас спалоханае вавёркі, якая драпаецца на дрэва і скавыча, як сабачаня.