Выбрать главу

“Шатан!” – прамармытаў Вакульскі. Усё паплыло ў яго перад вачыма, усё заслала крывавым туманам.

Яны ехалі далей, ужо нічога не кажучы адзін аднаму. Калі вярнуліся ў Заславак, Вакульскі пайшоў да старшынёвай.

– Заўтра я паеду, – сказаў ён. – А цукроўню няхай пані не ставіць.

– Заўтра… – паўтарыла старая. – А што ж будзе з каменем?

– Вось менавіта. З дазволу пані я паеду ў Заслаўле. Пагляджу, што там з каменем. Зрэшты, маю там яшчэ адну справу.

– Так. Едзь з Богам… Няма чаго табе тут рабіць. А ў Варшаве заходзь да мяне. Я вярнуся разам з графіняю і Ленцкімі…

Увечары зайшоў да яго Ахоцкі.

– Ліха на яго! – вылаяўся ён. – Гэтак хацеў з панам пагутарыць пра розныя рэчы… Але што ж, як пан увесь час быў з бабамі, а цяпер едзеш…

– Не любіш, пан, кабет? – усміхнуўся Вакульскі. – Можа, добра і робіш!..

– Не тое, каб не любіў. Але з таго часу, як пераканаўся, што свецкія дамы не адрозніваюцца ад пакаёвак, я абіраю пакаёвак.

– Усе без выключэння бабы, – правіў ён далей, – гускі, нават самыя разумныя з іх. Учора, напрыклад, я паўгадзіны тлумачыў Вансоўскай, якая карысць можа быць ад кіравання паветранымі балонамі. Расказваў пра тое, што знікнуць межы, пра братэрства народаў, пра магутны прагрэс цывілізацыі… Яна так глядзела мне ў вочы, што ніякіх сумневаў не было – усё разумее. А толькі я спыніўся, яна і пытаецца: “Пане Ахоцкі, а чаму пан не жэніцца?..” Чуў, пан?!

Вядома, яшчэ палову гадзіны я выкладаў ёй, што і ў думках не маю жаніцца, што я не ажаніўся б ані з паннаю Феліцыяй, ані з паннаю Ізабэлай, ані нават з ёю. Да д’ябла! Навошта мне жонка, якая б таўклася па маёй лабараторыі ў сваёй сукенцы з доўгім хвастом, цягала мяне на шпацыры, на візіты, у тэатры… Далібог, я не ведаю ніводнае кабеты, ад няспыннае прысутнасці якое я не з’ехаў бы з глузду за паўгода.

Ён змоў і хацеў ужо ісці.

– Хвілінку, – сказаў Вакульскі. – Калі пан вернецца ў Варшаву, няхай пан да мяне зойдзе. Магчыма, я паведамлю пану навіну пра вынаходніцтва, якое насамрэч можа палову жыцця забраць, але… спадабаецца пану.

– Паветраныя балоны?.. – запытаўся Ахоцкі і вочы ў яго загарэліся.

– Нешта яшчэ лепшае. Дабранач.

На другі дзень каля полудня Вакульскі пакінуў дом старшынёвай. Праз некалькі гадзін ён быў ужо ў Заслаўлі. Наведаў пробашча і загадаў Венгельку збірацца ў дарогу, у Варшаву. Пасля гэтага пайшоў на руіны замку.

На камені ўжо былі выбітыя чатыры радкі верша. Вакульскі прачытаў іх некалькі разоў і затрымаў позірк на словах:

“Да скону дзён застануцца са мною…”

“А калі не?..” – прашаптаў ён.

Ад гэтае думкі апанавала яго роспач. У той момант было ў яго адно толькі жаданне: каб зямля разышлася пад нагамі і пахавала яго разам з гэтымі руінамі, з гэтым каменем, з гэтым надпісам…

Калі ён вярнуўся ў мястэчка, коні былі ўжо накормленыя, каля фурманкі стаяў Венгелек з зялёнаю скрынкаю.

– А ці думаў ты, калі вернешся назад? – спытаў у яго Вакульскі.

– Калі Бог дасць, пане, – адказаў Венгелек.

– Сядай.

Вакульскі забраўся ў каляску, і яны рушылі. Здалёк старая кабета перахрысціла іх на дарогу. Венгелек заўважыў яе і зняў шапку.

– Няхай мама застаецца здаровая!.. – закрычаў ён з козлаў.

XXVIII. ДЗЁННІК СТАРОГА КРАМНІКА

Маем, гэткім чынам, год 1879.

Каб я быў прымхлівы, а галоўнае, каб не разумеў, што пасля найгоршых часоў надыходзяць лепшыя, баяўся б я гэтага году 1879. Бо калі ягоны папярэднік скончыўся пагана, дык гэты пачаўся яшчэ горш.

Англія, напрыклад, у канцы мінулага года ўблыталася ў вайну з Афганістанам, і ў снежні было нават кепска. Аўстрыя мела шмат клопатаў у Босніі, а ў Македоніі выбухнула паўстанне. У кастрычніку і лістападзе былі замахі на іспанскага караля Альфонса ды італьянскага караля Гумберта. Абодва ацалелі. Таксама ў кастрычніку памёр граф Юзаф Замойскі[225], добры сябра Вакульскага. Я нават думаю, што ягоная смерць перакрэсліла шмат якія планы Стаха.

Год 1879 толькі пачаўся, але хай ён згарыць!.. Англічане не паспелі выкараскацца з Афганістану, а ўжо ваююць у Афрыцы, дзесьці на Мысе Добрае Надзеі, з нейкімі зулусамі. А тут, у Еўропе, ні больш ні менш успышка чумы паблізу Астрахані, дык з дня на дзень можам чакаць і ў нас.

Што ў нас тут з-за гэтае чумы робіцца!.. Ад кожнага, каго ні спаткаю, толькі і чую: “А што, добра вазіць паркалік з Масквы?! Пабачыш, пан, прывезяце разам з ім яшчэ і маравую пошасць”. А колькі я атрымліваю ананімак з лаянкаю на чым свет стаіць! Здаецца мне, аднак, што пішуць іх, хутчэй за ўсё, купцы, нашы канкурэнты, або фабрыканты паркалю з Лодзі.