Выбрать главу

Я перажагнаўся.

– Смех дый годзе, пане, лялька ў нас купленая…

– Я ведаю, – адказаў ён. – Але сёння а дзявятай пані баранеса прыйшла з паліцыянтам да пані Стаўскае, загадала забраць ляльку і напісаць пратакол. Ужо пайшла скарга ў суд.

– Ашалеў ты, пане Вірскі! Лялька ж у нас…

– Я ведаю, ведаю, але што з таго, бо ўжо скандал, – кажа Вірскі. – Горш за ўсё (вядома гэта ад паліцыянта), што пані Стаўская, не жадаючы, каб Гэлюня пачула пра ляльку, спачатку не хацела яе паказваць, прасіла, каб гаварылі цішэй, а потым заплакала… Паліцыянт сам не ведаў, што рабіць, бо баранеса не сказала, навошта цягне яго ў кватэру пані Стаўскае. Але як нарабіла ведзьма крыку: “Яна абакрала мяне! Лялька знікла ў той самы дзень, калі Стаўская апошні раз была ў мяне… Арыштуйце яе, бо я ўсім маёнткам адказваю за слушнасць скаргі!..” Тады паліцыянт забраў ляльку ва ўчастак і запрасіў з сабою пані Стаўскую… Скандал, страшны скандал…

– А вы што? – закрычаў я, раз’юшаны.

– Мяне не было дома. Служанка пані Стаўскае яшчэ пагоршыла справу, калі на ўсю вуліцу пачала сварыцца на паліцыянта, і сядзіць, праўда, за гэта ў арышце. А гаспадыня парыжскае пральні, каб паддобрыцца да баранесы, сварылася на пані Стаўскую… Адно добра, пачцівыя студэнты вылілі на галаву баранесе гэткую брыдоту, што век бы не падумаў…

– Але ж суд!.. Але ж справядлівасць!.. – крычаў я.

– Суд пані Стаўскую апраўдае, – сказаў ён. – Гэта ясна. Але што скандал, дык скандал… Прапала бедная кабета. Ужо сёння адправіла яна сваіх вучаніц і сама не пайшла на ўрокі. Равуць разам з маткаю.

Вядома, не чакаючы закрыцця крамы (цяпер гэта здараецца са мною ўсё часцей), пабег я да пані Стаўскае, нават узяў брычку.

Дарогаю прыйшла мне ў галаву добрая думка: расказаць усё Вакульскаму, да якога я вырашыў заехаць, не ведаючы нават, ці ён дома, бо той часта цяпер адбывае службу ў панны Ленцкае.

Вакульскі быў у сябе, але нейкі засмучаны. Жаніхоўства, відавочна, не ішло яму на карысць. Калі ж я распавёў, што здарылася з пані Стаўскаю, пра баранесу і пра ляльку, дык дзяцюк ажывіўся, падняў галаву і з’явіўся ў яго вачах бляск. (Я не раз заўважаў, што найлепшыя лекі ад нашых уласных клопатаў – гэта чужая бяда.)

Ён выслухаў мяне ўважліва (уласныя смутныя думкі неяк выветрыліся ў яго з галавы) і сказаў:

– Зух-баба з гэтае баранесы… Але пані Стаўская можа спаць спакойна, справа ясная, як божы дзень. Не першая яна стала ахвяраю чалавечае подласці!

– Добра табе гэтак казаць, – запярэчыў я, – бо ты мужчына, а перадусім маеш грошы… Тым часам яна, гаротніца, у выніку гэтага скандалу ўжо страціла ўсе ўрокі, хутчэй, сама ад іх адмовілася. Дык як цяпер ёй жыць?..

– А! – стукнуў сябе па лбе Вакульскі. – Я і не падумаў пра гэта…

Ён прайшоўся па пакоі (і моршчыў пры гэтым лоб), штурхануў крэсла, пабарабаніў пальцамі па шыбе і раптам спыніўся перада мною.

– Добра! – кажа ён. – Едзь да тых паняў, а я буду там праз гадзіну. Здаецца мне, зладзім мы справу з пані Мілер…

Я зірнуў на яго з любасцю. Пані Мілер страціла нядаўна мужа, гэткага ж, як і мы, галантарэйнага купца, а ўвесь ягоны маёнтак, крама і крэдыт былі ў залежнасці ад Вакульскага. Дык я ўжо амаль здагадваўся, што Стах зробіць для Стаўскае…

Бягу я тады рыссю на вуліцу, бухаюся ў брычку, еду, нібы тры лакаматывы цягнуць, і ўрываюся, як кангрыўская ракета[226], да тае прыгожае, тае шляхетнае, тае няшчаснае, тае ўсімі пакінутае пані Гэлены. Грудзі ў мяне поўняцца вясёлымі воклічамі і, адчыняючы дзверы, я хачу ўжо закрычаць: “Смех, пані, дый годзе!..” Але як толькі ўвайшоў, дык увесь мой добры гумор застаўся за парогам.

Бо ўявіце сабе, што я там убачыў. У кухні – Марыяна з абвязанаю галавою і апухлым тварам – несумненны доказ, што была яна сёння ва ўчастку. У печы не гарыць, посуд пасля абеду не памыты, самавар халодны, а каля апухлае бядачкі сядзяць вартаўнічка, дзве служанкі ды малочніца, і твары ва ўсіх, як на хаўтурах.

Мароз прадраў мяне па скуры, але ўваходжу ў салон.

Амаль тое ж відовішча. Пасярэдзіне ў фатэлі сядзіць пані Місевічова, таксама з абвязанаю галавою, а вакол яе – пан Вірскі, пані Вірская, гаспадыня парыжскае пральні, якая зноў пасварылася з баранесаю, і яшчэ некалькі дам, якія размаўляюць напаўголасу, затое шморгаюць носам на цэлую актаву вышэй, чым у звычайных абставінах.

Словам, атмасфера, як у рымскіх катакомбах, твары збялелыя або зжаўцелыя, вочы заплаканыя, насы чырвоныя. Толькі Гэлюня так-сяк трымаецца. Сядзіць яна пры фартэп’яне са сваёю старой лялечкай і яе рукамі час ад часу стукае па клавішах, кажучы:

– Ціха, Зосю, ціха, не іграй, бо ў бабулі галава баліць.