– Не павінен жаніцца з паннаю Ленцкай. Гэта не для яго партыя. Яму трэба жонка такая…
– Такая, як мая Гэленка… – спешна закончыла пані Місевічова.
– Вось!.. – выгукнуў я. – Не толькі такая, але менавіта яна… Яе самую, Гэлену Стаўскую, трэба нам за жонку.
Старая заплакала.
– Ведаеш, каханы пане Жэцкі, – казала яна, усхліпваючы, – гэта мая запаветная мара… Бо галаву даю: пачцівы Людвічак ужо памёр… Гэтак часта сніцца ён мне і заўсёды або голы, або нейкі не падобны да сябе…
– Зрэшты, – кажу я, – нават каб і не памёр, дык атрымаем развод.
– Вядома. За грошы ўсё можна зрабіць.
– Менавіта! Абы пані Стаўская не была супраць.
– Высакародны пане Жэцкі, – выгукнула старая. – Я гатова прысягнуць, што яна, небарака, ужо закахалася ў Вакульскага… Настрою няма, начэй не спіць, а ўсё ўздыхае ды марнее кабетка. А як вы ўчора тут былі, дык што з ёю рабілася… Я, маці, пазнаць яе не магла…
– Дык баста! – спыніў я яе. – Мой клопат, каб Вакульскі бываў у вас часцей, а пані… няхай падрыхтуе пані Гэлену. Вырвем Стаха з рук тае панны Ленцкае і… хіба, перад Святым Янам вяселле…
– Пабойся Бога, а Людвічак?..
– Памёр, памёр… – кажу я. – Галаву даю, што нежывы…
– Дык у такім разе – воля Божая…
– Толькі прашу пані трымаць усё ў сакрэце. Занадта вялікія стаўкі.
– За каго пан мяне лічыць, пане Жэцкі? – абурылася старая. – Тут… тут… – пастукала яна сябе ў грудзі, – тут кожная таямніца ляжыць, як у магіле. А пагатоў таямніца майго дзіцяці і таго шляхетнага чалавека.
Мы былі моцна ўзрушаныя.
– Што ж, – прамовіў я праз хвіліну, збіраючыся ўжо ісці, – што ж, ці мог хто думаць, каб гэткая драбяза, як лялька, магла спрычыніцца да шчасця дваіх людзей?
– Лялька?
– Ну а як жа?! Каб пані Стаўская не купіла ў нас ляльку, дык не было б і суду, Стаха не ўзрушыў бы лёс пані Гэлены, а пані Гэлена не пакахала б яго, вось і не пабраліся б яны… Бо, праўду кажучы, калі ў душы Стаха абудзілася нейкае пачуццё да пані Стаўскае, дык толькі пасля таго суду.
– Абудзілася, кажаш, пан?..
– Уга! Ці ж пані не бачыла, як яны ўчора шапталіся на той канапе?.. Вакульскі даўно ўжо не быў гэтакі вясёлы, нават узрушаны, як учора…
– Бог цябе паслаў, каханы пане Жэцкі! – выгукнула старая і на развітанне пацалавала мяне ў галаву.
Сёння я задаволены сабою і без залішняе сціпласці мушу прызнаць, што маю метэрніхаўскую галаву[229]. Якая добрая ідэя прыйшла мне закахаць Стаха ў пані Гэлену, і як добра я справіў, каб ім не заміналі!..
На сённяшні дзень няма ўжо ў мяне сумневаў, што і пані Стаўская, і Вакульскі трапілі ў пастаўленую на іх пастку. Яна за некалькі тыдняў схуднела (але выглядае яшчэ лепей, чартоўка!), а ён фармальна губляе галаву. Калі ўвечары ён не ў Ленцкіх, – а трапляе ён туды, зрэшты, не часта, бо панна ўсё балюе, – дык зараз жа выбіраецца дзяцюк да пані Стаўскае і сядзіць там аж да паўночы. А як тады ён ажыўляецца, як расказвае ёй розныя гісторыі пра Сібір, пра Маскву, пра Парыж!.. Я ведаю, бо хоць і не бываю там вечарамі, каб не перашкаджаць ім, але апавядае мне ўсё пані Місевічова назаўтра. Вядома, пад вялікім сакрэтам.
Адно мне толькі не падабалася.
Я даведаўся, што Вірскі часам наведваецца да нашых паняў і, вядома, палохае буркаванне маладое пары, дык я сабраўся да яго, каб перасцерагчы.
І вось, ужо апрануты, выходжу я з дому, аж спатыкаю ў сенцах Вірскага. Дык мы вяртаемся, запальваем святло і пачынаем гутарыць пра палітыку… Неўзабаве змяняю я тэму і кажу абыякавым тонам:
– Я хацеў пану канфідэнцыяльна паведаміць…
– Я ўжо ведаю, ведаю!.. – кажа ён і рагоча.
– Што пан ведае?
– А што Вакульскі закахаўся ў пані Стаўскую.
– Раны Боскія! – крычу я. – Хто пану сказаў?..
– Ну, перадусім не бойся, пан, за сакрэтнасць, – кажа ён паважна. – У нашым доме сакрэт, як у калодзежы…
– Але хто пану сказаў?
– Бачыш, пан, мне сказала жонка, а сама яна даведалася пра гэта ад пані Каляровае…
– А яна адкуль?
– Пані Каляровай сказала пані Радзіньская, а пані Радзіньскай у найвялікшай таямніцы сказала гэта пані Дэнова, ведаеш, пан, тая прыяцелька пані Місевічовае.
– Якая ж неабачлівая пані Місевічова!..
– Але! – кажа Вірскі. – А што ёй было рабіць, нябозе, калі Дэнова напала на яе, што Вакульскі праседжвае ў іх ледзь не да раніцы, і справа тут нячыстая… Вядома, узрушаная старая заявіла ёй, што гэта не фіглі-міглі, а справа ідзе да сакраманту, можа, пабяруцца яны яшчэ да Святога Яна.
Аж мне галава забалела, але што рабіць? Вой, бабы, бабы!..
– Што ж чуваць у горадзе? – пытаюся я ў Вірскага, каб скончыць непрыемную размову.
229