Жыд зрабіў бы іначай. Каб быў электратэхнікам, дык знайшоў бы сабе такую кабету, што сядзела б з ім у майстэрні або гандлявала электрычнасцю. А каб быў фінансістам, як Вакульскі, не закахаўся б, засляпіўшы вочы, а шукаў бы заможную жонку. Зрэшты, мог бы ўзяць і бедную ды прыгожую, але тады мусіў бы мець працэнт з яе знешнасці. Яна займалася б яго салонам, бавіла гасцей, усміхалася б уладарным, заводзіла раманы з самымі ўладарнымі, словам, як магла, дбала б пра інтарэсы фірмы, замест таго, каб нішчыць.
– І наконт гэтага паўгода таму пан меў іншае меркаванне, – заўважыў Жэцкі.
– Не паўгода, а дзесяць гадоў запар. Анягож! Я труціўся пасля смерці нарачонае, але гэта яшчэ адзін аргумент супраць вашае сістэмы. Сёння аж скура шэрхне, як падумаю, што мог альбо памерці, ліха ведае за што, альбо ажаніцца з кабетаю, якая змарнавала б мне маёнтак.
Жэцкі падняўся з крэсла.
– Дык цяпер, – сказаў ён, – ідэал пана – Шлянгбаўм.
– Не ідэал, а дзелавы чалавек.
– Які прынёс рахункі крамы…
– Мае права, бо з ліпеня ён будзе ўласнікам.
– А тым часам дэмаралізуе калег, сваіх будучых крамнікаў?..
– Ён іх выганіць!..
– І гэты панскі ідэал, калі прасіў Стаха даць яму працу, ужо тады думаў, як прыбраць да рук нашу краму?
– Ён не прыбірае, ён купляе! – закрычаў доктар. – Можа, пан хацеў, каб крама прапала, каб не знайшлося пакупніка?.. І хто з вас разумнейшы: пан, што за столькі гадоў службы не мае нічога, ці ён, які цягам году здабывае гэткую фартэцыю, нікому, варта заўважыць, не робячы крыўды, ды плаціць Вакульскаму гатоўкаю?..
– Можа, пан, і маеш рацыю, але неяк мне гэта не даспадобы, – прамармытаў Жэцкі, ківаючы галавою.
– Пану не даспадобы, бо пан належыць да такіх, што думаюць, нібы людзі, як камяні, без руху мусяць зарастаць мохам на адным месцы. Для пана Шлянгбаўмы заўсёды павінны быць крамнікамі, Вакульскія – заўсёды гаспадарамі, а Ленцкія – заўсёды яснавяльможнымі… Не, пане! Грамадства, як кіпень: што ўчора было ўнізе, сёння імкнецца ўгару…
– А заўтра зноў ападае ўніз, – скончыў Жэцкі. – Дабранач, доктар.
Шуман паціснуў яму руку.
– Загневаўся, пан?
– Не… Толькі не веру я ў абагаўленне грошай.
– Гэта пераходны стан.
– А хто пану паручыцца, што рамантызм Вакульскіх або Ахоцкіх не пераходны стан? Лятальная машына – нібы рэч смешная, але толькі нібы. Я ведаю тое-сёе пра яе вартасці, бо не адзін год тлумачыў мне гэта Стах. А каб такому, напрыклад, Ахоцкаму ўдалася яе збудаваць, дык задумайся, пан, што прынесла б свету большую карысць: умельства Шлянгбаўмаў ці рамантызм Вакульскіх ды Ахоцкіх?
– Пустое, – спыніў яго доктар. – Я на тое вяселле ўжо не траплю.
– Але, каб пан трапіў, мусіў бы, хіба, ужо трэці раз змяніць свае погляды.
Доктар зарагатаў.
– Ну, што ж зробіш, – сказаў ён. – А якая справа была ў пана да мяне?
– Тае беднае Стаўскае… Яна сапраўды закахалася ў Вакульскага…
– Гэ!.. Ужо ў гэта пан мог бы мяне і не ўблытваць, – фыркнуў доктар. – Пакуль адны ўзбагачаюцца ды ўбіраюцца ў сілу, а іншыя банкрутуюць, ён дурыць мне галаву амурнымі справамі нейкае пані Стаўскае. Не трэба было гуляцца ў свата!..
Жэцкі пайшоў ад доктара гэткі прыгнечаны, што нават пакінуў без увагі брутальнасць яго апошніх слоў.
Толькі на вуліцы ён спахапіўся і адчуў крыўду на Шумана.
“Вось яно, жыдоўскае сяброўства!” – прамармытаў ён.
Вялікі пост не быў гэтакі нудны, як баяліся ў модным свеце.
Спачатку наканаваннем Божым паднялася вада ў Вісле, што дало нагоду для публічнага канцэрту 2 сакавіка ў Вялікім тэатры[232] і некалькіх прыватных вечарын з музыкай і дэкламацыяй. Потым у цыкле публічных лекцый, ладжаных Таварыствам земляробчых калоній, выступіў пэўны лектар з Кракава, надзея арыстакратычнае партыі, паслухаць якога сабралася найлепшае таварыства. Потым была паводка ў Сегедзе[233], што зноў мела наступствам збор сродкаў. Сабралі іх, праўда, мала, затое мітусні ў салонах было шмат. У доме графіні наладзілі нават аматарскі спектакль, дзе сыгралі дзве п’есы на французскай мове і адну – на англійскай.
Ва ўсіх гэтых філантрапічных мерапрыемствах панна Ізабэла брала актыўны ўдзел. Бывала на канцэртах, рупілася ўручэннем букета навукоўцу з Кракава, выступала ў жывых карцінах у ролі анёла літасці ды іграла ў п’есе Мусэ “З каханнем не жартуюць”. Панове Навіньскі, Мальбарг, Рыдзеўскі і Печаркоўскі закідалі яе кветкамі, а пан Шастальскі прызнаўся некалькім дамам, што, хутчэй за ўсё, яшчэ сёлета давядзецца яму скончыць жыццё самагубствам.
232
233