Гэтыя перасцярогі і тон, якімі яны былі зробленыя, прыкра здзівілі Вакульскага, але ў прызначаны час ён прыйшоў у гатэль.
– Пан Малінары тут? – запытаўся ён у швейцара.
Швейцар, чалавек знаёмы, адправіў памочніка наверх, а сам завёў гутарку з Вакульскім:
– Вось, вяльможны пане, як тлумна стала ў гатэлі праз таго італьянца!.. Ідуць, як да цудоўнага абраза, а найбольш кабеты…
– Ажно так?!
– Так, вяльможны пане. Гэткая найперш прысылае яму ліст, потым – букет і, нарэшце, сама прыходзіць пад вуаллю, бо думае, што ніхто яе не пазнае… Слугам на смех, пане!.. Ён і не кожную яшчэ прымае, хоць некаторыя даюць лёкаю аж тры рублі. Але часам, пад настрой, бярэ хлапчына яшчэ два нумары ў розных канцах калідора, і ў кожным іншую весяліць… Заядлы, халера…
Вакульскі зірнуў на гадзіннік. Мінула ўжо хвілін дзесяць, дык ён не стаў больш чакаць, развітаўся са швейцарам і пайшоў па сходах, адчуваючы, як закіпае ад гневу.
“Бач ты, шарамыга! – думаў ён. – Але ж і кабеткі – добрыя штучкі…”
Яго дагнаў задыханы памочніка швейцара.
– Пан Малінары, – сказаў ён, – загадаў прасіць, каб ясны пан хвілінку пачакаў…
Вакульскі ледзь не даў пасланцу па карку, але стрымаўся і… пайшоў далей.
– Ясны пан сыходзіць?.. Што мне сказаць пану Малінары?..
– Скажы яму, каб… Разумееш?
– Скажу, ясны пане, але ён не зразумее, – адказаў задаволены лёкай.
А сам пабег да швейцара:
– Хоць адзін знайшоўся, які раскусіў гэтага шчанюка італьянца… Гіцаль! Нос задзірае, а пакуль збярэцца даць чалавеку дзесяць капеек, дык тры разы ў руках пакруціць… Лягавая сука нарадзіла гэткага вырадка… Гніляк, прайдзісвет, капернік[234]…
На момант Вакульскі адчуў крыўду на панну Ізабэлу. Як можна захапляцца чалавекам, якога нават гатэльная прыслуга на смех падымае!.. Як можна запісвацца ў доўгую чаргу аматарак… Зрэшты, як можна было прымушаць яго, каб ён шукаў знаёмства з гэткім лінялым блазнам!..
Але ён хутка супакоіўся. Яму прыйшла ў галаву слушная думка, што панна Ізабэла не ведае Малінары і проста трапіла пад уздзеянне яго славы.
“Яна пазнаёміцца з ім і супакоіцца, – падумаў ён. – Але служыць за пасярэдніка я не буду”.
Калі Вакульскі вярнуўся дадому, ён заспеў у сябе Венгелька, які чакаў ужо гадзіну.
Хлопец выглядаў па-варшаўску, але крыху зблажэў.
– Схуднеў, збляднеў, – сказаў Вакульскі, разглядаючы яго. – Лайдачыш, ці што?..
– Не, пане, я хварэў дзесяць дзён. Нейкая скула выскачыла ў мяне на шыі, аж доктар мяне парэзаў. Але ўчора ўжо вярнуўся да працы.
– Трэба табе грошы?
– Не, пане. Я хацеў толькі пагаварыць пра вяртанне ў Заслаўле.
– Карціць табе. А навучыўся нечаму?
– Авой! І ў слесарстве трохі, і ў цяслярстве… Кошыкі навучыўся прыгожыя… таксама і крэсліць. А нават каб і маляваць давялося, дык таксама…
Кажучы гэта, ён кланяўся, чырванеў і круціў у руках шапку.
– Добра, – праз хвіліну азваўся Вакульскі. – На інструмент атрымаеш шэсцьсот рублёў. Хопіць? А калі ты хочаш вяртацца?
Хлопец пачырванеў яшчэ больш і пацалаваў Вакульскага ў руку.
– Бо яшчэ, прашу прабачэння, з ласкі панскае хацеў бы ажаніцца… Толькі я не ведаю…
Ён пачухаў патыліцу.
– З кім жа? – запытаўся Вакульскі.
– З тою паннаю Марыянаю, што жыве ў фурмана Высоцкага. Я таксама жыву ў тым доме, толькі наверсе.
“Хоча ажаніцца з маёю магдаленкаю?” – здзівіўся Вакульскі.
Ён прайшоўся па пакоі і спытаў:
– А добра ты ведаеш панну Марыяну?
– Як не ведаць? Прынамсі, бачымся па тры разы на дзень, бывае. У нядзелю або я ў яе сяджу цэлы дзень, або мы разам – у Высоцкіх.
– Ну, так. Але ці ведаеш ты, што яна рабіла год таму?
– Ведаю, пане. Як толькі я, дзякуючы пану, прыехаў сюды, Высоцкая і кажа мне: “Глядзі, маладзён, бо яна была гуляшчая…” Дык з першага дня я ведаў, што за яна. Мяне яна не зводзіла.
– І як жа сталася, што ты хочаш з ёю ажаніцца?
– Бог ведае, пане, як яно сталася. Я нават спачатку насміхаўся з яе, і як хто ішоў па вуліцы, казаў: “Пэўна, і гэта знаёмы панны Марыяны, бо панна не з аднае печы хлеб ела”. А яна нічога, толькі апусціць галаву і круціць сваю машынку, аж тая раве, аж іскры ёй у твар ляцяць.
Пазней заўважыў я, што нехта цыруе мне бялізну, дык на Божае Нараджэнне купіў ёй за дзесяць грошай парасон, а яна мне – шэсць хустак паркалёвых з маімі літарамі. А Высоцкая кажа: “Трымайся далей, маладзён, ад гэтае шалахвосткі!..” Дык я і думак пра яе не дапускаў, хоць, каб не была яна абы-якая, дык яшчэ на запусты[235] ажаніўся б.
234
235