А якраз на Папялец[236] Высоцкі ўзяў ды расказаў мне, як гэта з ёю здарылася, з паннай Марыянай. Наняла яе нейкая пані ў аксаміце ў служанкі, ну і мела яна службу, не давядзі Божа! Толькі наважыцца яна ўцячы, як яе ловяць ды кажуць: “Або сядзі тут, або аддадзім цябе ў арышт за крадзеж”. “Што ж я ўкрала?” – пытае яна. “Нашы даходы, гадаўка!” – крычаць яны. Гэтак бы і сядзела яна (апавядаў Высоцкі) аж да суднага дня, каб пан Вакульскі яе не ўбачыў у касцёле. Выкупіў і выратаваў.
– Далей расказвай, – азваўся Вакульскі, бо ўбачыў, што Венгелек завагаўся.
– Падумалася мне тады, – працягваў Венгелек, – што ніякая гэта не распуста, а гора горкае. І пытаюся я ў Высоцкага: “Ажаніўся б пан з паннай Марыянай?” “Мне і з адною бабаю ўтрапенне,” – кажа ён. “Але каб пан Высоцкі быў у кавалерскім стане, дык як?” “Гэ, – кажа ён, – не маю ўжо я ахвоты да кабет”. Бачу, не хоча стары гаварыць, і гэтак пачаў яго ўпрошваць, што ўрэшце той сказаў: “Не ажаніўся б, бо не меў бы ўпэўненасці, што старыя звычкі ў ёй не азавуцца. Кабета, як добрая, дык добрая, але ўжо як разбэсціцца, дык нібы д’ябал робіцца”.
Тым часам, на пачатку святога посту наслаў Пан Бог міласэрны мне гэткую балесную скулу, што мусіў я ляжаць дома, а доктар яшчэ мяне і парэзаў. І пачала тут панна Марыяна да мяне хадзіць: ложак перасцеле, рану мне апратае… Доктар казаў, што каб не яе дагляд, дык і за тыдзень бы яшчэ не выкачаўся. Аж злосць мяне разбірала, асабліва як быў у гарачцы. Дык аднаго дня і кажу ёй: “Навошта панна Марыяна гэтак турбуецца?.. Панна думае, што я ажанюся, а я не здурнеў, каб такую ўзяць, што дзесяцярых абслугоўвала…”
А яна нічога, толькі апусціла галаву і слёзы кап… кап…
“Я ж разумею, – кажа, – што пан Венгелек са мною не ажаніўся б…”
Аж я, за перапрашэннем, ледзь не самлеў ад жалю, як гэта пачуў. І тады ж кажу Высоцкай: “Ведае, пані Высоцкая, можа, я з паннаю Марыянай ажанюся…”
А яна на гэта: “Не нарабі шкоды сабе і людзям, бо…”
– Не магу гаварыць, – спыніўся раптам Венгелек, зноў цалуючы Вакульскаму ў руку.
– Кажы смела.
– “Бо, – кажа пані Высоцкая, – каб ты ажаніўся з паннаю Марыянай, дык ці не было б гэта абразаю пану Вакульскаму за ягоную ласку ўсім нам… Хто ведае, можа, панна Марыяна да яго ходзіць…”
Вакульскі стаў перад ім.
– Гэтага ты баішся? – спытаў ён. – Даю табе слова гонару, я ніколі не бачуся з тою паннаю.
Венгелек уздыхнуў з палёгкаю.
– Вось і дзякуй Богу. Бо, па-першае, не смеў бы я стаць у пана на дарозе за яго дабрыню, а па-другое…
– Што па-другое?
– Тое, пане, што ў сваёй распусце яна не вінаватая, гэта гора, злыя людзі яе пакрыўдзілі. Але каб цяпер яна, плачучы нада мною хворым, сама да вяльможнага пана бегала, дык была б шэльма, горшая за сабаку шалёнага, якога толькі забіць застаецца, каб людзей не кусаў.
– Дык як? – запытаўся Вакульскі.
– Што ж! Ажанюся пасля святаў, – адказаў Венгелек. – Яна ж за чужыя грахі пакутаваць не павінна. Не з уласнае волі…
– Маеш яшчэ якую справу?
– Ужо не.
– Дык бывай здаровы, а перад шлюбам зайдзі да мяне. Яна атрымае пяцьсот рублёў пасагу, ну і што трэба з бялізны ды ў гаспадарцы.
Венгелек пайшоў ад яго вельмі ўзрушаны.
“Вось логіка простых сэрцаў! – падумаў Вакульскі. – Пагарда да граху, міласэрнасць да няшчасця”.
Прастадушны мешчанін у яго вачах вырас да пасланца спрадвечнае справядлівасці, які зганьбаванай кабеце прынёс спакой і прабачэнне.
У канцы сакавіка ў панства Жэжухоўскіх адбыўся вялікі раўт з Малінары. Вакульскі таксама атрымаў запрашэнне, напісанае прыгожаю рукою панны Жэжухоўскае.
Прыбыў ён досыць позна, якраз у той момант, калі маэстра паддаўся на ўгаворы і згадзіўся ашчаслівіць слухачоў канцэртам уласнае кампазіцыі. Адзін з мясцовых музыкаў сеў за фартэп’яна, каб акампанаваць яму, другі прынёс маэстра скрыпку, трэці падрыхтаваўся пераварочваць ноты, чацвёрты стаў ззаду з намерам падкрэсліваць жэстыкуляцыяй ды мімікай самыя прыгожыя або складаныя моманты.
Нехта папрасіў прысутных сцішыцца, дамы паселі паўколам, мужчыны пасталі за іх крэсламі, канцэрт пачаўся.
Вакульскі паглядзеў на скрыпача і перадусім заўважыў пэўнае падабенства паміж ім і Старскім. Малінары меў гэткія ж невялічкія фаварыты, яшчэ меншыя вусікі і гэтакі ж выраз знуджанасці на твары, які вылучае людзей, што карыстаюцца поспехам у прыгожага полу. Граў ён добра і выглядаў прыстойна, але відаць было, што роля паўбога, ласкавага да сваіх вернікаў, даўно яму звыклая.
236