А яшчэ праз некалькі дзён на кватэру пані Кшэшоўскае прыйшло двое жыдкоў, пытаючыся, ці дома пан барон… Пані баранеса замест таго, каб накрычаць на іх, па сваёй звычцы, вельмі спакойным тонам загадала ім выйсці за дзверы. Потым яна паклікала Каспера і сказала яму:
– Здаецца мне, каханы Каспер, што наш бедны гаспадар перабярэцца да нас не сёння, дык заўтра. Трэба паслаць сукно на сходах да трэцяга паверха… Толькі глядзі, каб не пакралі прэнты… І сукно давядзецца кожныя некалькі дзён вытрэпваць…
З гэтага часу яна ўжо не сварылася на Марыяну, не пісала лістоў, не турбавала вартаўніка… Толькі хадзіла са скрыжаванымі на грудзях рукамі па сваіх апартаментах, бледная, маўклівая, устрывожаная.
Варта было ёй пачуць, што перад домам затрымліваецца брычка, яна бегла да акна. На кожны званок кідалася да парога і з-за дзвярэй салону прыслухоўвалася, хто размаўляе з Марыянай.
Праз некалькі дзён такога жыцця яна зусім пазелянела з твару і ўжо амаль не панавала над сабою. Бегала яна ўсё шпарчэй па ўсё меншай прасторы, часта кідалася на крэсла або фатэль, бо калацілася сэрца, нарэшце, злегла ў ложак.
– Загадай зняць сукно са сходаў, – сказала яна Марыяне хрыплым голасам. – Пану зноў, відаць, нейкі латруга грошай пазычыў…
Не паспела яна гэта сказаць, як пачуўся працяглы званок у дзверы. Пані баранеса паслала Марыяну адчыняць, а сама, хоць і балела ёй галава, кінулася апранацца. Ад хвалявання ўсё валілася ў яе з рук.
Тым часам Марыяна, не здымаючы ланцужка, прыадчыніла дзверы і ўбачыла на пляцоўцы нейкага вельмі моднага ягамосця з ядвабным парасонам і валізкай у руках. За ягамосцем, які, нягледзячы на старанна зголеныя вусы ды буйныя фаварыты, нагадваў камердынера, стаялі насільшчыкі з куфэркамі ды клункамі.
– Што гэта? – няўцямна спытала служанка.
– Адчыніць дзверы! Абедзве палавіны!.. – распарадзіўся ў адказ ягамосць з валізкай. – Рэчы пана барона і мае…
Дзверы былі адчыненыя, ягамосць загадаў насільшчыку занесці куфэркі ды клункі ў вітальню і спытаў:
– Дзе тут кабінет яснага пана?..
У гэты момант прыбегла расхрыстаная баранеса ў шлафроку і з раскудлачанымі валасамі.
– Што тут?.. – устрывожана запыталася яна. – А, гэта ты, Леон… А дзе пан?..
– Здаецца, ясны пан у Стэпка[237]… Я хацеў скласці рэчы, але не ведаю, дзе кабінет пана і пакой для мяне.
– Пачакай… – казала баранеса ў вялікім хваляванні. – Зараз Марыяна вызваліць месца на кухні, дык ты там…
– Я – на кухні?.. – спытаў ягамосць, названы Леонам. – Ясна пані, хіба, жартуе. Паводле ўмовы з панам, я мушу мець уласны пакой…
Баранеса змяшалася.
– Што я кажу!.. Ведаеш, Леоне, засяляйся пакуль на чацвёрты паверх, у кватэру, дзе былі студэнты…
– Гэта я разумею, – адказаў Леон. – Калі там ёсць пару пакойчыкаў, дык магу жыць разам з кухарам…
– З якім кухарам?
– Бо без кухара панству не абысціся. Нясіце гэтыя рэчы наверх, – звярнуўся ён да насільшчыкаў.
– Што вы робіце?.. – крыкнула баранеса, бо ўбачыла, што тыя забіраюць усе куфэркі ды клункі.
– Яны забіраюць мае рэчы. Нясіце! – камандаваў Леон.
– А дзе ж рэчы пана барона?..
– Вось, калі ласка… – адказаў слуга і падаў Марыяне валізку ды парасон.
– А пасцель?.. А гардэроб?.. А ўсё астатняе?.. – закрычала пані, заломваючы рукі.
– Няхай бы ясная пані не бушавала пры слугах! – сурова заўважыў Леон. – Усё гэта ў яснага пана павінна быць дома…
– Праўда… праўда!.. – ціха прамовіла прысаромленая баранеса.
Засяліўшыся ў пакой наверсе, куды яму яшчэ мусілі занесці ложак, стол, пару крэслаў і балею са збанам вады, пан Леон прыбраўся ў фрак, свежую кашулю (крыху цеснаватую), белы гальштук, вярнуўся да пані баранесы і важна сеў ў вітальні.
– Праз паўгадзіны ясны пан мусіць прыйсці, – сказаў ён Марыяне, пазіраючы на залаты гадзіннік, – бо ад чацвёртае да пятае гадзін ён звычайна спіць. Што ж, нудна тут панне? Ну, але я панну развесялю…
– Марыяна!.. Марыяна!.. Хадзі сюды!.. – загукала са свайго пакоя баранеса.
– Куды, панна, ляціш? – спытаў Леон. – Старой, хіба, не гарыць… Няхай крыху пачакае…
– Але я баюся, яна страшна злосная, – шаптала Марыяна, вырываючыся ў яго з рук.
– Яна злосная, бо панна сама яе распесціла. Ім дай волю, дык яны чалавека насмерць заганяюць… З баронам панне будзе лягчэй, бо ён аматар… Але апрануцца, панна, мусіш іначай, бо на манашку падобная. Мы не любім законніц.
– Марыся!.. Марыся!..
237