– Добра… добра… – адказаў Вакульскі, не разумеючы ні слова з таго, што кажа пан Ігнацы.
Якраз у гэты момант ён думаў пра руіны заслаўскага замка, сярод якіх упершыню ўбачыў слёзы ў вачах панны Ізабэлы.
“Якое высакародства!.. Якая далікатнасць пачуццяў!.. Яшчэ не хутка я спазнаю ўсе скарбы гэтае цудоўнае душы…”
Ён па два разы на дзень бываў у пана Ленцкага, а калі не ў яго, дык прынамсі, там, дзе мог спаткацца з паннаю Ізабэлаю, дзе мог бачыць яе і замяніць з ёю хоць пару слоў. Гэтага яму на сённяшні дзень хапала, а пра будучыню ён не смеў і думаць.
“Здаецца, памру каля яе ног… – казаў ён сам сабе. – Ну і што?.. Памру, гледзячы на яе і, можа, цэлую вечнасць буду яе бачыць. Хто ведае, ці будучае жыццё не заключаецца ў апошнім адчуванні чалавека?..”
І ён паўтараў следам за Міцкевічам:
Так да сканчэння свету я прасплю,
А ў Судны дзень, калі затрубяць трубы,
Ты ціха сыдзеш з неба на зямлю,
Каб разбудзіць таго, хто сэрцу любы.
І здасца мне, што не прайшлі вякі, –
Зусім нядаўна я цябе пакінуў, –
Загледзеўся ў вачэй тваіх блакіт
І задрамаў на нейкую хвіліну[238].
Праз некалькі дзён зайшоў да яго барон Кшэшоўскі.
– Я быў у пана ўжо два разы! – абвясціў ён, прымайстроўваючы на месца пенснэ, якое, здаецца, было галоўным клопатам яго жыцця.
– Пан?.. – перапытаў Вакульскі, прыгадваючы раптам аповед Жэцкага і знойдзеныя ўчора на стале дзве візітоўкі барона.
– Здагадваецца пан, чаго я прыйшоў? – працягваў барон. – Пане Вакульскі, ці магу я перапрасіць пана за міжвольна ўчыненую крыўду?..
– Ні слова, бароне!.. – спыніў Вакульскі і абняў яго. – Гэта дробязь. Зрэшты, каб і ўтаргаваў я на панскай кабыле дзвесце рублёў, дык навошта было мне хаваць гэта?
– Праўда!.. – адказаў барон і пастукаў сябе па лбе. – Як мне раней не прыйшла ў галаву такая думка… А, наконт заробку, ці не падказаў бы мне пан хуткага спосабу ўзбагаціцца? Мне неабходна сто тысяч рублёў цягам года…
Вакульскі ўсміхнуўся.
– Смешна пану кузіну (мяркую, магу ўжо пана так называць?). Смешна, але сам пан здабыў мільёны за два гады сумленным чынам...
– Менш, чым за два, – удакладніў Вакульскі. – Але гэта капітал не зароблены, а выйграны. Выйграваў я некалькі дзясяткаў разоў запар, дублюючы стаўку, як шулер, а ўся мая заслуга, што іграў не фальшывымі картамі.
– Дык і тут пашанцавала! – крыкнуў барон, абрываючы пенснэ. – А мне, дарагі кузін, ні на грош не шанцуе. Палову маёнтка я прайграў, другую палову змарнаваў на кабетак і – хоць у лоб сабе стрэль!..
Не, мне ніколі не шанцуе!.. Вось і цяпер. Я спадзяваўся, што гэты асёл Марушэвіч збаламуціць баранесу… Меў бы я тады спакой дома!.. Якая б яна стала паблажлівая да маіх дробных грашкоў… Але што?! Баранеса і не думае мне здраджваць, а таго блазна чакаюць арыштанцкія роты… Прашу цябе, пасадзі яго абавязкова, бо ўжо і мяне нудзіць ад яго махлярства.
– Дык, – скончыў ён, – паміж намі згода. Ледзь не забыў! Я наведаў усіх знаёмых, да якіх маглі дайсці мае неабачлівыя словы пра кабылу, і дакладна ім усё растлумачыў… Марушэвічу дарога ў турму, там яму і месца, а без яго ў мяне застанецца на пару тысяч рублёў больш… Быў я таксама ў пана Тамаша і панны Ізабэлы і таксама растлумачыў гэта непаразуменне… Страх, як той латруга навучыўся выціскаць з мяне грошы! Ужо год нічога ў мяне няма, а ён, аднак, працягвае ў мяне пазычаць. Геніяльны махляр!.. Баюся, што калі яго не асудзяць на катаргу, мне ад яго не адчапіцца. Да пабачэння, кузіне.
Не прайшло і дзесяці хвілін пасля сыходу барона, як слуга паведаміў Вакульскаму, што прыйшоў нейкі пан, які неадкладна хоча яго бачыць, але не называе сваё прозвішча.
“Няўжо Марушэвіч?..” – падумаў Вакульскі.
Сапраўды, увайшоў Марушэвіч. Быў ён бледны, вочы яго палалі.
– Пане! – панура пачаў ён, зачыняючы за сабою дзверы кабінета. – Ты бачыш перад сабою чалавека, які пастанавіў…
– Што ж пан пастанавіў?
– Пастанавіў скончыць жыццё… Цяжкі гэты момант, але што зробіш? Гонар…
Ён уздыхнуў і ўзбуджана працягваў:
– Мог бы я, праўду кажучы, спачатку забіць пана, які вінаваты ў маім няшчасці.
– О, дык прашу пана не цырымоніцца, – сказаў Вакульскі.
– Пан жартуе, а ў мяне насамрэч пры сабе зброя, і я гатовы…
– Ну дык выпрабуй, пан, сваю гатовасць.
– Пане, гэтак не размаўляюць з чалавекам, які стаіць над магілаю. Я прыйшоў толькі дзеля таго, каб давесці пану, што, нягледзячы на ўсе свае памылкі, маю высакароднае сэрца.
– Дык чаму ж пан стаіць над магілаю? – спытаў Вакульскі.
238