– Каб захаваць гонар, якога пан хоча мяне пазбавіць.
– О!.. Пакінь сабе, пан, гэты каштоўны скарб, – адказаў Вакульскі і дастаў са стала фатальныя дакументы. – Ты пра гэтыя паперы?
– Пан яшчэ пытае?! Пан кпіць з мае роспачы!
– Пане Марушэвіч, – працягваў Вакульскі, праглядаючы паперы, – не сакрэт, што зараз зручны момант прачытаць пану натацыю або на нейкі час пакінуць пана ў няпэўнасці. Але абодва мы ўжо паўналетнія, дык…
Ён падраў паперы і шматкі аддаў Марушэвічу.
– Дык няхай пан захавае гэта сабе на памяць.
Марушэвіч кінуўся перад ім на калені.
– Пан дараваў мне жыццё!.. – закрычаў ён. – Мая ўдзячнасць…
– Не смяшы, пан, людзей, – спыніў яго Вакульскі. – За панскае жыццё я спакойны, бо ўпэўнены, што трапіш некалі ў турму. Іншая рэч, што я не жадаю спрыяць гэтаму падарожжу.
– О, пан не мае літасці! – адказаў Марушэвіч, машынальна атрасаючы штаны. – Адно зычлівае слова, адзін цёплы поціск рукі, можа, скіраваў бы мяне на іншы шлях. Але пан на гэта не здольны…
– Ну, я развітваюся з панам. Абы пан не даўмеўся калі-небудзь падпісацца маім прозвішчам, бо тады… Разумее пан?
Марушэвіч выйшаў абражаны.
“Гэта для цябе, для цябе, каханая. Адным вязнем сёння стала менш. Страшная рэч зняволіць некага, нават злодзея і ашуканца”, – падумаў Вакульскі.
Хвіліну яшчэ ён змагаўся з сабою. То дакараў сябе, што мог вызваліць свет ад махляра і не зрабіў гэтага. То зноў думаў, што сталася б з ім, каб яго самога зняволілі, адарвалі ад панны Ізабэлы на цэлыя месяцы, можа, на гады.
“Які жах ніколі ўжо не бачыць яе… Хто, зрэшты, ведае, ці не ў міласэрнасці сапраўдная справядлівасць?.. Які я раблюся сентыментальны!..”
XXXIV. TEMPUS FUGIT, AETERNITAS MANET[239]
Хоць размова з Марушэвічам адбывалася сам-насам, аднак вестка разышлася… Вакульскі расказаў усё Жэцкаму і загадаў выкрасліць з кнігі ўяўны доўг барона. А Марушэвіч расказаў барону і дадаў, што барон не павінен ўжо на яго гневацца, бо доўг скасаваны, і ён, Марушэвіч, мае намер выправіцца.
– Я адчуваю, – уздыхаў ён, – што мог быць іншым, каб у мяне было хоць тры тысячы рублёў у год… Ганьба свету, дзе такія, як я, людзі марнуюцца!..
– Ну, досыць ужо табе, Марушэвіч, – супакойваў яго барон. – Я люблю цябе, але ж усе мы ведаем, што ты махляр.
– А ты зазіраў, барон, у маё сэрца?.. Ведаеш, што я адчуваю?.. О, каб існаваў нейкі трыбунал, які ўмее чытаць у чалавечых душах, паглядзелі б мы, хто з нас лепшы: я ці тыя, хто мяне асуджае ды зневажае!..
У выніку і Жэцкі, і барон, і князь ды некалькі графаў, даведаўшыся пра “новы выбрык” Марушэвіча, прызналі, што Вакульскі паступіў шляхетна, але не па-мужчынску.
– Вельмі прыгожы чын, – казаў князь, – але… не ў стылі Вакульскага. Ён здаваўся мне адным з тых людзей, якія ўяўляюць у грамадстве сілу, што творыць дабро і карае нягоднікаў. Абысціся з Марушэвічам так, як Вакульскі, мог кожны ксёндз… Баюся, гэты чалавек траціць сваю энергію.
Насамрэч Вакульскі не страціў энергіі, але шмат у чым змяніўся. Напрыклад, крамаю ён не займаўся, нават адчуваў агіду да яе, бо тытул галантарэйнага купца шкодзіў яму ў вачах панны Ізабэлы. Але ён пачаў больш займацца суполкаю гандлю з імперыяй, бо яна прыносіла вялікі даход, і гэтым павялічвала маёнтак, які ён збіраўся ахвяраваць панне Ізабэле.
З тае хвіліны, калі ён папрасіў рукі і атрымаў згоду, апанавала яго дзіўнае замілаванне і спагадлівасць. Яму здавалася, што ён не толькі не мог зрабіць нікому прыкрасці, але нават сам не мог бараніцца ад крыўдаў, калі яны не тычыліся, вядома, панны Ізабэлы.
Затое ён адчуваў неадольную патрэбу рабіць дабро іншым. Апроч запісу ў тастаменце на карысць Жэцкага, ён прызначыў Лісецкаму і Клейну, сваім былым крамнікам, па чатыры тысячы рублёў у якасці кампенсацыі за тую шкоду, якую зрабіў ім, прадаўшы краму Шлянгбаўму. Прызначыў ён таксама каля дванаццаці тысяч рублёў інкасатарам, кур’ерам, парабкам і фурманам.
Венгельку ён не толькі справіў гучнае вяселле, але да сумы, раней паабяцанай маладым, дадаў яшчэ некалькі сотняў рублёў. Дачку фурмана Высоцкага, якая гэтым часам якраз нарадзілася, ён трымаў да хросту, а калі ўвішны бацька даў дзіцяці імя Ізабэла, Вакульскі паклаў ёй пяцьсот рублёў на пасаг.
Імя гэта было яму вельмі дарагое. Не раз, калі сядзеў у адзіноце, ён браў паперу і аловак ды без канца пісаў: Ізабэла… Іза… Бэла… а потым спальваў паперчыну, каб імя каханае не трапіла ў чужыя рукі. Быў у яго намер купіць пад Варшаваю невялікі фальварак, пабудаваць там вілу і назваць Ізабэліным. Ён прыгадаў, як падчас яго вандровак па гарах Уралу адзін навуковец знайшоў новы мінерал і раіўся з ім, як яго назваць. І ён дакараў сябе, што, не ведаючы тады панны Ізабэлы, не дадумаўся, аднак, назваць яго ізабелітам. Нарэшце, калі ён прачытаў у газетах пра адкрыццё новае планетоіды, вынаходнік якое таксама меў клопат з назваю, вырашыў прызначыць вялікую ўзнагароду таму з астраномаў, хто адкрые новае нябеснае цела і назаве яго Ізабэла.
239