Выбрать главу

Неадольная прывязанасць да аднае кабеты не вызваляла, аднак, ад думак пра іншую. Часам ён прыгадваў пані Стаўскую. Ён ведаў, што яна гатовая была ахвяраваць дзеля яго ўсім, і чуў нешта падобнае да папрокаў сумлення.

“Ну што ж тут зробіш?.. – казаў ён сабе. – Хіба я вінаваты, што кахаю гэту, а тая… Няхай бы яна забылася на мяне і была шчаслівая”.

Так ці іначай, але ён пастанавіў забяспечыць яе будучыню і атрымаць звесткі пра яе мужа.

“Няхай хоць не мае клопату пра заўтрашні дзень… І пасаг хай будзе дзіцяці…”

Амаль кожны дзень ён бачыў панну Ізабэлу ў атачэнні моладзі ды людзей сталых. Але яго не ўражвалі больш ані заляцанні мужчын, ані яе позіркі ды ўсмешкі.

“Гэткая ў яе натура, – думаў ён. – Яна не ўмее ані ўсміхацца, ані глядзець іначай. Яна, як кветка або сонца, якое міжвольна робіць шчаслівымі ўсіх, усіх зачароўвае прыгажосцю”.

Аднойчы ён атрымаў тэлеграму з Заслаўка з выклікам на пахаванне старшынёвай.

– Памерла?.. – прашаптаў ён. – Як шкада гэтае шляхетнае кабеты!.. Чаму я не наведаў яе перад смерцю?..

Ён засмуціўся, спахмурнеў, але – не паехаў на пахаванне старой, што гэтак зычліва да яго паставілася. Не меў адвагі расстацца з паннай Ізабэлай нават на некалькі дзён…

Ён ужо разумеў, што не належыць сам сабе, што ўсе яго думкі, пачуцці і прагненні, усе яго памкненні і надзеі прыкаваныя да гэтае адзінае кабеты. Каб яна памерла, яму не спатрэбілася б забіваць сябе, яго душа сама адляцела б за ёю, як птушка, што на хвіліну прысела адпачыць на галіне. Зрэшты, ён нават не гаварыў ёй пра каханне, як не гавораць пра вагу цела ці пра тое паветра, якое напаўняе чалавека і акружае з усіх бакоў. Калі цягам дня здаралася яму падумаць не пра яе, а пра нешта іншае, ён скаланаўся ад здзіўлення, як чалавек, што цудам апынуўся ў незнаёмай мясцовасці.

Гэта было не каханне, а экстаз.

Аднойчы, ужо ў маі, паклікаў яго пан Ленцкі.

– Уяві сабе, – сказаў ён Вакульскаму, – мы мусім ехаць у Кракаў. Гартэнзія хворая, хоча бачыць Бэлу (здаецца, справа аб спадчыне), ну і, вядома, яна рада была б пазнаёміцца з табою… Можаш ехаць з намі?..

– У любы момант, – адказаў Вакульскі. – Дык калі?

– Мусілі ехаць сёння, але адкладзецца, пэўна, да заўтра.

Вакульскі абяцаў быць заўтра гатовы. Калі ён развітаўся з панам Тамашам і зайшоў да панны Ізабэлы, дык даведаўся ад яе, што ў Варшаве знаходзіцца Старскі…

– Бедны хлапчына! – смяялася яна. – Атрымаў ад старшынёвай толькі дзве тысячы рублёў у год і дзесяць тысяч з цёплае рукі. Я раю яму з карысцю ажаніцца, але ён лічыць лепшым ехаць у Вену, а адтуль, відаць, у Монтэ-Карла… Я прапанавала, каб ён ехаў з намі. Будзе весялей, праўда?..

– Вядома, – адказаў Вакульскі, – пагатоў мы возьмем асобны вагон.

– Дык да заўтра!

Вакульскі ўпарадкаваў самыя пільныя справы, замовіў на чыгунцы салон-вагон да Кракава, і каля восьмае, адправіўшы свае рэчы, быў у панства Ленцкіх. Яны ўтраіх выпілі гарбаты і а дзясятай гадзіне накіраваліся на чыгунку.

– Дзе ж пан Старскі? – спытаў Вакульскі.

– Ці я ведаю? – адказала панна Ізабэла. – Можа, ён зусім не паедзе, гэткі бесклапотны!

Яны ўжо сядзелі ў вагоне, але Старскага ўсё яшчэ не было. Панна Ізабэла кусала вусны, кожную хвіліну выглядала ў акно. Нарэшце, пасля другога званка пан Старскі паказаўся на пероне.

– Мы тут, тут!.. – загукала панна Ізабэла.

Але малады чалавек не пачуў яе, дык Вакульскі выбег і прывёў яго ў вагон.

– Я ўжо думала, што пан не прыйдзе, – сказала панна Ізабэла.

– Яшчэ крыху, і было б гэтак, – адказаў Старскі, вітаючыся з панам Тамашам. – Я быў у Кшэшоўскага і, можа сабе кузіна ўявіць, ад другое дня да дзявятае вечара мы гулялі…

– І, вядома, пан прайграў.

– Вядома… Шчасце ўцякае ад такіх, як я… – скончыў ён, пазіраючы на яе.

Панна Ізабэла злёгку пачырванела.

Цягнік рушыў. Старскі сеў злева ад панны Ізабэлы і пачаў гутарку з ёю напалову па-польску, напалову па-англійску, усё часцей збіваючыся на англійскую. Вакульскі сядзеў справа ад панны Ізабэлы, але, не жадаючы перашкаджаць размове, устаў і перасеў да пана Тамаша.

Пан Ленцкі, крыху хвараваты, апрануў хавялок[240], захутаўся ў плед ды яшчэ ўкрыў коўдраю ногі. Ён загадаў пазачыняць усе вокны ў вагоне, прыцямніць лямпы, якія яму рэзалі вочы, і збіраўся ўжо спаць, нават адчуваў, што яго морыць сон, але загаварыў з Вакульскім і доўга апавядаў яму пра сваю сястру Гартэнзію, якая была ў маладосці вельмі прывязаная да яго, пра Напалеона ІІІ, які з ім некалькі разоў загаварыў, пра далікатнасць і амурныя справы Віктара Імануэля ды пра мноства іншых рэчаў.