Выбрать главу

Зноў ён спатыкнуўся аб камень, і гэта дробязь абудзіла ў ім страшныя медытацыі.

Здавалася яму, што некалі, некалі ён сам быў каменем – халодным, сляпым, бяздушным.

І калі ён так ляжаў, высакамерны ў сваёй мёртвасці, у якую не здолелі ўдыхнуць жыццё найвялікшыя зямныя катаклізмы, у ім самім ці над ім азваўся голас, які задаў пытанне:

“Хочаш стаць чалавекам?”

“Што такое чалавек?..” – адказаў камень.

“Хочаш бачыць, чуць, адчуваць?..”

“Што такое адчуваць?..”

“Дык ці хочаш адчуць нешта зусім новае? Ці хочаш такое існаванне, якое ў адзін момант дае больш адчуванняў, чым зведалі ўсе камяні цягам мільёна стагоддзяў?”

“Я не разумею, – адказаў камень, – але магу быць чым заўгодна”.

“А калі, – пытаў звышнатуральны голас, – пасля гэтага новага быцця застанецца табе вечны жаль?..”

“Што такое жаль?.. Я магу быць чым заўгодна”.

“Дык няхай станецца чалавек,” – было сказана.

І стаўся чалавек. Жыў ён некалькі дзясяткаў гадоў і цягам іх меў столькі жаданняў ды столькі пакутаў, што мёртваму свету не зазнаць таго цэлую вечнасць. Пакуль гнаўся за адною мэтаю, знаходзіў тысячы іншых, а ўцякаючы ад аднае пакуты, трапляў у цэлае мора пакут, і столькі ён адчуў, столькі перадумаў, столькі набраўся несвядомае сілы, што ўрэшце абурыў усю прыроду.

“Досыць!.. – пачалі крычаць з усіх бакоў. – Досыць!.. Пусці і іншых на гэта відовішча…”

“Досыць!.. Досыць!.. Ужо досыць, – крычалі камяні, дрэвы, паветра, зямля і неба… – Саступі іншым!.. Няхай і яны спазнаюць гэтае новае быццё…”

Досыць!.. Дык ён зноў павінен зрабіцца нічым і якраз у той момант, калі гэтае вышэйшае быццё ва ўспамінах пакідае яму толькі роспач па тым, што страціў, ды скруху па тым, чаго не дасягнуў!

“Ах, хутчэй бы ўзышло сонца! – прашаптаў Вакульскі. – Вяртаюся ў Варшаву… займуся нейкай працай і скончу з гэтым глупствам, якое толькі псуе мне нервы… Яна хоча Старскага? Няхай мае Старскага!.. Я прайграў у каханні?.. Добра!.. Затое выйграў у іншым… Усяго мець немагчыма…”

Ужо пару хвілін ён адчуваў на вусах нейкую густую вільгаць.

“Кроў?” – падумаў ён.

Выцер вусны і пры святле запалкі ўбачыў на насоўцы пену.

“Шалею, ці што гэта за ліха?”

Потым удалечыні ён убачыў два агні, якія паволі набліжаліся ў яго бок. За імі ўзвышалася цёмная маса, над якою ўздымаўся густы сноп іскраў.

“Цягнік?..” – спытаў ён сам у сябе, і яму здалося, што гэта той самы цягнік, якім едзе панна Ізабэла. Зноў ён убачыў вагон, асветлены ліхтаром, прыкрытым кавалкам блакітнага камлоту[243], а ў кутку заўважыў панну Ізабэлу ў абдымках Старскага…

“Так кахаю… так кахаю… – прашаптаў ён. – І не магу забыць!..”

У гэты момант зазнаў ён пакуту, якой няма назвы ў чалавечай мове. Раздзіралі яго горкія думкі, збалелыя пачуцці, раздушаная воля і ўсё яго існаванне… І раптам ён адчуў нават не прагу, а голад і пажадлівасць да смерці.

Цягнік павольна набліжаўся. Вакульскі, сам не разумеючы, што ён робіць, упаў на рэйкі. Яго трэсла, зубы стукалі, ён схапіўся аберуч за шпалы, у роце было поўна пяску… На дарогу ўпаў свет ліхтара, рэйкі пачалі ціха дрыжаць пад лакаматывам…

“Божа, будзь літасцівы…” – прашаптаў ён і заплюшчыў вочы.

Раптам ён адчуў цяпло і рэзкі штуршок, які скінуў яго з рэек… Цягнік праляцеў за некалькі цаляў ад галавы, абдаючы яго параю ды гарачым попелам. На момант ён страціў прытомнасць, а калі ачуняў, убачыў нейкага чалавека, што сядзеў у яго на грудзях і трымаў за рукі.

– Што гэта вяльможны пан вырабляе?.. – казаў чалавек. – Нечуваныя рэчы… Гэта ж Бог…

Ён не скончыў. Вакульскі сапхнуў яго з сябе, схапіў за каўнер і паваліў на зямлю.

– Чаго ты хочаш ад мяне, ты, паганец?! – закрычаў ён.

– Пане, вяльможны пане… я ж Высоцкі…

– Высоцкі?.. Высоцкі?.. – паўтарыў Вакульскі. – Маніш, Высоцкі ў Варшаве…

– Але я брат яго, чыгуначнік. Пан сам мне тут з месцам дапамог яшчэ летась, пасля Вялікадня… І хіба мог я глядзець на гэткае гора?.. Зрэшты, пане, на чыгунцы нельга кідацца пад лакаматывы…

Вакульскі сцішыўся і пусціў яго.

“Усё супраць мяне, нават тое, што я зрабіў добрага,” – прашаптаў ён.

Ад моцнае стомленасці ён сеў на зямлю каля дзічкі, што расла тут і была не вышэй за дзіця. Тым часам усчаўся вецер і варушыў лісткамі на дрэве, ад шамацення якіх, невядома чаму, прыгадаліся Вакульскаму даўнія гады.

“Дзе маё шчасце?..” – падумаў ён.

У грудзях пачало сціскаць і хутка дайшло да горла. Ён хацеў уздыхнуць, але не мог, здавалася, што зараз задушыцца, і ён абняў рукамі дрэўца, якое ўсё шамацела.