Выбрать главу

“Паміраю!” – білася ў галаве думка.

Яму здавалася, што кроў залівае мазгі, грудзі разрываюцца. Ён курчыўся ад болю і раптам зайшоўся ад плачу.

“Божа міласэрны… Божа міласэрны…” – паўтараў ён праз рыданні.

Чыгуначнік апусціўся побач з ім і асцярожна падклаў яму пад галаву сваю руку.

– Плач, вяльможны пане!.. – казаў ён, нахіляючыся над ім. – Плач, вяльможны пане, і памінай імя Божае… Не дарэмна будзеш памінаць яго…

Хто аддаецца шчыра Пану Богу,

І верыць яму цалкам ўсю дарогу,

Той смела скажа: Бог мяне бароніць,

Душу маю трымае на далоні.

І Ён цябе ад злога выратуе[244].

Што, вяльможны пане, з таго дастатку, што з тых найвялікшых скарбаў!.. Усё чалавека падмане, адзін толькі Бог не падмане…

Вакульскі прытуліўся тварам да зямлі. Яму здавалася, што з кожнаю слязою выліваецца з ягонага сэрца боль, расчараванне і роспач. Думкі паціху даходзілі да ладу. Ён ужо разумеў, што робіць, і разумеў таксама, што ў горы, калі ўсё здрадзіла, засталіся яшчэ вернымі яму зямля, просты чалавек і Бог…

Паволі ён супакойваўся, рыданні ўжо менш раздзіралі яму грудзі, ён адчуў слабасць ва ўсім целе і моцна заснуў.

Быў ужо світанак, калі ён абудзіўся. Ён сеў, працёр вочы, убачыў каля сябе Высоцкага і ўсё ўспомніў.

– Доўга я спаў? – спытаў ён.

– Можа, з чвэрць гадзіны… можа, паўгадзіны, – адказаў чыгуначнік.

Вакульскі выняў пулярэс, дастаў некалькі сторублёвак і, падаючы іх Высоцкаму, сказаў:

– Бачыш… Быў я ўчора п’яны… Не кажы нічога і нікому, што тут са мною было. А вось, гэта… дзецям…

Чыгуначнік пацалаваў яму ў ногі.

– Я падумаў, – сказаў ён, – што ясны пан усё страціў, таму…

– Маеш рацыю! – задумліва адказаў Вакульскі. – Страціў усё… апроч грошай. Не забуду пра цябе, хоць… Лепш бы мне не жыць.

– Я таксама казаў сабе, што такі пан не шукаў бы бяды, нават каб і страціў усе грошы. Злосць людская да гэтага давяла… Але і ёй канец прыйдзе. Бог марудзіць, але ён справядлівы, пераканаецца пан…

Вакульскі ўстаў з зямлі і пайшоў у бок станцыі. Раптам ён вярнуўся да Высоцкага.

– Як будзеш у Варшаве, – сказаў ён, – зайдзі да мяне… Але ні слова пра тое, што тут сталася…

– Бог мне сведка, не скажу, – адказаў Высоцкі і зняў шапку.

– А другім разам… – дадаў Вакульскі і паклаў яму руку на плячо, – другім разам… каб спаткаў такога чалавека… разумееш?.. каб спаткаў яго, не ратуй… Як хоча хто добраахвотна стаць са сваёю крыўдаю перад Божым судом, не затрымлівай яго…

Не затрымлівай!..

XXXV. ДЗЁННІК СТАРОГА КРАМНІКА

Палітычная сітуацыя вымалёўваецца ўсё выразней. Маем ужо дзве кааліцыі. З аднаго боку – Расія і Турцыя, з другога – Германія, Аўстрыя і Англія. А калі так, значыць, у любы момант можа грымнуць вайна, у якой вырашацца вельмі і вельмі важныя пытанні.

Але ж ці будзе вайна? Бо нас звычайна цешаць пустыя надзеі. Дык вось, будзе! Гэтым разам абавязкова. Лісецкі казаў, што я кожны год прадказваю вайну і ніколі гэта не спраўдзілася. Даўбешка ён, мякка кажучы. У мінулыя гады было адно, а цяпер – зусім іншае.

Напрыклад, чытаю ў газетах, што Гарыбальдзі ў Італіі пачаў агітацыю супраць Аўстрыі. Чаму ж ён пачаў агітацыю?.. Бо спадзяецца на вялікую вайну. Мала таго, праз пару дзён чую, што генерал Тур усімі святымі заклінае Гарыбальдзі, каб той не ўцягваў італьянцаў у клопаты…

Што гэта значыць?.. А гэта, у перакладзе на чалавечую мову, значыць: “Сядзіце, італьянцы, ціха, бо і так Аўстрыя аддасць вам Трыест, калі выйграе. А калі па вашай віне прайграе, дык не атрымаеце нічога…”

Гэта важныя весткі, і агітацыя Джузэпэ Гарыбальдзі, і супакойванні Тура. Джузэпэ агітуе, бо бачыць, што вайна на носе, а Тур супакойвае, бо глядзіць далей.

Калі ж грымне вайна? У канцы чэрвеня або ў ліпені?.. Гэтак бы думаў недасведчаны палітык, але не я. Бо немцы не пачнуць вайну, пакуль не прымуць меры бяспекі адносна Францыі.

А якія ж яны прымуць меры?.. Шпрот кажа, што няма рады, але я бачу, што ёсць спосаб, і вельмі просты. О, Бісмарк – птушка высокага палёту, я пачынаю ў гэтым пераконвацца!..

Бо навошта было немцам і Аўстрыі ўцягваць у свой саюз Англію? Вядома, каб мець прыпарку на Францыю і ўгаварыць яе на аб’яднанне з імі. Зробіцца гэта наступным чынам.

У англійскім войску служыць малады Напалеонак – Люлю, і б’ецца з зулусамі ў Афрыцы, як яго дзед, Напалеон Вялікі. А калі англічане скончаць вайну, яны дадуць Напалеонку генеральскі чын і скажуць французам: “Даражэнькія! Вось, маеце Банапарта, які ваяваў у Афрыцы і праславіўся, як ягоны дзед. Дык зрабіце яго вашым імператарам, як дзеда, а мы вам за гэта дыпламатычна вытаргуем у немцаў Эльзас і Латарынгію. Заплаціце ім некалькі мільярдаў, ну але гэта лепш, чым весці новую вайну, якая будзе каштаваць мільярдаў дзесяць і невядома яшчэ чым скончыцца для вас…”