Панна Фларэнтына глядзіць на яе з захапленнем:
– Праўду кажучы, Бэла, – ты перабольшваеш. Пры тваёй энергіі ды геніяльнай прадбачлівасці...
– Ты не ведаеш гэтых людзей, а я бачыла іх падчас працы. У іхніх руках сталёвыя рэйкі гнуцца, як дубцы. Гэта страшныя людзі. Яны здольныя дзеля сваіх мэтаў прывесці ў рух усе зямныя сілы, пра якія мы нават не ведаем. Яны здольныя ламаць, завабліваць у пастку, поўзаць, рызыкаваць усім і нават – цярпліва чакаць...
– Ты кажаш гэтак, бо начыталася раманаў.
– Я кажу паводле сваіх адчуванняў, якія папярэджваюць… крычаць, што гэты чалавек дзеля таго ездзіў на вайну, каб дамагчыся мяне. І ледзьве ён вярнуўся, як асачыў мяне з усіх бакоў... Але няхай сцеражэцца! Ён жадае мяне купіць? Добра, няхай купляе!.. Ён пераканаецца, што я вельмі дорага каштую… Ён жадае злавіць мяне ў сіло?.. Хай расстаўляе яго… але я выслізну, нават у абдымкі маршалка... Божа мой! Я нават не здагадвалася, якая глыбокая прорва, у якую мы падаем, пакуль не ўбачыла гэткае дно. З салонаў Квірыналу[69] – у галантарэйную краму... Гэта нават не падзенне, гэта – ганьба.
Яна села ў шэзлонг, закрыла твар рукамі і заплакала.
VII. ГОЛУБ ВЫХОДЗІЦЬ НА СПАТКАННЕ З ВУЖОМ
Сервіз і срэбра сямейства Ленцкіх прадалі, і нават ювелір прынёс ужо пану Тамашу грошы, за вылічкай амаль ста пяцідзесяці рублёў камісійных і за пасярэдніцтва. Нягледзячы на гэта, графіня Яанна не перастала любіць панну Ізабэлу, наадварот, энергія і самаахвярнасць тае пры продажы каштоўнасцяў абудзілі ў сэрцы старое дамы новую хвалю сваяцкіх пачуццяў. Яна не толькі ўгаварыла панну Ізабэлу прыняць у падарунак прыгожы ўбор, не толькі штодня наведвала яе або запрашала да сабе, але нават (што было знакам нечуванае ласкі!) дала ёй свой экіпаж на ўсю Вялікую Сераду.
– Праедзься, анёлку, па горадзе, – казала графіня, цалуючы пляменніцу, – і купі, што табе трэба з дробязяў. Толькі глядзі, каб падчас квесты была прыгожаю... такою прыгожаю, як толькі адна ты можаш... прашу цябе.
Панна Ізабэла нічога не адказала, але яе позірк і тое, як яна паружавела, дазвалялі здагадацца, што яна ўсёю душою згодная выканаць жаданне цёткі.
У Вялікую Сераду роўна аб адзінаццатай гадзіне раніцы панна Ізабэла ўжо сядзела ў адкрытым экіпажы побач з неразлучнай сваёй спадарожніцай – паннай Фларэнтынай. У Алеях веяла веснавым ветрыкам, які разносіў той адмысловы свежы водар, што звястуе распусканне пупышак на дрэвах і з’яўленне пралесак. Бурыя траўнікі злёгку зазелянелі, а сонца так грэла, што пані раскрылі парасоны.
– Цудоўны дзень, – уздыхнула панна Ізабэла, гледзячы на неба з белымі сям-там аблачынкамі.
– Куды ясная паненка загадае ехаць? – спытаў лёкай, зачыняючы дзверкі каляскі.
– У краму Вакульскага, – з нервовай паспешлівасцю адказала панна Ізабэла.
Лёкай ускочыў на козлы, і сытыя гнядыя коні рушылі велічнай рыссю, пырхаючы і ўскідваючы галовамі.
– Чаму да Вакульскага, Бэла? – спытала крыху здзіўленая панна Фларэнтына.
– Хачу купіць сабе парыжскія пальчаткі, пару флаконаў парфумы...
– Гэта можна знайсці і ў іншым месцы.
– Хачу туды, – суха адказала ёй панна Ізабэла.
У апошнія дні яе мучыў дзіўны непакой, які аднойчы ўжо яна зазнала ў жыцці. Колісь за мяжою, у заалагічным садзе яна ўбачыла ў адной з клетак вялізнага тыгра, той спаў каля самых кратаў, і частка галавы ды адно вуха вытыркалася вонкі.
Убачыўшы гэта, панна Ізабэла адчула непераадольнае жаданне схапіць тыгра за вуха. Ад смуроду з клеткі ёй рабілася моташна, магутныя лапы звера выклікалі ў яе невымоўны жах, але яна адчувала, што павінна хоць дакрануцца да тыгрынага вуха.
Гэтая дзіўная спакуса ёй самой здалася небяспечнаю і нават недарэчнаю. Яна перамагла сябе і пайшла далей, аднак праз некалькі хвілін вярнулася. Ізноў адышла. Агледзела суседнія клеткі і пастаралася думаць пра нешта іншае. Дарэмна. Вярнулася назад. Хоць тыгр ужо не спаў ды вуркатаў, аблізваючы свае страшныя лапы, панна Ізабэла падбегла да клеткі, прасунула руку – а сама спалатнела, затрэслася – і дакранулася да яго вуха.
Праз момант яна засаромелася сваёй неразважлівасці, але разам з тым адчула і вострае задавальненне, знаёмае людзям, што ў важнай справе прыслухаюцца да голасу інстынкту.
69