Выбрать главу

Ён абняў Вакульскага і пайшоў, насвістваючы арыю “Рахіль, паводле Боскай волі дадзена ты мне…”[249]

“Відавочна, – думаў Вакульскі, – рыхтуецца бойка паміж жыдамі прагрэсіўнымі і цемрашаламі за нашу скуру, і ад мяне чакаюць, што я стану на адзін з бакоў… Цудоўная роля!.. Ах, мне млосна ад гэтага…”

Ён прыдрамаў і зноў убачыў патрэсканы мур дома Гейста і бясконцую колькасць прыступак, наверсе якіх сядзела бронзавая багіня, з галавою ў хмарах і загадкавым надпісам у нагах: “Нязменная і чыстая…”

У той момант, калі ён глядзеў на фалды яе сукенкі, хацелася яму смяяцца і з панны Ізабэлы, і з яе спрытнага каханка, і з уласных пакутаў.

“Ці магчыма?.. ці магчыма?.. – шаптаў ён. – Каб я…”

Але статуя знікла, а боль вярнуўся і запанаваў у яго сэрцы, як гаспадар, якому ніхто не страшны.

Праз некалькі дзён пасля візіту Шумана з’явіўся ў Вакульскага Жэцкі.

Быў ён высахлы, абапіраўся на кіёк і так стаміўся, пакуль падняўся на другі паверх, што ўпаў задыханы на крэсла і не мог размаўляць.

Вакульскі спалохаўся.

– Што з табою, Ігнацы?

– Ат, нічога!.. Трохі старасць, трохі… Ат, нічога!..

– Але ж трэба лячыцца, дарагі мой. Паедзь куды…

– Скажу табе, я ўжо і спрабаваў быў паехаць… Нават на чыгунцы ўжо быў. Але ахапіла мяне гэткая туга па Варшаве і… па нашай краме, – дадаў ён цішэй, – што… Ат!… Чаго там!.. Перапрашаю, што прыйшоў сюды…

– І табе перапрашаць мяне, стары! Я думаў, што ты гневаешся на мяне.

– Я – на цябе?.. – перапытаў Жэцкі і аддана зірнуў на яго. – Я – на цябе?.. Але вось што!.. Прывялі мяне сюды справы і вялікі клопат…

– Клопат?

– Уяві сабе, Клейн арыштаваны…

Вакульскі аж адсунуўся разам з крэслам.

– Клейн і тыя два, памятаеш?.. Той Малескі і Паткевіч…

– За што?

– Яны жылі ў доме баранесы Кшэшоўскае, ну і крыху дапякалі, праўду кажучы, таму… таму Марушэвічу… Ён ім пагражаў, а тыя яшчэ мудрэй… Нарэшце, паляцеў ён са скаргаю ў паліцыю… Прыйшла паліцыя, падняўся там нейкі вэрхал, і ўсіх траіх арыштавалі.

– Дзеці… дзеці!.. – прашаптаў Вакульскі.

– І я тое кажу, – працягваў Жэцкі. – Вядома, нічога ім не будзе, але паганая гісторыя. Той асёл Марушэвіч сам спалохаўся… Прыбег да мяне, кляўся, што не вінаваты… Я не мог стрываць, дык сказаў яму: “Што пан не вінаваты, я веру, але ж і тое праўда, што ў наш час пан Бог апякуецца махлярамі… Бо, па справядлівасці, гэта пан павінны сядзець сёння за кратамі за падробку подпісаў, а не тыя легкадумныя…” Аж ён заплакаў. Прысягаў, што стане ўжо на добры шлях, а калі да гэтага часу яшчэ не стаў, дык толькі па тваёй віне.

“Я быў поўны самых высакародных памкненняў, – кажа, – але пан Вакульскі замест таго, каб падаць мне руку, замест таго, каб падтрымаць у добрых намерах, праігнараваў мяне…”

– Шчырая душа! – зарагатаў Вакульскі. – Што ж яшчэ?

– У горадзе кажуць, – працягваў Жэцкі, – ты выходзіш з суполкі…

– Так…

– І што аддаеш яе жыдам…

– Ну, але мае супольнікі не стары гардэроб, каб я мог іх некаму аддаваць, – зазлаваў Вакульскі. – Яны маюць грошы, маюць галовы на карках… Няхай шукаюць людзей і даюць сабе рады.

– Каго яны знойдуць! А каб і знайшлі, каму яны даверацца, як не жыдам!.. А жыды сур’ёзна зацікавіліся гэтаю справаю. Няма дня, каб не наведаў мяне Шуман або Шлянгбаўм, і кожны падгаворвае, каб я ўзяўся кіраваць суполкаю пасля цябе…

– Ты і кіруеш ёю цяпер.

Жэцкі махнуў рукою.

– Дзякуючы тваімі ідэям ды грашам, – адказаў ён. – Але няважна… Як я бачу, Шуман належыць да аднае партыі, а Шлянгбаўм – да другое, і яны шукаюць падстаўных асоб… Перада мною яны адзін аднаго брудам паліваюць, але ўчора я пачуў, што абедзве партыі хутка паразумеюцца.

– Мудрыя! – ціха прамовіў Вакульскі.

– Але знелюбіў я іх, – адказаў Жэцкі. – Я ж стары купец і скажу табе: усё ў іх трымаецца на ляманце, на шахер-махеры ды на тандэце.

– Не надта сварыся, – заўважыў Вакульскі, – бо гэта ж мы іх выгадавалі…

– Не мы!.. – загневаўся Жэцкі. – Яны паўсюдна такія… Дзе я іх ні спатыкаў – у Пешце, у Канстанцінопалі, у Парыжы і ў Лондане – вакол бачыў адзін прынцып: даць як мага менш, а ўзяць як мага больш, як з матэрыяльнага, гэтак і з маральнага боку… Паказуха… адна паказуха!..