Сёння ў ёй абудзілася падобнае жаданне.
Яна пагарджала Вакульскім, сэрца яе млела ад падазрэння, што гэты чалавек мог заплаціць за яе сервіз даражэй, чым той быў варты, але яна ўсё ж адчувала непераадольнае жаданне ўвайсці ў краму, зірнуць Вакульскаму ў вочы і заплаціць яму за нейкія дробныя рэчы менавіта тымі грашыма, якія яна атрымала ад яго. Страх ахопліваў яе ад думкі пра сустрэчу з ім, але невытлумачальнае прадчуванне штурхала наперад.
На Кракаўскім прадмесці яна яшчэ здалёк убачыла шыльду: “Я. Мінцаль і С. Вакульскі”, а ў будынку побач – новую, яшчэ недафарбаваную краму на пяць вокнаў з люстранымі шыбамі[70]. Каля яе завіхаліся майстры і работнікі: адны знутры праціралі шыбы, іншыя фарбавалі і пакрывалі пазалотаю дзверы ды карнізы, астатнія прыладжвалі да вітрын вялікія медныя бар’еры.
– Што за крама тут будуецца? – спытала яна ў панны Фларэнтыны.
– Хіба, для Вакульскага. Я чула, што ён перабіраецца ў большае памяшканне.
“Для мяне гэтая крама!” – падумала панна Ізабэла і скамячыла ў руках пальчаткі.
Экіпаж спыніўся, лёкай саскочыў з козлаў і дапамог паням выйсці. Але, калі ён разнасцежыў дзверы ў краму Вакульскага, панна Ізабэла раптам адчула такую слабасць, што ў яе ногі падкасіліся. Было імгненне, калі яна нават хацела вярнуцца ў экіпаж ды ўцякаць адсюль, аднак авалодала сабою і з высока ўзнятай галавою ўвайшла.
Пан Жэцкі стаяў ужо пасярод крамы і, паціраючы рукі, нізка ёй кланяўся. У глыбіні пан Лісецкі, пагладжваючы сваю выпешчаную бародку, мяккімі і поўнымі годнасці рухамі паказваў бронзавыя кандэлябры нейкай даме, якая сядзела на крэсле, кволы Клейн выбіраў кіёк панічу, які пры з’яўленні панны Ізабэлы спрытна ўзброіўся ў пенснэ, а Мрачэўскі, выпраменьваючы пах геліятропу, спапяляў позіркамі і раніў штылетамі сваіх вусікаў двух чырванашчокіх паненак, якія суправаджалі даму і разглядалі аксесуары для туалетнага століка.
Справа ад дзвярэй, пры канторцы, схіліўшыся над рахункамі, сядзеў Вакульскі.
Калі панна Ізабэла ўвайшла, паніч, што выбіраў кіёк, паправіў на шыі каўнерык, паненкі пераглянуліся, пан Лісецкі на паўслове спыніў свой ветлівы аповед пра стылі кандэлябраў, не змяняючы, аднак, ветлівае паставы, а дама, што слухала яго лекцыю, цяжка павярнулася на крэсле. На момант у краме запанавала ціша, якую сваім пявучым кантральта парушыла панна Ізабэла.
– Ці знойдзем мы тут пана Мрачэўскага?..
– Пане Мрачэўскі!.. – паклікаў пан Ігнацы.
Мрачэўскі ўжо стаяў побач з паннай Ізабэлай, зачырванелы, як вішня, пахкі, як кадзіла, са схіленым чалом, як ніклая трысцінка.
– Мы прыехалі, каб купіць у пана пальчаткі.
– Нумарок пяць з паловаю, – абвясціў Мрачэўскі, ужо трымаючы скрыначку, якая злёгку дрыжэла ў яго руках пад уплывам позірку панны Ізабэлы.
– А вось і не… – засмяялася панна. – Пяць і тры чвэрці... Пан ужо забыўся!..
– Пані, ёсць рэчы, якія ніколі не забывацца. Аднак, калі пані загадае падаць пяць і тры чвэрці, – рады служыць – з надзеяй, што хутка пані зноў зробіць нам гонар сваім наведваннем. Бо пальчаткі пяць і тры чвэрці, – дадаў ён і ціха ўздыхнуў, падсоўваючы да яе іншыя скрыначкі, – безумоўна, спаўзуць з ручак…
– Геній! – шапнуў пан Ігнацы, падміргваючы Лісецкаму, які пагардліва паварушыў вуснамі.
Дама, што сядзела на крэсле, зноў павярнулася да кандэлябраў, дзве паненкі – да туалетнага століка з аліўкавага дрэва, паніч у пенснэ зноў пачаў выбіраць кіёк – і ў краме ўсё пайшло сваім парадкам. Толькі ўзрушаны Мрачэўскі лётаў угору ды ўніз па драбінцы, высоўваў шуфляды, выцягваў усё новыя і новыя скрыначкі і пераконваў панну Ізабэлу па-польску і па-французску, што ёй ніяк нельга насіць іншых пальчатак, апрача нумара пяць з паловаю, ані ўжываць іншае парфумы, апрача сапраўднага Аткінсана, ані ўпрыгожваць свой столік нейкімі іншымі дробязямі, апрача парыжскіх.
Вакульскі гэтак схіліўся над канторкаю, што на ілбу ў яго набрынялі жылы, і працягваў лічыць:
“29 ды 36 – гэта 65, ды 15 – будзе 80, ды 73 – будзе... будзе...”
Тут ён перапыніў падлікі і спадылба зірнуў у бок панны Ізабэлы, якая размаўляла з Мрачэўскім. Абое стаялі да яго бокам, і ён убачыў, што крамнік не зводзіць палымяных вачэй з панны Ізабэлы, на што яна адказвае непрыхаванаю ўсмешкаю і позіркам ласкавага заахвочвання.
“29 ды 36 – гэта 65, ды 15...” – лічыў Вакульскі, але раптам пяро ў яго пальцах з трэскам зламалася. Не падымаючы галавы, ён дастаў з шуфляды новае, і ў гэты ж момант невядома якім чынам з падлікаў вынікла пытанне: “І мне яе кахаць? Недарэчасць! Цэлы год я пакутаваў на нейкую хваробу мазгоў, а здавалася мне, што закахаўся... 29 ды 36... 29 ды 36... Ніколі б не падумаў, што яна можа быць мне аж так нецікавая... Як яна глядзіць на гэтага асла… Ну несумненна, калі гэтая асоба какетнічае нават з крамнікамі, дык ці не робіць яна таго ж з лёкаямі ды фурманамі!.. Упершыню я адчуваю спакой... О, Божа! А я ж так прагнуў яго...”
70