– Я ведаю, – адказаў Вакульскі.
– Ну і паспрабуй ты з гэткімі людзьмі працаваць дзеля навукі. Здохнеш з голаду або станеш ідыётам!.. Затое як будзеш умець танцаваць, іграць на нейкім інструменце, выступаць у аматарскім тэатры, а лепш за ўсё – забаўляць дам, дык зробіш кар’еру. Адразу абвесцяць знакамітасцю і зоймеш пасаду, дзе даходы ў дзесяць разоў перавышаюць вартасць самае працы. Раўты і дамы, дамы і раўты!.. А паколькі я не лёкай, каб на раўтах прападаць, а карысць ад дам бачу толькі ў тым, што яны здольныя нараджаць дзяцей, дык уцякаю адгэтуль, хоць у Цюрых.
– А да Гейста не паехаў бы пан? – спытаў Вакульскі.
Ахоцкі задумаўся.
– Там трэба сотні тысяч рублёў, якіх я не маю, – адказаў ён. – Зрэшты, хоць бы і меў, мусіў бы спачатку пераканацца, што гэта такое насамрэч… Бо змяншэнне ўдзельнае вагі падобна да казкі.
– Але ж я паказваў пану бляшку, – сказаў Вакульскі.
– А, праўда… Няхай пан яшчэ раз пакажа!.. – выгукнуў Ахоцкі.
У Вакульскага на твары выступілі чырвоныя плямы і хутка зніклі.
– Я ўжо не маю яе! – прыглушана адказаў ён.
– Што ж з ёю сталася? – здзівіўся Ахоцкі.
– Няважна!.. Скажам, упала недзе ў канаву… Але ці паехаў бы пан да Гейста, маючы грошы?..
– Хіба, паехаў бы. Але ў першую чаргу, каб спраўдзіць факты. Бо тое, што я ведаю пра хімічныя элементы, няхай мне пан прабачыць, не адпавядае тэорыі зменнасці ўдзельнае вагі па-за пэўнымі межамі.
Яны замаўчалі, і неўзабаве Ахоцкі пакінуў Вакульскага. Візіт Ахоцкага скіраваў думкі Вакульскага ў іншым напрамку.
Ён адчуў нават не жаданне, а прагу прыгадаць хімічныя доследы і ў той жа дзень пабег у горад, каб купіць рэторты, трубкі, прабіркі, а таксама разнастайныя прэпараты.
Засяроджаны на гэтай ідэі, ён смела выйшаў на вуліцу, нават сеў у брычку. На людзей ён глядзеў абыякава і не адчуваў прыкрасці, калі заўважаў, як адны з цікавасцю пазіраюць на яго, іншыя не пазнаюць, а нехта нават зласліва пасміхаецца.
Але ўжо ў краме шкляных вырабаў, а яшчэ больш на аптэчным складзе ён задумаўся пра тое, у якой ступені ён страціў не толькі сілу волі, але звычайную самастойнасць, калі размова з Ахоцкім навяла яго на думкі пра хімію, якою ён не займаўся ўжо столькі гадоў!..
“Усё адно, – прамармытаў ён, – абы занятак”.
Назаўтра ён купіў дакладныя вагі і некалькі больш складаных прыладаў ды ўзяўся за працу, як вучань-пачатковец.
Спачатку ён атрымаў вадарод, што нагадала яму студэнцкія часы, калі вадарод выраблялі ў пляшках, абгорнутых ручнікамі, выкарыстоўваючы слоікі ад гуталіну. Які гэта быў шчаслівы час!.. Потым прыгадаліся яму балоны ўласнае канструкцыі, а потым Гейст, які даводзіў, што хімія вадародных злучэнняў зменіць гісторыю чалавецтва…
“Ну а каб гадоў гэтак за пару натрапіў я на гэты метал, які шукае Гейст? – спытаў ён сам сябе. – Гейст сцвярджае, што адкрыццё магчыма пры выпрабаванні некалькіх тысяч камбінацый, дык гэта латарэя, а мне шанцуе… А каб я адкрыў гэтакі метал, што б тады сказала панна Ізабэла?..”
Гнеў закіпеў у ім ад гэтага ўспаміну.
– Ах, – прашаптаў ён, – хацеў бы я стаць праслаўленым і магутным, каб даказаць, як я пагарджаю ёю…
Але ён абдумаўся – пагарда не выяўляецца ні праз гнеў, ні праз жаданне прынізіць некага – і зноў узяўся за працу.
Элементарныя доследы з вадародам былі яму найбольш прыемныя, і ён паўтараў іх часцей за іншыя.
Аднойчы ён зрабіў сабе гармонік фізічны[251] і гэтак гучна на ім граў, што назаўтра наведаўся да яго гаспадар дому, пытаючыся з усёю ветлівасцю, ці не згадзіўся б ён вызваліць кватэру па заканчэнні квартала.
– А пан мае ўжо нейкага кандыдата? – спытаў Вакульскі.
– Гэта значыць… так… нібы… амаль маю, – адказаў заклапочаны гаспадар.
– У такім разе вызвалю.
Гаспадар крыху здзівіўся згодлівасці Вакульскага, але развітаўся з ім вельмі задаволены. Вакульскага разабраў смех:
“Вядома, ён палічыў мяне вар’ятам або банкрутам… Тым лепш!.. Бо, праўду кажучы, я цудоўна магу жыць і ў двух пакоях замест васьмі.”
Потым, момантамі, невядома чаму ён шкадаваў, што паспяшаўся адмовіцца ад кватэры.
“Барон, – казаў ён сабе, – разводзіцца з жонкаю, якая звязалася з іншым. Венгелек знелюбіў сваю толькі таму, што на ўласныя вочы пабачыў аднаго з яе залётнікаў… А што ж я мушу зрабіць?..”
І зноў ён вяртаўся да доследаў, задаволена заўважаючы, што не зусім страціў умельства ў гэтай справе.
Гэта цалкам паглынала яго ўвагу. Часам па некалькі гадзін запар ён не ўспамінаў панну Ізабэлу і тады адчуваў, як яго спакутаваная свядомасць сапраўды адпачывае. Ён нават амаль перастаў баяцца людзей ды вулічнага шуму і пачаў часцей выходзіць у горад.
251