З тае пары час дзяліўся для яго на дзве фазы. Калі ён глядзеў на панну Ізабэлу, адчуваў сябе абсалютна спакойным і нейкім большым, а калі не бачыў – думаў пра яе і маркоціўся. Іншы раз яму здавалася, што ў ягоных пачуццях хаваецца нейкая памылка, і што панна Ізабэла ніякі не цэнтр яго душы, а звычайная і, магчыма, нават вельмі пасрэдная панна на выданні. І тады ў галаву яму прыходзіў дзіўны план:
“Пазнаёмлюся з ёю і спытаю наўпрост: ці ты ёсць тым, чаго я ўсё жыццё чакаў? Калі ты гэтым не ёсць, я адыду без крыўды і расчаравання”.
А праз момант ён разумеў, што гэты план выкрывае яго разумовае адхіленне. Дык пытанне, чым яна ёсць, а чым не ёсць, ён вырашыў не высвятляць, але пастанавіў – няхай будзе, што будзе – пазнаёміцца з паннай Ізабэлай.
І тады ён пераканаўся, што сярод ягоных знаёмых няма чалавека, які мог бы ўвесці яго ў дом Ленцкіх. Горш за тое – пан і панна Ленцкія былі кліентамі яго крамы, а такія ўзаемадачыненні не толькі не рабілі больш лёгкім, а наадварот, нават ускладнялі знаёмства.
Паступова ён сфармуляваў сабе ўмовы, неабходныя для знаёмства з паннай Ізабэлай. Каб можна было ўсяго толькі шчыра з ёю паразмаўляць і не больш, належала:
Не быць купцом альбо быць вельмі багатым купцом.
Быць перадусім шляхціцам і мець сувязі ў арыстакратычным асяроддзі.
А галоўнае – мець шмат грошай.
Давесці шляхецкае паходжанне было няцяжка.
Летась у маі Вакульскі ўзяўся за гэту справу, якую ад’езд у Балгарыю прыспешыў настолькі, што ўжо ў снежні ён атрымаў дыплом. З маёнткам было значна цяжэй, але тут паспрыяў яму лёс.
Напачатку расійска-турэцкае вайны праз Варшаву праязджаў багаты маскоўскі купец Сузін, яго прыяцель яшчэ з Сібіры. Ён прыйшоў да Вакульскага і гвалтам цягнуў яго узяць удзел у вайсковых пастаўках.
– Збяры грошы, Станіслаў Пятровіч, колькі зможаш, – казаў ён, – і, даю слова, заробіш кругленькі мільён!..
І потым паўшэптам ён выклаў яму свае планы.
Вакульскі выслухаў усе праекты. Удзельнічаць у адных адмовіўся, іншыя прыняў, але вагаўся. Шкада яму было пакідаць горад, дзе ён, прынамсі, мог бачыць панну Ізабэлу. Але калі ў чэрвені яна паехала да цёткі, а Сузін стаў прыспешваць тэлеграмамі, Вакульскі наважыўся і забраў усю гатоўку, што пакінула яму ў спадчыну жонка, – тыя недатыкальныя трыццаць тысяч срэбраных рублёў, якія нябожчыца трымала ў банку.
За некалькі дзён да ад’езду ён завітаў да знаёмага доктара Шумана, з якім, нягледзячы на ўзаемную прыхільнасць, бачыўся даволі рэдка. Доктар – жыд, стары кавалер, жоўты, малы, з чорнаю барадою – меў рэпутацыю дзівака. У яго ставала грошай, дык лячыў ён задарма і не больш, чым яму было патрэбна для этнаграфічных даследаванняў, а сябрам сваім ён раз і назаўжды даў адну параду:
“Ужывай усе сродкі – ад мінімальнае дозы алею да максімальнае дозы стрыхніну, і нешта з гэтага табе дапаможа, нават ад сапы[80]”.
Калі Вакульскі пазваніў у дзверы кватэры, дзе жыў доктар, той якраз быў заняты сартаваннем валасоў прадстаўнікоў розных расаў – славянскае, германскае ды семіцкае – і з дапамогаю мікраскопа вымяраў розніцу ў дыяметры іх папярочных разрэзаў.
– А, прыйшоў?.. – сказаў ён, павярнуўшы галаву да Вакульскага. – Наладуй, калі хочаш, сабе люльку, ды кладзіся на канапу, як змесцішся.
Госць закурыў і лёг, як яму было загадана, а доктар працягваў займацца сваёю справай. Нейкі час абодва маўчалі, нарэшце азваўся Вакульскі:
– Скажы мне: ці вядомы медыцыне такі стан розуму, калі чалавеку здаецца, быццам яго перш разрозненыя веды і... пачуцці зліліся нібы ў адно цэлае?
– Так. Пры сталай разумовай працы і добрым харчаванні ў мозгу могуць утварыцца новыя клеткі або злучыцца паміж сабою старыя. Ну і тады з розных аддзелаў мозгу і з асобных галін ведаў ствараецца адзінае цэлае.
– А што азначае такі стан розуму, пры якім чалавек робіцца абыякавым да смерці, затое пачынае згадваць легенды пра вечнае жыццё?..
– Абыякавасць да смерці, – адказаў доктар, – характэрная рыса сталага розуму, а цяга да вечнага жыцця – гэта прадвеснік старасці.
Яны ізноў замаўчалі. Госць курыў, гаспадар завіхаўся ля мікраскопа.
– Як ты думаеш, – спытаў Вакульскі, – ці можна... кахаць жанчыну ідэальна, не жадаючы яе?
– Вядома. Гэта адна з масак, якою нярэдка прыкрываецца інстынкт працягу роду.
80