Выбрать главу

– Інстынкт, род, інстынкт працягу чагосьці і працяг роду!.. – паўтарыў Вакульскі. – Тры азначэнні і чатыры глупствы.

– Зрабі шостае, – адказаў доктар, не адрываючы вока ад акуляра, – і ажаніся.

– Шостае... – паўтарыў Вакульскі, прыўздымаючыся на канапе. – А дзе ж пятае?

– Пятае ты ўжо зрабіў: закахаўся.

– Я?.. У мае гады?..

– Сорак пяць гадоў – час апошняга кахання, самага небяспечнага, – адказаў доктар.

– Знаўцы кажуць, што першае каханне самае небяспечнае, – ціха прамовіў Вакульскі.

– Няпраўда. Пасля першага нас чакае сто іншых, а пасля сто першага – ужо нічога. Ажаніся – гэта паратунак ад твае хваробы.

– Чаму ж ты не ажаніўся?

– Бо мая нявеста памерла, – сказаў доктар і адкінуўся на спінку фатэля, гледзячы ў столь. – Дык я зрабіў, што мог: атруціўся хлараформам. Гэта было ў правінцыі. Але Бог паслаў добрага калегу, які зламаў дзверы і выратаваў мяне. Самы паганы від міласэрнасці!.. Я заплаціў за рамонт дзвярэй, а калега перавабіў да сабе маіх пацыентаў, бо абвясціў мяне вар’ятам…

Ён ізноў заняўся мікраскопам і валасамі.

– А якая ж з гэтага мараль адносна апошняга кахання? – спытаў Вакульскі.

– Тая, што самазабойцам не трэба перашкаджаць, – адказаў доктар.

Вакульскі паляжаў яшчэ з чвэрць гадзіны, потым устаў, паставіў люльку ў кут і, нахіліўшыся да доктара, пацалаваў яго.

– Будзь здаровы, Міхале.

Доктар ускочыў.

– Што?..

– Я з’язджаю ў Балгарыю.

– Навошта?

– Займуся вайсковымі пастаўкамі. Мушу зарабіць вялікія грошы!.. – адказаў Вакульскі.

– Альбо?..

– Альбо… не вярнуся.

Доктар паглядзеў яму ў вочы і моцна паціснуў руку.

Sit tibi terra levis[81], – спакойна прамовіў ён, правёў госця да дзвярэй і зноў узяўся за сваю працу.

Вакульскі ўжо быў на сходах, як раптам доктар выскачыў следам за ім і закрычаў, перахіляючыся праз парэнчы:

– Калі б ты, аднак, вярнуўся, дык не забудзься прывезці мне валасоў: балгарскіх, турэцкіх і гэтак далей, абодвух полаў. Толькі помні: у асобных пакуначках, з надпісамі. Ведаеш, зрэшты, як гэта робіцца...

...Вакульскі апрытомнеў, гэта былі даўнія ўспаміны.

Няма ані доктара, ані ягонай кватэры, ён нават не бачыў яго ўжо дзесяць месяцаў. Перад ім гразкая вуліца Радна, далей – Браварна. Угары за голымі дрэвамі відаць жоўтыя гмахі ўніверсітэта, а ўнізе – малыя хаціны, пусткі ды парканы, а яшчэ ніжэй – Вісла.

Каля яго спыніўся нейкі чалавек, зарослы рудаватым шчаціннем і ў палінялай капоце. Ён зняў шапку і пацалаваў Вакульскаму ў руку. Той уважліва прыгледзеўся.

– Высоцкі?.. – спытаў ён. – Што ты тут робіш?

– Мы жывем тут, вяльможны пане, вунь у той хаце, – адказаў чалавек, паказваючы на нізкую халупу.

– Чаму ты не прыязджаеш па грузы? – спытаў Вакульскі.

– На чым я прыеду, пане, калі яшчэ пад Новы год конь у мяне здох?

– Што ж ты робіш?

– А так вось, нічога ўвогуле. Перазімавалі мы ў брата, які служыць абходчыкам чыгункі, на Венскай ветцы. Але і яму цяжка, бо са Скернявіц яго перавялі пад Чэнстахову. У Скернявіцах у яго тры моргі зямлі, ён там багатыром жыў, а зараз і сам бядуе, і зямля без дагляду марнее.

– Ну а вы цяпер як?

– Кабета нібы трохі бялізну мые, але такім, што і самі ледзь перабіваюцца, а я – так вось... Зусім занепадаем мы, пане... не першыя і не апошнія. Яшчэ пакуль вялікі пост – мацуешся, думаеш: сёння пашчуся за нябожчыкаў, заўтра – каб памятаць, што Бог наш Езус Хрыстус таксама нічога не еў, паслязаўтра – дзеля таго, каб Бог зло перамог. А ўжо пасля паста і не прыдумаеш нават, як дзеткам растлумачыць, у імя чаго ім есці не даюць... Але нешта і вяльможны пан маркотны… Відаць такі ўжо час настаў, што ўсім гінуць, – уздыхнуў бядак.

Вакульскі задумаўся.

– За жытло ў вас заплачана? – спытаў ён.

– Няма чаго, пане, плаціць, бо і так нас выганяюць.

– Чаму ж ты не прыйшоў у краму, да пана Жэцкага? – спытаў Вакульскі.

– Не насмеліўся я. Каня няма, калёсы ў жыда, куртка на мне, як на старцы. Чаго ж прыходзіць? Толькі галаву людзям дурыць...

Вакульскі дастаў партманет.

– На вось, – сказаў ён, – дзесяць рублёў на свята. Заўтра апоўдні прыйдзеш у краму, атрымаеш цыдулку на Прагу. Там у перакупшчыка выберы сабе каня, а пасля святаў выязджай на працу. Будзеш зарабляць у мяне рублі тры за дзень, дык лёгка сплаціш даўгі і станеш на ногі.

Бядак, дакрануўшыся да грошай, задрыжэў. Ён уважліва слухаў Вакульскага, а слёзы цяклі па яго змарнелым твары.

– Можа, пану сказаў хто, – запытаўся ён праз хвіліну, – што з намі... так вось?.. Бо нехта ўжо нам, – дадаў ён ціха, – прыслаў з месяц таму сястру міласэрнасці. Папікнула яна мяне гультайствам і дала квіток, каб атрымаць пуд вугалю на вуліцы Жэлязнай. Ці, можа, пан гэта сам?..