Выбрать главу

– Ідзі дадому, а заўтра прыходзь у краму, – адказаў яму Вакульскі.

– Іду, пане, – з паклонам да зямлі адказаў чалавек.

Ён пайшоў, але спыняўся, разважаючы, відаць, аб нечаканым шчасці.

У гэты момант у Вакульскага варухнулася нейкае прадчуванне.

– Высоцкі!.. – крыкнуў ён. – А як завуць твайго брата?

– Каспар, – подбегам вярнуўся, каб адказаць, бядак.

– Пры якой станцыі ён жыве?

– У Чэнстахове, пане.

– Ідзі дадому. Можа, Каспара перавядуць у Скернявіцы.

Але той не пайшоў, а наадварот, наблізіўся.

– Перапрашаю, вяльможны пане, – сказаў ён нясмела, – а як хто прычэпіцца: адкуль, маўляў, у цябе гэтулькі грошай?

– Скажы, што ўзяў у мяне на рахунак.

– Разумею, пане... Бог... хай Бог...

Але Вакульскі ўжо не слухаў яго. Ён ішоў да Віслы і разважаў.

“Якія ж яны шчаслівыя, усе тыя, у каго толькі голад выклікае апатыю і толькі холад прымушае пакутаваць! Як лёгка іх ашчаслівіць!.. Нават маіх сціплых сродках хапіла б, каб выратаваць ад галечы некалькі тысяч сем’яў. Неверагодна, але гэта так”.

Вакульскі выйшаў на бераг Віслы і жахнуўся. Займаючы прастору ў некалькі моргаў, узвышаўся тут агідны пагорак смуроднага смецця, якое нібы варушылася пад праменямі сонца, а за сотню крокаў ад яго знаходзілася вадасховішча, з якога піла ўся Варшава.

“Вось тут, – думаў ён, – тут і знаходзіцца крыніца ўсялякае заразы. Што чалавек сёння з дому выкіне, заўтра ён тое будзе піць, потым перабіраецца на Павонзкі[82] і ўжо з другога боку будзе труціць жывых яшчэ сваіх бліжніх.

Бульвар сюды, каналы і крынічную ваду з высокага месца – і можна было б ратаваць штогод тысячы людзей ад смерці, а дзясяткі тысяч – ад хвароб... Працы няшмат, а карысць незлічоная – прырода ўмее адплаціць дабром”.

На адхонах і ў пячорах гнюснага пагорка ён заўважыў нібы чалавечыя фігуры. Драмалі тут на сонцы некалькі п’янюг або злодзеяў, дзве анучніцы і пара, якая правіла любошчы, – жанчына з праказаю і сухотны мужчына без носа. Здавалася, што гэта былі не людзі, а здані тых хваробаў, якія тут прытаіліся, апранутыя ў тут жа знойдзеныя лахманы. Усе гэтыя індывіды носам пачулі чужога, і нават тыя, што спалі, паднялі галовы ды з відам здзічэлых сабак прыглядаліся да госця.

Вакульскі ўсміхнуўся.

“Каб я прыйшоў сюды ўначы, яны б, напэўна, вылечылі мяне ад меланхоліі. Заўтра ўжо спачываў бы пад гэтым смеццем, якое, зрэшты, такая ж зручная магіла, які і любая іншая. Наверсе б падняўся шум, пачалі б пераследаваць і клясці гэтых добрых людзей, а яны, можа, зрабілі б мне вялікую ласку.

Хто спіць у смерці, той не знае

Жыцця праблемы і турботы,

Душа не помніць больш крывоты,

Жаданняў дух ужо не мае.

Ці я сапраўды раблюся сентыментальным?.. Відаць, нервы мае зусім нікуды не вартыя. Бульвар, аднак, не вынішчыў бы гэтакіх магікан; перабраліся б яны на Прагу альбо за Прагу і працягвалі сваё рамяство, кахаліся б, як гэтая парачка, і нават размнажаліся б! Якіх цудоўных, айчына, будзеш мець ты нашчадкаў, народжаных і выгадаваных на гэтым сметніку, ад пакрытае струпамі маці ды бязносага бацькі!..

Мае дзеці былі б іншымі, бо ад яе ўзялі б яны прыгажосць, ад мяне – сілу... Ну, але іх не будзе. У гэтай краіне толькі хвароба, галеча і злачынства знаходзяць сабе шлюбнае ложа і нават прытулак для нашчадкаў.

Страшна падумаць, што тут будзе праз некалькі пакаленняў... Але ж ёсць простыя лекі: абавязковая праца, за якую справядліва плацяць. Толькі яна можа ўмацаваць лепшых і без шуму вынішчыць нягодных, і... было б у нас здаровае насельніцтва, а цяпер маем замардаванае хваробамі або голадам”.

А потым, невядома чаму, ён раптам падумаў: “Ну, і што, калі яна крыху какетнічае?.. Какецтва для жанчын тое самае, што колер і водар для кветкі. Такая ўжо ў іх натура, усім яны хочуць падабацца, нават Мрачэўскім…

Для ўсіх – какецтва, а для мяне: «Заплаці гэтаму пану!..» Можа, яна думае, што я ашукаў іх, купляючы срэбра? Добрая справа!”

Каля самае вады на беразе Віслы ляжала бярвенне. Вакульскі адчуў стомленасць, сеў і пачаў глядзець на раку. На спакойнай паверхні вады адбівалася ўжо зазелянелая Саская Кэмпа[83] і пражскія дамкі з чырвонымі дахамі, а пасярод ракі нерухома стаяла бярлінка[84]. Не большым за яе здаваўся і той карабель, які Вакульскі бачыў мінулым летам на Чорным моры. Машына зламалася, і ён стаяў гэтак жа нерухома.

“Ляцеў, як птушка, і раптам замёр, не хапіла моцы матору. Я падумаў тады: «А можа, і я вось гэтак спынюся некалі на поўным хаду?» – ну, і спыніўся. На якіх жа прымітыўных спружынах трымаецца рух у свеце: трохі вугалю – і ажывае карабель, трохі сардэчнасці – і ажывае чалавек...”