Выбрать главу

“Вядома, ён кахае яе!” – падумаў Вакульскі, і яму здалося, што на яго нібы падзьмула магільным холадам.

“Я загінуў!”

Гэта доўжылася некалькі секунд.

– Бачыць пан тую старую кабету, што сядзіць паміж біскупам і генералам? – спытала графіня. – Гэта старшынёва[87] Заслаўская, лепшая мая сяброўка, яна жадае абавязкова пазнаёміцца з панам. Пан яе вельмі зацікавіў, – працягвала графіня з усмешкай. – Дзяцей у яе няма, толькі дзве прыгажуні ўнучкі. Няхай пан зробіць добры выбар!.. А пакуль прыгледзься да яе, і, калі тыя паны адыдуць, я пана прадстаўлю. А… князь!..

– Вітаю пана, – звярнуўся князь да Вакульскага. – Кузіна дазволіць?..

– Калі ласка, – адказала графіня. – Вось тут, панове, вольны столік... Я вас на хвіліну пакіну...

Яна адышла.

– Прысядзем, пане Вакульскі, – прапанаваў князь. – Выдатная нагода, бо ў мяне да пана важнае справа. Уяві сабе, пан, што панскія праекты выклікалі вялікі пярэпалах сярод нашых фабрыкантаў мануфактуры... Здаецца, я слушна сказаў: мануфактуры?.. Яны сцвярджаюць, што пан хоча загубіць нашу прамысловасць... Няўжо канкурэнцыя, якую пан стварае, такая ім небяспечная?..

– Я карыстаюся значным крэдытам у маскоўскіх фабрыкантаў, прыблізна да трох, нават да чатырох мільёнаў рублёў, – адказаў Вакульскі. – Але я не ведаю яшчэ, як у нас пойдуць іх тавары...

– Страшная... страшная лічба! – ціха прамовіў князь. – Ці не здаецца пану, што яна ўяўляе сапраўдную небяспеку нашым фабрыкам?

– Не, пане. Я бачу, што яна толькі крыху зменшыць іх каласальныя прыбыткі, што мяне, зрэшты, не турбуе. Мая справа клапаціцца пра ўласныя прыбыткі і пра танныя тавары дзеля пакупнікоў, а мае якраз і будуць танней.

– Але ці думаў пан пра гэта з пункту гледжання свайго грамадзянскага абавязку?.. – спытаў князь, сціскаючы яго руку. – Нам ужо так мала засталося чаго губляць...

– Мне здаецца, што наш грамадзянскі абавязак якраз і ў тым, каб даць пакупнікам больш танны тавар ды ліквідаваць манаполію фабрыкантаў, звязаных з намі толькі тым, што яны нажываюцца на нашых спажыўцах і працаўніках.

– Пан так лічыць?.. Я не падумаў пра гэта. Зрэшты, мяне не цікавяць фабрыканты, але край, наш край, няшчасны край...

– Што я магу вам прапанаваць, панове? – нечакана звярнулася да іх панна Ізабэла.

Князь і Вакульскі падняліся.

– Якая ты прыгожая сёння, кузіна! – сказаў князь і ўзяў яе за руку. – Мне, шчыра кажучы, шкада, што я не мой уласны сын... Хоць, можа, гэтак і лепш! Бо калі б ты мне адмовіла, а гэта вельмі верагодна, я быў бы вельмі няшчасны... Ах, прашу прабачэння, – спахапіўся ён. – Дазволь, кузіна, прадставіць табе пана Вакульскага. Актыўны чалавек і актыўны грамадзянін... табе гэтага даволі, праўда?..

– Я ўжо мела прыемнасць... – ціха прамовіла панна Ізабэла, адказваючы на паклон.

Вакульскі зазірнуў ёй у вочы і ўбачыў там гэтакі спалох, гэтакі сум, што душу яго зноў ахапіў адчай.

“Навошта я прыйшоў сюды?” – падумаў ён.

Ён зірнуў у бок акна і ўбачыў маладога чалавека, які ўсё яшчэ самотна сядзеў над некранутаю страваю з прыкрытымі рукою вачыма.

“Ах, навошта мне, няшчаснаму, было прыходзіць сюды...” – думаў Вакульскі, адчуваючы такі боль, нібы з яго абцугамі выдзіралі сэрца.

– Можа, пан хоць віна дазволіць падаць? – спытала панна Ізабэла, здзіўлена гледзячы на яго.

– Што пані загадае, – машынальна адказаў ён.

– Мы павінны бліжэй пазнаёміцца, пане Вакульскі, – казаў князь. – Пану варта зблізіцца з нашым асяроддзем, у якім, павер, ёсць разумныя галовы і высакародныя сэрцы, але... бракуе ініцыятывы...

– Я нуварыш, у мяне няма тытула... – адказаў Вакульскі, каб хоць што-небудзь сказаць.

– Наадварот, пане. Маеш... адзін тытул – праца, другі – сумленнасць, трэці – здольнасці, чацвёрты – энергія... Менавіта гэтыя тытулы неабходныя нам дзеля адраджэння нашага краю. Дай нам іх, і мы прымем пана як… брата.

Да іх падышла графіня.

– Дазволіць князь?.. – прамовіла яна. – Пане Вакульскі...

Яна падала яму руку, і яны накіраваліся да старшынёвай.

– Гэта пан Станіслаў Вакульскі, пані, – звярнулася графіня да старой, апранутай у цёмную сукенку з дарагімі карункамі.

– Сядай, калі ласка, – паказала старшынёва на крэсла побач з сабою. – Станіславам цябе клічуць, так? А з якіх жа ты Вакульскіх?..

– З тых... нікому не знаных, – адказаў ён, – а менш за ўсё, мусіць, пані.

– А ці не служыў твой бацька ў войску?

– Бацька не, а дзядзька служыў.

– А дзе ж ён служыў, не памятаеш?.. І ці не Станіславам яго звалі?