Яны паціснулі адзін аднаму рукі, і Вакульскі нешта адказаў, але што? Ён не памятаў. Яго неспакой узмацніўся, дарэмна ён шукаў панну Ізабэлу.
“Яна, хіба, далей”, – падумаў ён і з трывогаю накіраваўся ў апошні салон.
Па дарозе яго перахапіў пан Ленцкі, дэманструючы надзвычайную сардэчнасць.
– Пан ужо сыходзіць? Дык да сустрэчы, дарагі пане Вакульскі! Пасля святаў у мяне першае паседжанне, і пачнём з Богам.
“Няма яе!” – думаў Вакульскі, развітваючыся з панам Тамашам.
– А ведае пан, – ціха працягваў Ленцкі, – што пан зрабіў фурор. Графіня ад радасці месца не знаходзіць, князь толькі пра пана і гаворыць... А яшчэ гэты выпадак са старшынёвай... Ну... проста выдатна! І марыць нельга было пра лепшы дэбют...
Вакульскі ўжо стаяў на парозе. Ён яшчэ раз шклянымі вачыма агледзеў салон і выйшаў з адчаем у сэрцы.
“Можа, варта было б вярнуцца і развітацца з ёю?.. Бо яна ж замяняла гаспадыню дома...” – вагаўся ён, павольна спускаючыся па сходах.
Раптам ён здрыгануўся, бо пачуў, як у галерэі зашалясцела сукенка.
“Яна...”
Ён павярнуў галаву і ўбачыў даму ў дыяментах.
Хтосьці падаў яму паліто. Вакульскі выйшаў на вуліцу, пахіснуўшыся, як п’яны.
“Што мне да бліскучага поспеху, калі яе няма?”
– Коні пана Вакульскага! – закрычаў з ганку швейцар, з глыбокаю пашанаю заціскаючы ў кулаку трохрублёўку. Слёзы ў вачах і хрыплаваты голас сведчылі, што гэты грамадзянін нават на сваім адказным пасту аддаў належную пашану першаму дню Вялікадня.
– Коні пана Вакульскага!.. Коні Вакульскага!.. Вакульскі, пад’язджай! – пераказвалі адзін аднаму фурманы.
Сярэдзінаю Алей[90] павольна рухаліся дзвюма калонамі каляскі і брычкі: да Бельведэра[91] і ад Бельведэра. Нехта пазнаў Вакульскага і пакланіўся яму з каляскі.
– Калега! – прашаптаў Вакульскі і пачырванеў.
Нарэшце падалі ягоную павозку; спачатку ён хацеў сесці, але перадумаў.
– Вяртайся, браце, дадому, – сказаў ён фурману і даў яму на піва.
Брычка рушыла да цэнтра горада, а Вакульскі змяшаўся з натоўпам і накіраваўся ў бок пляца Уяздоўскага. Ён ішоў павольна, разглядаючы тых, што ехалі. Шмат каго ён ведаў асабіста. Вось рымар, які пастаўляе яму скураныя вырабы, ён едзе на прагулку са сваёй тоўстаю, як бочка цукру, жонкаю і даволі прыгожанькаю дачкою, якую яму хацелі сватаць. Вось сын мясніка, які ў колішнюю краму Гопфера дастаўляў вяндліну. Вось багаты цясляр са шматлікім сямействам. Удава вінароба, у якой таксама нямала грошай і якая таксама не супраць аддаць сваю руку Вакульскаму. Вось гарбар, там два крамнікі з мануфактурнае крамы, а там кравец мужчынскага адзення, муляр, ювелір, пекар, а вось і ягоны канкурэнт, – галантарэйны купец у звычайнай брычцы.
Большасць з іх не заўважала Вакульскага, сёй-той кланяўся, а былі такія, што рабілі выгляд, быццам не бачаць яго і толькі з’едліва пасміхаліся. З усяе гэтае грамады купцоў, прадпрымальнікаў і рамеснікаў, якія былі яму роўняю, а некаторыя з іх былі нават багацейшыя за яго і больш вядомыя ў Варшаве, толькі ён быў сёння на свянцоным у графіні. Ніхто з іх, толькі ён!..
“Мне неверагодна шанцуе, – думаў ён. – За паўгода я нажыў ладны маёнтак, праз некалькі гадоў магу мець мільён... Нават раней... Сёння ўжо я атрымаў доступ у арыстакратычныя салоны, а праз год?.. Многім з тых, з кім я толькі што сустрэўся ў графіні як роўны, сямнаццаць гадоў таму мне давялося б слугаваць у краме, і я не слугаваў ім толькі таму, хіба, што ніхто з іх туды не заходзіў. З каморкі пры краме – у будуар графіні. Гэтак скочыць!.. Ці не занадта хутка я рухаюся?” – адчуў ён няясную трывогу ў сэрцы.
Ён выйшаў на прасторны пляц Уяздоўскіх. У паўднёвай яго частцы ладзілі забавы для простага люду. Бразгатанне катрынак, гучанне труб і гоман шматтысячнага натоўпу накрылі Вакульскага, нібы хвалі паводкі. Перад сабою, як на далоні, ён бачыў доўгі шэраг арэляў, якія лёталі туды і назад, нібы маятнікі з гіганцкім размахам. Потым другі шэраг – каруселі з рознакаляровымі паласатымі дашкамі. Потым трэці – зялёныя, жоўтыя і чырвоныя буданы з жахліва размаляванымі шыльдамі ля ўваходаў, адкуль то высоўваліся, то знікалі пярэстыя блазны і велізарныя лялькі. У цэнтры пляца стаялі два высокія слупы, на якія якраз караскаліся ахвочыя займець танны гарнітур і гадзіннік за пару рублёў.
Сярод гэтых, спехам зробленых брудных пабудоў, варушыўся вясёлы людскі натоўп.
90
91