Выбрать главу

Вакульскаму прыгадаліся дзіцячыя гады. Якою смачнаю здавалася яму, вечна галоднаму хлапчуку, булка з сардэлькаю! Як ён уяўляў сябе вялікім ваяром, варта было сесці на карусельнага коніка! Якую шалёную радасць зазнаваў ён, узлятаючы на гушкалцы пад самае неба! Якою салодкаю была думка, што і сёння ён вольны, і заўтра таксама – упершыню за цэлы год. А з чым можна параўнаць упэўненасць, што сёння ён ляжа спаць а дзясятай і заўтра ўстане, калі захоча, можа, таксама а дзясятай. Дванаццаць гадзін запар у ложку!

“І гэта я быў? Я?.. – дзівіўся ён. – Няўжо мяне так цешылі рэчы, якія выклікаюць зараз агіду?.. Столькі шчаслівых гарапашнікаў бавіцца навакол, а я, багатыр, што я маю?.. Трывогу і нуду, нуду і трывогу... Цяпер, калі я мог бы мець усё, пра што марыў калісьці, у мяне няма нічога, бо ранейшыя жаданні згаслі. А я так верыў у сваё незвычайнае шчасце!..”

У гэтае імгненне тлум выбухнуў шматгалосым крыкам. Вакульскі апрытомнеў і ўбачыў на версе слупа чалавечую постаць.

“Ага, пераможца!” – сказаў ён сам сабе, ледзь утрымліваючыся на нагах пад націскам натоўпу, які пёр наперад, пляскаў у ладкі, крычаў “віват”, паказваў на героя пальцам, пытаўся, як яго завуць. Здавалася, што ўладальніка гарнітура зараз на руках панясуць па вуліцах, і раптам – запал астыў. Людзі запавольваліся, пачалі нават спыняцца, воклічы сталі заціхаць, нарэшце змоўклі зусім. Герой аднаго імгнення саслізнуў зверху і праз некалькі хвілін быў забыты.

“Перасцярога мне!” – падумаў Вакульскі, выціраючы пот з ілба.

Пляц і вясёлы тлум зусім ужо абрыдзелі яму. Ён павярнуў назад.

Па Алеі ўсё яшчэ цягнуліся брычкі і карэты. У адной з іх Вакульскі ўгледзеў светла-блакітную сукенку.

“Панна Ізабэла?..”

У яго закалацілася сэрца.

“Не, не яна”.

Далёка наперадзе заўважыў ён прыгожы жаночы твар і зграбную фігуру.

“Яна?.. Не. Навошта ёй тут быць?”

Так мінуў ён Алею, Аляксандраўскі пляц, Новы Свят, увесь час віжуючы кагосьці і ўвесь час падманваючыся.

“Дык вось яно, маё шчасце? – думаў ён. – Што даступна, таго я не жадаю, а рвуся да таго, што не даецца ў рукі. Няўжо гэта і ёсць шчасцем?.. Хто ведае, ці смерць аж такое зло, як уяўляюць сабе людзі”.

І ўпершыню засумаваў ён па моцным беспрабудным сне, якога не патрывожаць ані жаданні, ані надзеі.

У гэты самы час панна Ізабэла, вярнуўшыся ад цёткі дадому, ледзь не з парога гучна паведаміла панне Фларэнтыне:

– Ведаеш, ён быў на прыёме!

– Хто?

– Ну, гэты... Вакульскі...

– Чаму ж яму не быць, калі яго запрасілі? – здзівілася панна Фларэнтына.

– Але ж гэта нахабства. Гэта нечувана! І яшчэ, уяві сабе, цётка зачараваная ім, князь ледзь не вешаецца яму на шыю, і ўсе разам лічаць яго знакамітасцю... Чаму ты маўчыш?..

Панна Фларэнтына сумна ўсміхнулася.

– Мне гэта вядома. Герой сезона... Зімою быў у гэтай ролі пан Казімір, а гадоў з пятнаццаць таму... нават я, – ціха дадала яна.

– Але ж не забывай, хто ён! Купец. Купец!..

– Дарагая Бэла, – адказала панна Фларэнтына, – я памятаю сезоны, калі мы захапляліся нават цыркачамі. Мінецца і гэта.

– Баюся я гэтага чалавека, – прашаптала панна Ізабэла.

X. ДЗЁННІК СТАРОГА КРАМНІКА

…Маем мы, такім чынам, новую краму: пяць вокнаў на вуліцу, два склады, сем крамнікаў і швейцар у дзвярах. Маем яшчэ каляску, блішчастую, як толькі што наваксаваныя боты, пару гнядых коней, фурмана і лёкая ў ліўрэі. І ўсё гэта звалілася на нас на пачатку мая, калі Англія, Аўстрыя і нават разбітая ўшчэнт Турцыя ўзбройваліся на скрут галавы[92].

– Каханы Стасю, – казаў я Вакульскаму, – усе купцы з нас смяюцца, што мы гэтак шмат выдаткоўваем у няпэўны час.

– Каханы Ігнасю, – адказаў мне Вакульскі, – а мы будзем смяяцца з усіх купцоў, калі надыдзе больш пэўны час. Цяпер якраз самая пара на інтарэсы.

– Але ж еўрапейская вайна, – кажу я, – на валаску ліпіць. У такім выпадку пэўна чакае нас банкруцтва.

– Смеху варта, – адказвае Стась. – Увесь гэты шум сціхне праз пару месяцаў, а мы тым часам далёка ззаду пакінем усіх нашых канкурэнтаў.

Ну – і няма вайны. У нашай краме рух, як падчас фэсту, на нашы склады тавары вязуць, як на млын, а грошы плывуць у касу не горш за мякіну. Нехта, не ведаючы Стася, сказаў бы, што гэта геніяльны купец, але ж я яго ведаю, дык усё часцей пытаю сябе: навошта ўсё гэта?.. Warum hast du denn das getan?..[93]

Праўда, і ў мяне гэтак пыталіся. Але хіба гэткі я ўжо стары, як нябожчыца Grossmutter, каб не разумець ані духу часу, ані памкненняў людзей, маладзейшых за сябе?.. Гэ! Усё не аж так кепска…