Выбрать главу

Побач са мною ляжаў на баку аўстрыйскі афіцэр, чалавек малады, з вельмі шляхетнымі рысамі твару. Ён паглядзеў на мяне цёмнымі вачыма і з невымоўным смуткам хрыпла прашаптаў:

– Не трэба таптаць… Немцы таксама людзі…

Ён падсунуў сабе руку пад бок і жаласна енчыў.

Я пабег за калонаю. Нашы былі ўжо на ўзгорках, дзе стаялі аўстрыйскія батарэі. Узбіўшыся туды следам за іншымі, я ўбачыў адну гармату перавернутую, а другую і акружаную нашымі.

Заспеў я адметную сцэну. Нехта з нашых чапляўся за колы гарматы, нехта сцягваў фурмана з сядла, Кац парнуў багнетам каня з першае пары, а аўстрыйскі кананір замахнуўся на яго шомпалам. Я схапіў кананіра за каршэнь і раптоўным рухам зваліў на зямлю. Кац і яго хацеў запароць.

– Што ты робіш, вар’ят?! – закрычаў я, адбіваючы ўбок яго карабін.

Раз’юшаны, ён тады кінуўся на мяне, але афіцэр, што аказаўся побач, палашам адбіў яго багнет.

– Чаго лезеш? – крыкнуў быў Кац на афіцэра і – апрытомнеў.

Дзве гарматы былі захопленыя, за астатнімі пагналіся гусары. Далёка наперадзе стаялі нашы па адным і групамі, страляючы па аўстрыйцах, якія адступалі. Калі-нікалі заблукалая непрыяцельская куля прасвіствала над намі або зарывалася ў зямлю, уздымаючы хмарку пылу. Трубачы склікалі ў шэрагі.

Дзесьці а чацвёртай гадзіне дня наш полк быў сабраны. Бітва скончылася. Толькі на захадзе чуліся яшчэ адзінкавыя стрэлы лёгкай артылерыі, як водгулле мінулае ўжо буры.

Праз гадзіну на шырокім полі бітвы ў розных месцах зайгралі палкавыя аркестры. Прыляцеў да нас ад’ютант з віншаваннем. Трубачы і барабаншчыкі далі сігнал да малітвы. Паздымалі мы каскі, харунжыя паднялі штандары, і ўсё войска са зброяй ля нагі дзякавала венгерскаму Богу за перамогу.

Паступова дым разышоўся. Дакуль сягала вока, бачылі мы ў розных месцах нібы кавалкі белай і сіняй паперы, бязладна параскіданыя па вытаптанай траве. Па полі сноўдалася з дзясятак фурманак, і нейкія людзі складалі на іх некаторыя з тых кавалкаў. Рэшта засталася.

– І чаго на свет было нараджацца!.. – уздыхнуў, абапіраючыся на карабін, Кац, якога зноў апанавала меланхолія.

Была гэта ці не апошняя нашая перамога. З таго часу штандары з трыма рэкамі[99] часцей хадзілі перад непрыяцелем, чым за непрыяцелям, пакуль нарэшце пад Вілагас[100] не паападалі з дзідаў, як восеньскае лісце.

Калі даведаўся пра гэта Кац, дык шпурнуў на зямлю шпагу (былі мы з ім ужо афіцэрамі) і сказаў, што засталося толькі стрэліць сабе ў лоб. Я, аднак, памятаючы, што ў Францыі ўжо сядзіць Напалеон, падбадзёрыў яго, і пракраліся мы да Каморна[101].

Прагледзелі мы вочы, чакаючы цэлы месяц дапамогі: з Венгрыі, з Францыі, нават з неба. Нарэшце крэпасць капітулявала.

Памятаю, у той дзень Кац круціўся нешта каля парахавога складу і меў гэткі ж твар, як тады, калі хацеў забіць ляжачага кананіра. Гвалтам падхапілі мы яго пад рукі і вывелі з фартэцыі следам за нашымі.

– Што ж гэта ты, – ціха сказаў яму адзін з калегаў, – замест ісці з намі на чужыну, хацеў на неба ўцячы?.. Гэй! Кац, венгерскую пяхоту не спалохаеш, і трымае яна слова, якое дала нават… швабам…

Упяцёх аддзяліліся мы ад рэшты войска, паламалі шпагі, пераапрануліся як сяляне і, схаваўшы пад адзеннем пісталеты, павандравалі ў бок Турцыі. Па нашых слядах ішла зграя Гайнава!..[102]

Наша вандроўка па лясах і бездарожжы доўжылася каля трох тыдняў. Пад нагамі гразь, галаву палівае восеньскі дождж, ззаду патрулі, а перад намі вечнае выгнанне – вось такія былі нашы спадарожнікі. Але, нягледзячы на гэта, не гублялі мы добрага гумору.

Шапары безупынку малоў языком пра тое, што Кошут[103] яшчэ нешта прыдумае, Штэйн быў упэўнены, што заступіцца за нас Турцыя, Ліптак марыў пра начлег ды гарачую страву, а я казаў, што ўжо хто-хто, а Напалеон нас не пакіне. Ад дажджу наша вопратка набрыняла, валакліся мы ў гразі па калена, падэшвы паадставалі, у ботах плюхала, мясцовыя баяліся прадаць нам збанок малака, а сяляне ў адной вёсцы пагналіся за намі з віламі ды косамі. Але настрою нам гэта не сапсавала, і Ліптак, што бег поруч са мною, аж гразь пырскала ва ўсе бакі, казаў засопшыся:

Eljen Magyar!..[104] Але ж добра спаць будзем… Каб яшчэ кілішак слівовіцы ў ложак!..

У гэтым вясёлым таварыстве абадранцаў, якіх нават вароны баяліся, толькі Кац быў пахмурны. Ён часцей за іншых адпачываў і неяк хутчэй за ўсіх марнеў: вусны ў яго спякліся, а вочы блішчалі.