Выбрать главу

Бацька мой быў у маладосці жаўнерам, а пад старасць – кур’ерам у Камісіі ўнутраных спраў[27]. Трымаўся ён заўсёды роўна, як жэрдка, меў невялікія бакенбарды і вус угору, шыю абкручваў чорнаю хусткаю і ў вуху насіў срэбную завушніцу.

Жылі мы ў Старым Горадзе разам з цёткаю, якая мыла і цыравала чыноўнікам бялізну. Было ў нас на пятым паверсе два пакойчыкі, дзе няшмат было дастатку, але шмат было радасці, прынамсі, для мяне. На нашай палове ганаровае месца займаў стол, пры якім бацька, вяртаючыся з канторы, клеіў канверты, на цётчынай жа – галоўнае месца належала балеі. Памятаю, што ў пагодныя дні я пускаў у двары летаўца, а ў слоту выдзьмухваў у хаце мыльныя бурбалкі.

Сцены ў цёткі скрозь былі завешаныя абразамі, але як бы шмат іх там ні было, зраўняцца па ліку з партрэтамі Напалеона, якімі бацька аздобіў свой пакой, яны не маглі. Быў там адзін Напалеон у Егіпце, другі – пад Ваграмам, трэці – пад Аўстэрліцам, чацверты – пад Масквою, пяты – у дзень каранацыі, шосты – у бляску славы. Калі ж цётка, абураная гэткай колькасцю свецкіх карцін, павесіла на сцяну меднае распяцце, дык бацька – як ён казаў – каб не абразіць Напалеона, купіў сабе ягоны бронзавы бюст і таксама ўсталяваў над ложкам.

– Пабачыш, недаверак, – лямантавала цётка, – за гэткія фіглі кіпець табе ў смале!

– Гэ!.. Не дасць мяне імператар у крыўду, – адказваў бацька.

Часта прыходзілі да нас старыя бацькавы прыяцелі: пан Даманьскі, таксама кур’ер, але ў Камісіі скарбу[28], і пан Рачак, у якога на Дунаі[29] была ятка з гароднінай. Гэта былі людзі простыя (пан Даманьскі нават трохі любіў анісаўку), але разважныя палітыкі. Усе, не выключаючы цёткі, самым катэгарычным чынам сцвярджалі, што хоць Напалеон І памёр у няволі, але род Банапартаў яшчэ пакажа сябе. Пасля першага Напалеона з’явіцца другі, а каб нават і той пацярпеў паразу, прыйдзе наступны, пакуль адзін за адным не ўпарадкуюць яны свет.

– Трэба заўсёды быць гатовым на першы покліч! – казаў мой бацька.

– Бо не ведаеце ані дня, ані гадзіны, – дадаваў пан Даманьскі.

А пан Рачак з люлькаю ў зубах пацвярджаў сваю згоду пляўком ажно да цётчынага пакою.

– Наплюй мне, васан, у балею, дык я табе дам!.. – крычала цётка.

– Можа, вашамосць і дасі, але я не вазьму, – прамармытаў пан Рачак, цыркаючы слінаю ў бок каміна.

– У… што за хамы гэтыя грэнадзёры! – гневалася цётка.

– Вашамосці заўсёды ўланы былі даспадобы. Ведаю, ведаю…

Пазней пан Рачак ажаніўся з маёй цёткаю…

…Жадаючы, каб я цалкам быў гатовы, калі праб’е гадзіна справядлівасці, бацька сам займаўся маёй адукацыяй.

Ён навучыў мяне чытаць, пісаць, клеіць канверты, але на першым месцы была муштроўка. Муштраваў ён мяне з самага ранняга дзяцінства, калі ў мяне яшчэ ззаду кашуля вытыркалася. Я гэта добра памятаю, бо бацька, камандуючы: “Паўабароту направа!” альбо “Левае плячо наперад – руш!”, цягнуў мяне ў адпаведным кірунку за хвост гэтае адзежыны.

Навука была па ўсіх правілах.

Не аднойчы ён будзіў мяне сярод ночы воклічам: “Да зброі!” і муштраваў, не зважаючы на цётчыны слёзы і лаянку, а на завяршэнне казаў:

– Ігнась! Заўсёды будзь гатовы, вісус, бо не ведаем мы ані дня, ані гадзіны… Памятай, што Банапартаў Бог паслаў, каб яны зрабілі на свеце парадак, і да таго часу не будзе ані парадку, ані справядлівасці, пакуль не споўніцца запавет імператара.

Не скажу, каб гэткая ж непахісная вера ў Банапартаў ды ў справядлівасць была і ў абодвух сяброў майго бацькі. Не раз пан Рачак, калі яму дапякаў боль у назе, паміж лаянкаю ды войканнем казаў:

– Гэх, стары! Ведаеш, нешта занадта доўга чакаем мы новага Напалеона. Я ўжо амаль ссівеў і здароўем падупаў, а яго як не было, гэтак і няма. Хутка зробімся мы дзядамі касцельнымі, а Напалеон ужо прыйдзе хіба паспяваць з намі на цвінтары.

– Знойдзе маладых.

– Што з тых маладых! Лепшыя яшчэ да нас сышлі ў магілу, а малодшыя – ні халеры ні вартыя. Ужо ёсць сярод іх такія, што пра Напалеона і чуць не чулі.

– Мой і чуў, і памятаць будзе, – адказваў бацька, падміргваючы мне.

Пан Даманьскі яшчэ больш падаў духам.

– Свет горшае, – казаў ён і ківаў галавою. – Харч даражэе, за кватэру ўвесь заробак садраць гатовы, нават што да анісаўкі – дык і там круцельства. Даўней вып’еш кілішак і ўжо вясёлы, а цяпер і пасля шклянкі цвярозы, нібы вады напіўся. Сам Напалеон не дачакаўся б справядлівасці.

На гэта бацька адказаў так:

– Будзе справядлівасць, нават каб і Напалеона не стала. Але і Напалеон знойдзецца.