Выбрать главу

– Ці ёсць пан Вакульскі? Пэўна, няма, так я і думала… Дык я размаўляю з панам Жэцкім? Адразу здагадалася… Які прыгожы нэсэсэр!.. Аліўкавае дрэва, я ў гэтым добра абазнаная. Няхай пан скажа пану Вакульскаму, каб ён прыслаў мне гэта, адрас мой ён ведае, і – каб заўтра а першай гадзіне быў у Лазенках…

– У якіх, перапрашаю? – запытаўся я, абураны яе нахабствам.

– Пан блазнуе… У каралеўскіх! – адказвае мне гэтая дама.

Ну і што?.. Вакульскі паслаў ёй нэсэсэр, а сам паехаў у Лазенкі. А калі вярнуўся адтуль, дык сказаў мне, што… у Берліне збярэцца кангрэс для заканчэння ўсходняе вайны. І маем кангрэс!..

Гэтая самая еймосць заскочыла да нас другі раз, здаецца мне, першага чэрвеня.

– Ах! – крычыць, – які прыгожы вазон!.. Несумненна, французская маёліка, я ў гэтым добра абазнаная… Скажы, пан, пану Вакульскаму, каб ён прыслаў мне яго і… (далей яна пачала шаптаць) скажы яму яшчэ, пан, што паслязаўтра каля першае…

Калі яна выйшла, я сказаў Лісецкаму:

– Іду ў заклад з панам, што паслязаўтра пачуем мы важную палітычную навіну.

– Нібы трэцяга чэрвеня?.. – адказаў той і зарагатаў.

Прашу, аднак, уявіць сабе нашы твары, калі прыйшла тэлеграма, у якой паведамлялася… пра замах Нобілінга[117] ў Берліне!.. Я думаў – утрупянею. Лісецкі з таго часу перастаў з мяне бессаромна кпіць і, горш за тое, ён цяпер выпытвае ў мяне палітычныя навіны…

Анягож! Страшным няшчасцем ёсць слава. Бо з таго часу, як Лісецкі пачаў звяртацца да мяне як да “паінфармаванага”, я страціў сон і рэшту апетыту… А што ж тады мусіць дзеяцца з маім бедным Стасем, які падтрымлівае пастаянныя стасункі з гэтым панам Колінсам і з гэтаю пані Мэлітан…

Божа міласэрны, барані нас!..

Калі ўжо я гэтак разбалбатаўся (далібог, ператвараюся ў пляткара), дык мушу дадаць, што ў нашай краме пануе нейкае нездаровае браджэнне. Апроч мяне маем мы яшчэ семярых крамнікаў (ці марыў пра нешта падобнае стары Мінцаль!), але не маем адзінства. Клейн і Лісецкі, як больш даўнія, трымаюцца адасоблена, а да рэшты калегаў ставяцца, не скажу пагардліва, але крыху фанабэрыста. Трое ж новых крамнікаў: галантарэйны, металічны і гумовы – таксама трымаюцца сваім хаўрусам, надзьмутыя і пахмурныя. Праўда, пачцівы Зэмба, жадаючы іх зблізіць, бегае ад старых да новых і ўвесь час іх угаворвае, але ў небаракі такая нешчаслівая рука, што пасля кожнае спробы пагадзіць іх між сабою антаганісты зіркаюць адзін на аднаго яшчэ больш коса.

Можа, каб наш магазін (а гэта дакладна магазін, ды яшчэ першакласны магазін!), дык вось, каб ён развіваўся паступова, каб мы кожны год бралі па адным крамніку, дык старыя прымалі б у сваё кола новага, і была б гармонія. Але як адразу прыбыло пяцёра новых, як адзін у аднаго блытаецца пад нагамі (бо за такі кароткі час немагчыма ані тавар раскласці належным чынам, ані акрэсліць кожнаму сферу яго абавязкаў), натуральна, здараюцца звады. Ну, але навошта мне крытыкаваць дзеянні гаспадара ды яшчэ такога чалавека, які мае больш розуму, чым усе мы разам…

У адным толькі салідарныя старыя ды новыя панове і нават дапамагае ім Зэмба, а менавіта ў тым, каб дапякаць сёмаму нашаму крамніку – Шлянгбаўму. Гэты Шлянгбаўм (я даўно яго ведаю) майсеевай веры, але чалавек прыстойны. Малы, чорны, згорблены, зарослы шчаціннем, словам, ні гроша не варты, калі сядзіць за прылаўкам. А ледзь пакажацца пакупнік (Шлянгбаўм працуе ў аддзеле рускіх тканін), Chrysteelejson!..[118] Круціцца ён як круцёлка – толькі што быў на верхняй паліцы справа, а ўжо пры ніжняй пасярэдзіне і праз момант зноў недзе пад столлю злева. Як пачне кідаць рулоны, здаецца, гэта не чалавек, а паравая машына, як пачне раскручваць іх ды мераць, мне думаецца, што шэльма мае тры пары рук. Пры гэтым рахункавод ён ад Бога, а як пачне расхвальваць тавар, падказваць розныя ідэі, дагаджаць густу, усё гэта нязменна паважным тонам, дык, слова гонару, Мрачэўскі – у кут!.. Шкада толькі, што ён такі малы і брыдкі, мусім якога-небудзь прыгожага дурня даць яму ў дапамогу дзеля дам. Хоць каля прыгожага крамніка дамы і затрымліваюцца даўжэй, але менш тады капрызяць і не так гандлююцца.

(Да слова кажучы, няхай нас Бог мілуе ад дамскае кліентуры. Я, можа, таму і не наважваюся ажаніцца, што няспынна назіраю за дамамі ў краме. Пан Бог, ствараючы цуд прыроды, які завецца кабетаю, пэўна, не падумаў, якую прыкрасць ён робіць купцам.)

Дык вось, Шлянгбаўм, сапраўды, добры абывацель, а, нягледзячы на гэта, яго не любяць, бо ён мае няшчасце быць старазаконным…

Наогул, можа, з год ужо я заўважаю, што да старазаконных расце непрыязь[119], нават тыя, хто некалькі гадоў таму называлі іх палякамі майсеевай веры, цяпер называюць іх жыдамі. А тыя, хто нядаўна захапляўся іх працавітасцю, упартасцю і здольнасцямі, цяпер бачаць толькі эксплуатацыю ды круцельства.