А між тым Стась мае з-за гэтага непрыемнасці. Бо ён не толькі прыняў у краму Шлянгбаўма, але яшчэ дае тавар жыдоўскім купцам і пару жыдкоў пусціў у суполку. Нашы крычаць і пагражаюць, але яго не напалохаеш, зацяўся і не саступае, хоць агнём яго прыпалі.
Чым усё гэта скончыцца, Божа мілы…
Але, але!.. Увесь час адступаючы ад тэмы, я забыўся на некалькі вельмі важных рэчаў. Маю на ўвазе Мрачэўскага, які з пэўнага часу альбо псуе ўсе мае планы, альбо свядома ўводзіць у зман.
Дзяцюк гэты быў звольнены за тое, што ў прысутнасці Вакульскага зганьбіў крыху сацыялістаў. Пазней, аднак жа, Стась, паддаўся на ўгаворы і адразу пасля Вялікадня выслаў Мрачэўскага ў Маскву, нават павялічыў яму заробак.
Не адзін вечар думаў я пра значэнне гэтага падарожжа ці высылкі.
Але калі праз тры тыдні Мрачэўскі прыехаў адтуль да нас выбіраць тавар, я адразу зразумеў план Стаха.
У фізічным плане гэты маладзён не надта змяніўся: як і раней, гаманкі і прыгожы, хіба крышачку схуднеў. Кажа, што Масква яму спадабалася, а перадусім кабеты, якія там больш дасведчаныя і гарачыя, але маюць затое менш забабонаў, чым нашы. Я таксама ў маладосці думаў, што ў кабетаў менш забабонаў, чым цяпер.
Усё гэта толькі ўступ. Бо Мрачэўскі прывёз з сабою трох вельмі падазроных індывідаў, называючы іх “прыказчыкамі”, і цэлы пачак нейкіх брашур. Гэтыя “прыказчыкі” меліся нібыта нешта аглядаць у нашай краме, але рабілі гэта такім чынам, што ніхто іх у нас не бачыў. Цягаліся недзе цэлымі днямі, і я прысягнуў бы, што рыхтавалі ў нас глебу для нейкае рэвалюцыі. Заўважыўшы, аднак, што я цікаўлюся імі, яны некалькі раз зазірнулі ў краму, заўсёды ўдаючы п’яных, і са мною размаўлялі выключна пра кабет, сцвярджаючы, насуперак Мрачэўскаму, што полькі – гэта “сама прелест”, толькі вельмі падобныя да жыдовак.
Я ўдаваў, што веру ўсяму, што яны кажуць, але спрытна іх распытаў і пераканаўся, што найлепш вядомыя ім ваколіцы знаходзяцца паблізу Цытадэлі[122]. Дык там яны маюць справы! А пра тое, што мае домыслы не былі беспадстаўнымі, сведчыць факт, што гэтыя “прыказчыкі” нават звярнулі на сябе ўвагу паліцыі. За дзесяць дзён, ні больш, ні менш, а тры разы забіралі іх у цыркулы[123]. Відавочна, аднак, што яны мусяць мець добрыя сувязі, бо іх выпускалі.
Калі я выклаў Вакульскаму свае падазрэнні адносна “прыказчыкаў”, Стах толькі ўсміхнуўся і адказаў:
– Гэта яшчэ нічога…
З чаго я раблю выснову, што Стах мусіць быць моцна заангажаваным у стасункі з нігілістамі.
Але прашу сабе ўявіць маё здзіўленне, калі, запрасіўшы аднойчы Клейна і Мрачэўскага да сябе на гарбату, я пераканаўся, што Мрачэўскі яшчэ горшы сацыяліст за Клейна… Той Мрачэўскі, які за тое, што зганьбіў сацыялістаў, страціў у нас пасаду... Ад здзіўлення я цэлы вечар не мог і слова сказаць, толькі Клейн употайкі цешыўся, а Мрачэўскага было не суняць.
Колькі жыву, нічога падобнага я не чуў. Маладзён гэты даводзіў мне, спасылаючыся на прозвішчы людзей, відаць, вельмі мудрых, што ўсе капіталісты – гэта злодзеі, што зямля павінна належаць тым, хто на ёй працуе, што фабрыкі, шахты і машыны павінны быць уласнасцю грамады, што зусім няма ані Бога, ані душы, якую прыдумалі ксяндзы, каб выдурваць у людзей дзесяціну. Далей ён казаў, што як зробяць рэвалюцыю (ён з трыма “прыказчыкамі”), дык з таго часу будзем мы ўсе працаваць толькі па восем гадзін, а рэшту часу будзем бавіцца, і ўсё роўна кожны будзе мець пенсію на старасць і пахаванне задарам. Нарэшце скончыў ён тым, што толькі тады настане рай на зямлі, калі ўсё будзе агульнае: зямля, будынкі, машыны і нават жонкі.
З прычыны свайго кавалерства (называюць мяне нават старым кавалерам) і таму, што ў гэтым дзённіку я не крыўлю душою, мушу прызнацца, што мне гэтае абагульненне жонак нават спадабалася. Больш нават скажу, у мяне з’явілася нейкая спагада да сацыялізму і сацыялістаў. Навошта, аднак, яны абавязкова хочуць рабіць рэвалюцыю, калі і без яе, бывала, людзі мелі агульных жонак?
Так я разважаў, але той самы Мрачэўскі вылечыў мяне ад сваіх тэорый, а разам перакрэсліў і мае планы.
Да слова, я ад усяго сэрца жадаю, каб Стах ажаніўся. Каб ён меў жонку, дык не мог бы так часта радзіцца з Колінсам ды пані Мэлітан, а каб яшчэ з’явіліся дзеці, дык, можа, ён тады не падтрымліваў бы гэтыя падазроныя стасункі. Бо куды гэта варта, каб такі чалавек, як ён, такі жаўнерскі характар, ды меў нешта агульнае з людзьмі, якія, як бы там не было, але не выйдуць на поле бою са зброяй у руках. Венгерская пяхота і, зрэшты, ніякая пяхота не будзе страляць у раззброенага праціўніка. Але часы мяняюцца.
122
123