Выбрать главу

Князь, падобна, сумеўся, але хутка авалодаў сабою і працягваў:

– Гаворка пра спра… то бок, пра план, а хутчэй… праект стварэння суполкі для спрыяння ў гандлі…

– Збожжам, – падаў голас нехта з кутка.

– Уласна кажучы, – працягваў князь, – гаворка не пра гандаль збожжам, а…

– Акавітаю,  – паспешліва падказаў той самы голас.

– Але ж, не!.. Пра гандаль, а хутчэй, пра спрыянне ў гандлі паміж Расіяй і замежжам таварамі, ну… таварамі… Бо наш горад адпавядае, каб стаць цэнтрам гэтакага…

– А што ж гэта за тавары? – запытаўся прыгорблены граф.

– Прафесійныя падрабязнасці мае ласку растлумачыць нам пан Вакульскі, чалавек… чалавек прафесійны, – закончыў князь. – Памятайма, аднак, панове, пра абавязкі, якія на нас накладае клопат пра справы публічныя і гэты няшчасны край…

– Далібог, зараз жа даю дзесяць тысяч рублёў!.. – выгукнуў маршалак.

– На што? – спытаў граф, які ўдаваў аўтэнтычнага англічаніна.

– Якая розніца! – важна адказаў маршалак. – Я пастанавіў пакінуць у Варшаве пяцьдзясят тысяч рублёў, дык няхай дзесяць пойдзе на дабрачынныя мэты, бо каханы наш князь цудоўна гаворыць!.. Разумна і з сэрцам, далібог…

– Перапрашаю, – азваўся Вакульскі, – але гаворка не пра дабрачынную суполку, а пра суполку, якая забяспечыць прыбыткі.

– Во як!.. – азваўся прыгорблены граф.

Тэк!.. – пацвердзіў граф-англічанін.

– Які там прыбытак з дзесяці тысяч! – запярэчыў маршалак. – З торбаю давялося б ісці пад Вострую Браму[126] з гэтакімі прыбыткамі.

Прыгорблены граф выбухнуў:

– Прашу слова ў абмеркаванні пытання: ці маем мы права грэбаваць малымі прыбыткамі! Гэта нас нішчыць! Гэта, панове… – крычаў ён, стукаючы пазногцем у парэнчу фатэля.

– Граф, – далікатна спыніў яго князь, – пан Вакульскі мае слова.

Тэк!.. – падтрымаў яго граф-англічанін і пачухаў свае буйныя фаварыты.

– Дык просім шаноўнага пана Вакульскага, – пачуўся новы голас, – каб тую публічную справу, якая нас усіх тут сабрала ў гасцінным доме князя, ён меў ласку прадставіць нам з уласцівай яму яснасцю і змястоўнасцю.

Вакульскі паглядзеў на таго, хто надзяляў яго яснасцю і змястоўнасцю. Гэта быў славуты адвакат, прыяцель і правая рука князя; ён любіў выказвацца красамоўна, адбіваючы такт рукою і прыслухоўваючыся да ўласных выслоўяў, якія заўсёды знаходзіў адметнымі.

– Толькі каб усім было зразумела, – буркнуў нехта з кутка, занятага шляхтаю, што ненавідзела магнатаў.

– Як вядома панам, – пачаў Вакульскі, – Варшава з’яўляецца гандлёваю станцыяй паміж Еўропаю заходняй і ўсходняй. Тут збіраецца і праходзіць праз нашы рукі частка тавараў французскіх і нямецкіх, прызначаных у Расію, з чаго мы маглі б мець пэўны прыбытак, каб наш гандаль…

– Не знаходзіўся ў руках жыдоў, – пачулася з боку стала, пры якім сядзелі купцы і прамыслоўцы.

– Не, – адказаў Вакульскі. – Прыбытак можа быць тады, калі б наш гандаль быў самавіты.

– З жыдамі не можа быць самавітага…

– Сёння, аднак, – перапыніў адвакат князя, – шаноўны пан Вакульскі дае нам магчымасць замяніць старазаконны капітал хрысціянскім…

– Пан Вакульскі сам далучае жыдоў да гандлю, – прагучаў закід апанента з купецкага стану.

Стала ціха.

– Тое, як я вяду свае справы, нікога не тычыцца, – працягваў Вакульскі. – Я паказваю панам шлях, як наладзіць гандаль Варшавы з замежжам, што з’яўляецца першай паловаю майго праекта і адной з крыніц даходу для краёвага капіталу. Другая крыніца – гэта гандаль з Расіяй. Там ёсць тавары, патрэбныя нам і танныя. Суполка, якая б імі занялася, магла б мець ад пятнаццаці да дваццаці працэнтаў гадавых з укладзенага капіталу. На першае месца ставім тканіны…

– Гэта азначае падрываць нашу прамысловасць, – пачуўся голас апанента з купецкае групы.

– Мяне не цікавяць фабрыканты, а толькі спажыўцы… – адказаў Вакульскі.

Купцы і прамыслоўцы пачалі шаптацца між сабою, незадаволена пазіраючы на Вакульскага.

– Вось і дабраліся мы да публічнага інтарэсу!.. – узрушаным голасам выгукнуў князь. – Пытанне паўстае такое: ці праекты шаноўнага пана Вакульскага карысная з’ява дзеля краю? Пане мецэнаце, – звярнуўся князь да адваката, адчуваючы патрэбу ў ягонай падтрымцы ў гэткай крыху клапатлівай сітуацыі.

– Шаноўны пан Вакульскі, – пачаў прамаўляць адвакат, – няхай мае ласку з уласцівай яму грунтоўнасцю растлумачыць нам: ці дастаўка тых тканін аж з гэткай далечыні не прынясе стратаў нашым фабрыкам?