Выбрать главу

Малады чалавек змоўк, яны былі ўжо ў Батанічным садзе, таму ён зняў капялюш. Вакульскі ўважліва назіраў за ім і зрабіў новае адкрыццё. Малады чалавек, хоць і выглядаў элегантна, але зусім не быў франтам, нават, здавалася, ён не клапаціўся пра свой выгляд. Валасы былі растрапаныя, гальштук крыху перакошаны, гузік на камізэльцы незашпілены. Можна было здагадацца, што нехта пільна сочыць за яго бялізнаю і гардэробам, з якім сам ён, аднак, абыходзіцца нядбала, і менавіта гэта нядбальства, якое праяўлялася надзіва шляхетным чынам, надавала яму своеасаблівую прывабнасць. Рухі яго былі нязмушаныя, бязладныя, але прыгожыя. Гэткая ж прыгожая была ў яго манера глядзець, слухаць, а хутчэй, не слухаць, і нават – губляць капялюш.

Яны падняліся на ўзгорак, з якога відаць было студню, празваную “кругляком[127]”. Навокал шпацыравала мноства люду, але Ахоцкага гэта не бянтэжыла і ён, паказаўшы капелюшом на адну з лавак, працягваў:

– Я неаднойчы чытаў, што шчаслівы той чалавек, у якога вялікія амбіцыі. Гэта няпраўда. Бо ў мяне якраз занадта вялікія імкненні, аднак яны робяць мяне смешным і адштурхоўваюць блізкіх людзей. Зірні, пан, на тую лаўку… Тут у пачатку чэрвеня, увечары, дзесьці а дзясятай гадзіне сядзелі мы з кузінкаю і паннаю Фларэнтынай. Свяціў месяц і нават салаўі яшчэ спявалі. Настрой у мяне быў рамантычны. Нечакана кузінка запыталася: “Ведаеш, кузіне, астраномію?” – “Крыху”. – “Дык скажы мне, якая гэта зорка?” – “Не ведаю, – адказаў я, – але адно дакладна, што ніколі мы не трапім на яе. Чалавек прымацаваны да зямлі, як вустрыца да скалы…” У гэты момант, – працягваў далей Ахоцкі, – абудзілася мая ідэя, ці нават манія… пра лятальныя машыны. А з-за таго, што калі думаю, я мушу хадзіць, дык я ўстаў з лаўкі і без развітання пайшоў ад кузінкі!.. На другі дзень панна Флора назвала мяне грубіянам, пан Ленцкі – арыгіналам, а кузінка цэлы тыдзень не хацела са мной размаўляць… І каб яшчэ нешта прыдумаў, дык не, абсалютна нічога. Хоць, здавалася, я мог паклясціся, што не паспею спусціцца з пагорка да студні, як народзіцца ў маёй галаве, прынамсі, прыкладны эскіз лятальнае машыны… Глупства якое, праўда?..

“Дык яны тут сядзяць вечарамі ў святле месяца, слухаючы салаўёў?... – падумаў Вакульскі і адчуў страшны боль у сэрцы. Панна Ізабэла ўжо кахае Ахоцкага, а калі яшчэ не кахае, дык толькі з-за ягоных дзівацтваў… Ну і слушна… прыгожы чалавек і незвычайны…”

– Натуральна, – правіў сваё Ахоцкі, – я і слова не сказаў пра гэта сваёй цётцы, якая мае звычку кожны раз, калі прышпільвае мне нейкую запінку, паўтараць: “Каханы Юлік, пастарайся спадабацца Ізабэле, бо гэта жонка акурат для цябе… Разумная і прыгожая, адна яна вылечыла б цябе ад тваіх трызненняў…” А я думаю сабе тым часам, што гэта за жонка для мяне?.. Каб, хаця, магла быць мне памочніцай, дык не бяды… Але хіба ж яна пакіне салон, каб сядзець у лабараторыі? Мае рацыю – гэта адпаведнае для яе атачэнне, птушка патрабуе паветра, рыба – вады… Ах, які цудоўны вечар!.. – дадаў ён праз момант. – Я сёння гэткі ўзрушаны, як ніколі. Але… што з панам такое, пане Вакульскі?

– Крыху стаміўся, – адказаў Вакульскі. – Можа б мы прыселі, хоць вось тут…

Яны ўселіся на схіле пагорка, на мяжы з Лазенкамі. Ахоцкі абапёр бараду на калені і глыбока задумаўся. Вакульскі глядзеў на яго з дзіўным адчуваннем: захапленне мяшалася з нянавісцю.

“Прастакаваты ці хітры?.. Навошта ён усё гэта мне расказвае?” – думаў Вакульскі.

Але мусіў прызнаць, што балбатня Ахоцкага мела тыя самыя адзнакі шчырасці і няўважлівасці, што і ягоныя рухі ды, зрэшты, усё ягонае аблічча. Яны спаткаліся ўпершыню, і ўжо Ахоцкі размаўляў з ім так, нібы яны былі знаёмыя з дзяцінства.

“Трэба скончыць з гэтым”, – сказаў сабе Вакульскі і глыбока ўздыхнуў перад тым, як запытацца:

– Дык пан жэніцца, пане Ахоцкі?..

– Хіба, каб звар’яцеў, – прабурчаў малады чалавек, паціскаючы плячыма.

– Як?.. Кузінка ж падабаецца пану?

– І нават вельмі, але гэтага не дастаткова. Я б ажаніўся з ёю, каб меў пэўнасць, што ўжо нічога ў навуцы не зраблю…

У сэрцы Вакульскага разам з нянавісцю і захапленнем бліснула радасць. У гэты момант Ахоцкі пацёр лоб, нібы абуджаны са сну, і, пазіраючы на Вакульскага, раптам сказаў:

– Але, але… Я і забыўся, што маю важнае пытанне да пана…

“Чаго ён хоча?..” – падумаў Вакульскі, уражаны сур’ёзным позіркам свайго канкурэнта і нечаканаю зменаю тону. Здавалася, што гэта гаворыць зусім іншы чалавек.