Наогул, вуліца выглядала чыстай, ціхай і вясёлай. У канцы яе віднеў нават край далягляду і купа дрэў, але той вясковы пейзаж, неўласцівы Варшаве, ужо пачалі закрываць рыштаванні і цагляная сцяна.
Ідучы па правым ходніку, Вакульскі заўважыў злева, амаль на сярэдзіне вуліцы, дом, надзвычай жоўтага колеру. У Варшаве надта шмат жоўтых дамоў, гэта, хіба, самы жоўты горад пад сонцам. Але гэтая камяніца выглядала яшчэ жаўцей за іншыя, і на выставе жоўтых рэчаў (якой мы некалі, пэўна, дачакаемся) атрымала б першую ўзнагароду.
Вакульскі падышоў бліжэй і пераканаўся, што не толькі ён звярнуў увагу на гэту незвычайную камяніцу, нават сабакі тут часцей, чым на нейкім іншым будынку, пакідалі свае візітоўкі.
“Ліха на яго! – шапнуў ён, – здаецца, гэта той самы дом…”
Гэта якраз і была камяніца Ленцкіх.
Ён пачаў разглядаць яе. Дом быў чатырохпавярховы, меў пару жалезных балконаў, і кожны паверх быў пабудаваны ў іншым стылі. Затое ў архітэктуры брамы панаваў толькі адзін матыў, а менавіта – веер. Верхняя частка мела форму раскладзенага веера, якім магла б абмахвацца дапатопная волатка, на абодвух створах брамы былі вялікія каваныя прастакутнікі, таксама ўпрыгожаныя па кутах да паловы адкрытымі веерамі. Але самым каштоўным упрыгожаннем брамы былі размешчаныя пасярэдзіне яе створаў дзве рэльефныя плешкі цвікоў, але гэткіх вялікіх, нібы імі брама была прыбітая да камяніцы, а камяніца да Варшавы.
Сапраўдным дзівам была падваротня з вышчарбленым насцілам, але затое з вельмі маляўнічымі пейзажамі на сценах. Было на ім гэтулькі ўзгоркаў, лясоў, скал і ручаін, што жыхары дома смела маглі не ездзіць на лецішчы.
Падворак, акружаны з усіх бакоў трохпавярховымі афіцынамі, выглядаў, як дно вялізнае студні, поўнай пахаў. На кожным рагу былі дзверы, а на адным – ажно двое дзвярэй, пад акном вартаўніка знаходзіўся сметнік і водаправодная калонка.
Вакульскі мімаходзь зазірнуў у шкляныя дзверы галоўнага ўвахода. Лесвіца, падобна, была вельмі брудная, затое побач была ніша, а ў ёй – німфа са збанком над галавою і з адбітым носам. Па тым, што збанок меў малінавую афарбоўку, твар німфы – жоўтую, грудзі – зялёную, а ногі – блакітную, можна было здагадацца: німфа стаіць насупраць акна з рознакаляровымі шыбкамі.
“Бач ты!..” – буркнуў сабе пад нос Вакульскі тонам, які не сведчыў пра надта моцнае захапленне.
У гэты момант з правае афіцыны выйшла прыгожая кабета з малою дзяўчынкаю.
– Калі ласка, мама, ці пойдзем мы ўжо ў парк? – запыталася дзіця.
– Не, дзіцятка. Зараз пойдзем у краму, а ў парк – пасля абеду, – адказала пані вельмі прыемным голасам.
Была гэта высокая шатэнка з шэрымі вачыма і правільнымі рысамі твару. Яны сустрэліся позіркамі з Вакульскім, і дама запунсавела.
“Дзе я бачыў яе?” – падумаў Вакульскі, выходзячы з брамы на вуліцу.
Дама азірнулася, але адразу адвярнулася, бо заўважыла, што ён глядзіць на яе.
“Так, – прыгадаў ён, – я бачыў яе ў красавіку ў касцёле, а пазней – у краме. Жэцкі нават спрабаваў звярнуць на яе маю ўвагу і казаў, што ў яе прыгожыя ногі. Сапраўды, ладныя”.
Ён вярнуўся ў браму і пачаў чытаць спіс жыхароў.
“Што?! Баранеса Кшэшоўская на трэцім паверсе!.. Што, што?! Марушэвіч у левай афіцыне на другім?.. Цікавае супадзенне. Чацвёрты паверх – студэнты… Але хто ж гэта прыгажуня? Правая афіцына, другі паверх – Ядвіга Місевіч, пенсіянерка, і Гэлена Стаўская з дачушкаю. Відаць, яна”.
Ён зайшоў на падворак і агледзеўся. Амаль усе вокны былі адчыненыя. У тыльнай афіцыне на доле была пральня, пад шыльдаю “парыжская”, з чацвёртага паверха чуўся стукат шавецкага малатка, ніжэй, на карнізе, буркавала пара галубоў, а з трэцяга паверха тае ж афіцыны ўжо некалькі хвілін чуліся размераныя гукі фартэп’яна, і вісклівае сапрана выводзіла гаму:
– А!.. а!.. а!.. а!.. а!.. а!.. а!.. а!..
Высока ўгары, на чацвёртым паверсе, Вакульскі пачуў гучны мужчынскі бас:
– О! Яна зноў прыняла кусіну…[129] Ужо з яе саліцёр лезе… Марысю, хадзі да нас…
Адначасова з вакна на другім паверсе з крыкам высунулася галава кабеты:
– Марысю!.. Зараз жа вяртайся дадому… Марысю!..
129