Выбрать главу

“Слова даю, гэта і ёсць пані Кшэшоўская”, – прашаптаў Вакульскі.

У гэты момант ён пачуў выразнае цурчанне: з чацвёртага паверха паліўся струмень вады, які трапіў на выхіленую галаву пані Кшэшоўскае, а потым паплыў па падворку.

– Марысю, хадзі да нас… – гукаў бас.

– Злыдні!.. – закрычала ў адказ пані Кшэшоўская, задзіраючы твар дагары.

Новы струмень вады лінуў з чацвёртага паверха і прымусіў яе змоўкнуць. Адначасова высунуўся малады чалавек з чорнаю шчацінаю на твары і, калі заўважыў, як адхіснулася пані Кшэшоўская, закрычаў прыгожым басам:

– Ах, гэта пані дабрадзейка!.. Моцна перапрашаю…

Адказам яму былі спазматычныя жаночыя рыданні з кватэры пані Кшэшоўскае.

– Вой, гора мне… Клянуся, той злыдзень нацкаваў на мяне гэтых шыбенікаў… Аддзячыў мне, што выцягнула яго з галечы!.. Што купіла яго каня!..

Тым часам на доле прачкі пралі бялізну, на чацвёртым паверсе шавец стукаў малатком, а на трэцім – гучала фартэп’яна і разносілася вісклівая гама:

– А!.. а!.. а!.. а!.. а!.. а!.. а!.. а!..

“Вясёлы дом, нічога не скажаш…”, – прамармытаў Вакульскі, атрасаючы кроплі вады, якія трапілі яму на рукаў.

Ён выйшаў з падворка на вуліцу і яшчэ раз агледзеў нерухомасць, уладальнікам якое збіраўся стаць, потым павярнуў на Алею Ерусалімскую. Тут ён узяў рамізніка і паехаў да адваката.

У пачакальні адваката ён застаў пару жыдкоў у лапсердаках і старую кабеціну з хусткаю на галаве. Праз адчыненыя дзверы з левага боку відаць былі шафы, запоўненыя актамі, тры практыканты нешта хутка пісалі, і сядзела некалькі наведнікаў з вашэцяў[130], з якіх у аднаго была фізіяномія крымінальніка, а ў астатніх – вельмі панылыя.

Стары лёкай з сівымі вусамі і недаверлівым позіркам зняў з Вакульскага паліто і запытаўся:

– У вяльможнага пана справа доўгая?

– Кароткая.

Ён правёў Вакульскага ў залу направа.

– Як адрэкамендаваць?

Вакульскі падаў візітоўку і застаўся адзін. Мэбля ў зале была абцягнутая аксамітам, як у вагонах першага класа, стаяла там некалькі аздобленых шафаў з кнігамі ў шыкоўных пераплётах, якія выглядалі, нібы іх ніхто не чытаў, а на стале ляжала некалькі ілюстраваных часопісаў і альбомаў, якія, здаецца, гарталі вельмі часта. У адным кутку залы стаяла гіпсавая скульптура багіні Феміды з масянжовымі вагамі і каленямі ў плямах.

– Пан мецэнат просіць!.. – прамовіў слуга праз прыадчыненыя дзверы.

У кабінеце славутага адваката мэбля была абцягнутая карычневаю скураю, на вокнах былі карычневыя заслоны, а на шпалерах – карычневыя ўзоры. Сам гаспадар быў апрануты ў карычневы сурдут і трымаў у руцэ вельмі доўгі чубук, які заканчваўся зверху бурштынам у фунт вагою ды з пёркам.

– Я быў упэўнены, што сёння шаноўны пан завітае да мяне, – сказаў адвакат, падсоўваючы Вакульскаму фатэль на колцах і папраўляючы нагою дыван, які крыху закасаўся. – Карацей кажучы, – працягваў ён, – мы можам разлічваць на нейкія трыста тысяч рублёў укладаў у нашай суполцы. А што неўзабаве пойдзем да натарыуса і што гатоўку збяром да апошняга гроша, дык тут пан можа разлічваць на мяне…

Усё гэта ён казаў, выразна вылучаючы больш важныя словы, паціскаючы Вакульскаму руку і скоса назіраючы за ім.

– А, так… суполка!.. – паўтарыў Вакульскі, сядаючы. – Гэта справа тых паноў, колькі яны збяруць гатоўкі.

– Ну, заўсёды капітал… – пачаў было адвакат.

– У мяне ён і без суполкі ёсць.

– Доказ даверу…

– Хопіць мне ўласнага.

Адвакат змоўк і паспешліва пачаў смактаць люльку.

– Маю просьбу да мецэната, – праз момант сказаў Вакульскі.

Адвакат утаропіўся ў яго, жадаючы адгадаць, што за просьба. Бо ад гэтага залежала манера слухаць. Аднак нічога пагрозлівага ён не ўгледзеў, і ягоная фізіяномія прыняла выраз сур’ёзнае, але сардэчнай зычлівасці.

– Я хачу купіць камяніцу, – працягваў Вакульскі.

– Ужо?.. – запытаўся мецэнат, падымаючы бровы і нахіляючы галаву. – Віншую, віншую… Гандлёвы дом нездарма называецца домам… Камяніца для купца, як стрэмя для вершніка: тады ён больш упэўнена пачуваецца. Гандаль, які не абапіраецца на гэткім рэальным фундаменце, якім з’яўляецца дом, гэта ўсяго толькі дробны гандаль. Пра якую ж камяніцу гаворка, калі ўжо пан ласкавы зрабіць мне гонар сваім даверам?

– Днямі павінен быць выстаўлены на аўкцыён дом пана Ленцкага…

– Я ведаю, – адказаў адвакат. – Сцены, наогул, трывалыя, сталярку варта было б паступова замяніць, паблізу парк… Баранеса Кшэшоўская дае не больш за шэсцьдзясят тысяч рублёў, канкурэнтаў, пэўна, не будзе, дык найдаражэй, за шэсцьдзясят тысяч рублёў і купім.