Выбрать главу

– А хоць і за дзевяноста тысяч, нават і больш, – удакладніў Вакульскі.

– Навошта?.. – аж падскочыў адвакат. – Баранеса за межы шасцідзесяці тысяч не выйдзе, дамы ніхто сёння не купляе… Зусім някепскі інтарэс…

– Мне ён будзе добры нават і за дзевяноста тысяч.

– Але лепш за шэсцьдзясят пяць тысяч…

– Я не хачу абіраць майго будучага супольніка.

– Супольніка?.. – выгукнуў адвакат. – Але ж шаноўны пан Ленцкі скончаны банкрут, толькі шкоды нарабіў бы пан, каб заплаціў яму некалькі лішніх тысяч рублёў. Я ведаю, як глядзіць на гэта ягоная сястра, графіня… Калі пан Ленцкі застанецца без гроша за душою, яго прыгожая дачка, якую мы ўсе любім, выйдзе за барона альбо за маршалка…

Вочы Вакульскага гэтак шалёна бліснулі, што адвакат змоўк. Ён глядзеў на яго і разважаў… Раптам стукнуў сябе па лбе.

– Шаноўны пан вырашыў аддаць дзевяноста тысяч рублёў за гэтую халупу?.. – спытаў ён.

– Так, – глуха адказаў Вакульскі.

– Ад дзевяноста адняць шэсцьдзясят… пасаг панны Ізабэлы… – прамармытаў адвакат. – Ага!..

Фізіяномія і ўся яго пастава змяніліся непазнавальна. Ён пыхнуў са свайго вялізнага бурштыну хмараю дыму, адкінуўся ў фатэлі і, жэстыкулюючы ў бок Вакульскага, пачаў гаварыць:

– Мы разумеем адзін аднаго, пане Вакульскі. Прызнаюся, што яшчэ пяць хвілін таму я падазраваў цябе сам не ведаю ў чым, бо намеры твае чыстыя. Але цяпер, павер мне, маеш ува мне толькі чалавека зычлівага і… саюзніка.

– Цяпер ужо я пана не разумею, – ціха прамовіў, апускаючы вочы, Вакульскі.

У адваката на твары выступіла густая чырвань. Ён пазваніў, увайшоў слуга.

– Нікога сюды не пускаць, пакуль я не паклічу, – загадаў ён таму.

– Слухаю пана мецэната, – адказаў пануры лёкай.

Яны зноў засталіся ўдваіх.

– Пане… Станіславе, – пачаў адвакат. – Пан ведае, што такое наша арыстакратыя і тыя, хто вакол яе круціцца?.. Гэта пара тысяч чалавек, якія смокчуць сілы з усяго краю, прагульваюць грошы за мяжою, прывозяць адтуль найгоршыя заганы, заражаюць імі здаровы яшчэ нібы сярэдні клас і самі гінуць без ратунку: эканамічна, фізічна і маральна. Каб прымусіць іх да працы, каб скрыжаваць з іншымі слаямі, дык можа… быў бы нейкі сэнс, бо гэта арганізмы больш субтыльныя за нашыя. Разумее пан… скрыжаваць, але… але не выкідаць на падтрымку іх па трыццаць тысяч рублёў. Вось у скрыжаванні я гатовы дапамагаць пану, а каб змарнаваць трыццаць тысяч, – не!..

– Я не разумею пана, – ціха адказаў Вакульскі.

– Разумееш, толькі не давяраеш мне. Гэта добрая якасць – недаверлівасць, дык лячыць ад яе пана я не буду. Толькі так табе скажу: Ленцкі-банкрут можа стаць… крэўным нават купца, а тым больш – купца-шляхціца. Але Ленцкі з трыццаццю тысячамі ў кішэні!..

– Пане мецэнаце, – спыніў яго Вакульскі, – ці згодзіцца пан ад майго імя ўдзельнічаць у аўкцыёне таго дому?

– Буду ўдзельнічаць, але звыш таго, што пані Кшэшоўская, дам не болей некалькіх тысяч. Прабач, пан Вакульскі, але сам сабе падымаць кошт я не буду.

– А калі знойдзецца трэці пакупнік?..

– Калі так, дык не пакіну яму шанцаў, каб дагадзіць панскаму капрызу…

Вакульскі падняўся.

– Дзякуй пану, – сказаў ён, – за шчырыя словы. Пан мае рацыю, але і я маю сваю рацыю… Грошы прынясу пану заўтра, а зараз – да пабачэння…

– Шкада мне пана, – адказаў адвакат, паціскаючы яму руку.

– Чаму ж гэта?

– Таму, пане, што той, хто жадае здабыць, мусіць перамагчы, прыціснуць праціўніка, а не карміць яго з уласнае спіжарні. Робіш памылку, якая цябе, хутчэй, адсуне, чым наблізіць да мэты.

– Памыляецца пан.

– Рамантык!.. Рамантык!.. – некалькі раз паўтарыў адвакат з усмешкаю.

Вакульскі выбег з дому адваката і загадаў рамізніку везці ў бок вуліцы Электаральнае. Ён быў раззлаваны, што адвакат адкрыў ягоную таямніцу і крытыкаваў ягоныя метады. Ясна, што калі хто хоча здабыць, дык мусіць прыціснуць праціўніка, але тут здабычаю мела быць панна Ізабэла!..

Выйшаў ён перад марнаю з выгляду крамкаю, над якою вісела чорная шыльды з жаўтлявым надпісам: “Кантора вэксаляў[131] і латарэі С. Шлянгбаўма”.

Крама была адчыненая, за прылаўкам, абабітым бляхаю і аддзеленым ад публікі драцяною сеткаю, сядзеў стары сівабароды жыд з лысаю галавою і сівой барадою, нібы прылепленай да “Кур’ера”.

– Дзень добры, пане Шлянгбаўм! – прывітаў яго Вакульскі.

Жыд падняў галаву і ссунуў акуляры з ілба на вочы.

– Ах, гэта пан дабрадзей?.. – адказаў ён, паціскаючы яму руку. – Што гэта, ужо і пану спатрэбіліся грошы?..