– Ведаю яго, ён пойдзе за шэсцьдзясят з нечым тысяч рублёў.
– Я хачу, каб ён пайшоў за дзевяноста тысяч, і мне трэба нехта, хто б падымаў цану на аўкцыёне да гэтае сумы.
Жыд вырачыў вочы.
– Як?.. Пан хоча заплаціць на трыццаць тысяч рублёў даражэй? – запытаўся ён.
– Так.
– Перапрашаю, але я не разумею. Бо каб гэта дом самога пана прадавалі, а Ленцкі хацеў яго купіць, тады пан меў бы інтарэс падбіваць цану. Але як пан купляе, дык пан мае інтарэс зніжаць цану…
– Маю інтарэс заплаціць даражэй.
Стары патрос галавою і праз момант загаварыў:
– Каб я пана не ведаў, дык падумаў бы, што пан робіць кепскі інтарэс, але я пана ведаю, дык я сабе думаю, што пан робіць… дзіўны інтарэс. Пан не толькі закопвае ў муры гатоўку і траціць на тым з дзесяць працэнтаў штогод, але яшчэ хоча пан заплаціць на трыццаць тысяч рублёў больш… Пане Вакульскі, – дадаў ён, беручы яго за руку, – не рабі, пан, гэткае бязглуздзіцы. Я пана прашу… Стары Шлянгбаўм пана просіць…
– Павер, пан, што мне гэта акупіцца…
Жыд раптам стукнуў сабе пальцам у лоб. Бліснулі ў яго вочы і зубы белыя, як перлы.
– Ха-ха!.. – зарагатаў ён. – Ну, які я ўжо стары, што адразу не сцяміў… Пан пану Ленцкаму дасць трыццаць тысяч рублёў… а той пану паспрыяе, можа, на сто тысяч рублёў… Git!..[132] Я пану дам ліцытанта, які за пятнаццаць рублікаў падаб’е кошт дому. Вельмі прыстойны пан, католік, толькі яму нельга даваць vadium[133] у рукі… Я пану дам яшчэ шляхетных кабет, што таксама за дзесяць рублікаў будуць падбіваць… Я магу даць яшчэ пару жыдкоў, па пяць рублікаў… Зладзім такі аўкцыён, што пан можа заплаціць за той дом хоць сто пяцьдзясят тысяч і ніхто не здагадаецца, у чым тут справа…
Вакульскаму было трохі прыкра.
– У любым выпадку справа павінна застацца паміж намі, – сказаў ён.
– Пане Вакульскі, – адказаў жыд урачыста, – я думаю, што пану не трэба было гэтага казаць. Панскі сакрэт – гэта мой сакрэт. Пан заступіўся за майго Генрычка, пан не пераследуе жыдоў…
Яны развіталіся і Вакульскі вярнуўся дадому. Там ён застаў ужо Марушэвіча, з якім паехаў у райтшуле[134], каб агледзець купленую кабылу.
Райтшуле складалася з двух злучаных паміж сабою будынкаў, якія разам утваралі нешта кшталту кукарды. У круглай частцы знаходзіўся манеж, у простакутнай – стайні.
Калі Вакульскі з Марушэвічам увайшлі, там якраз адбываўся ўрок верхавое язды. Чацвёра паноў і адна дама ездзілі цугам уздоўж сцен манежу, а пасярэдзіне стаяў дырэктар – мужчына з тварам вайскоўца, у сіняй куртцы, белых штанах у абцяжку і высокіх ботах са шпорамі. Быў гэта пан Мілер, ён камандаваў вершнікамі, дапамагаючы сабе доўгаю пугаю, якою час ад часу падсцёбваў каня за кепскія манеўры, але ж крывіўся пры гэтым вершнік. Вакульскі мімаходзь заўважыў, што адзін з паноў, які ездзіў без страмён, трымаючы правую руку за спінаю, мае міну круцяля, другі – ніяк не можа ўладкавацца паміж шыяю ды крупам каня, а чацвёрты выглядае так, нібы гатовы злезці і ніколі ў жыцці не практыкавацца больш у выездцы. Толькі дама ў амазонцы ездзіла смела і ўпэўнена, што Вакульскага навяло на думку, быццам няма на свеце для кабеты пазіцыі нязручнай або небяспечнай.
Марушэвіч пазнаёміў свайго спадарожніка з дырэктарам.
– Я ўжо чакаў паноў і гатовы служыць. Пане Шульц…
Прыбег пан Шульц, малады бландзін, таксама апрануты ў сінюю куртку і яшчэ больш высокія боты і цесныя штаны. З вайсковым паклонам ён узяў у рукі сімвал дырэктарскае ўлады, і Вакульскаму давялося пераканацца, што Шульц, нягледзячы на свой малады век, больш энергічна валодае бічом, чым сам дырэктар. Бо другі пан ажно сыкнуў, а чацвёрты пачаў нежартоўную сварку.
– Пан, – звярнуўся дырэктар да Вакульскага, – я прымаю кабылу барона з усім неабходным: сёдламі, гунькамі і гэтак далей?..
– Вядома.
– У такім выпадку пан мне павінны шэсцьдзясят рублёў за стайню, за якую мне пан Кшэшоўскі не заплаціў.
– Няма выйсця.
Яны ўвайшлі ў стойла, светлае, як пакой, нават аздобленае дыванамі, не надта, праўда, каштоўнымі. Яслі былі новыя і поўныя, драбіна таксама, на доле ляжала свежая салома. Але пільнае дырэктарскае вока заўважыла нейкую неахайнасць, бо ён крыкнуў:
– Што ж гэта за парадкі такія, пане Ксавэры, сто пар д’яблаў!.. Ці ў панскай спальні гэтаксама кансервуюцца падобныя рэчы?
Другі памочнік дырэктара паказаўся толькі на момант. Ён зазірнуў, знік і з калідора закрычаў:
– Войцэх!.. Сто тысяч д’яблаў… Зараз жа прыбяры, бо ўсё гэта я загадаю пакласці табе на стол…
132
133
134