– Стафан! Халера… – пачуўся трэці голас і брыдкаслоўе, – Калі ты мне хоць раз яшчэ, сабачае насенне, у гэткім выглядзе стайню пакінеш, дык я загадаю табе пазбіраць усё зубамі…
Адначасова пачулася некалькі тупых удараў, нібы кагосьці схапілі ды выцялі галавою аб сцяну. Праз акно стайні Вакульскі ўбачыў дзецюка з металічнымі гузікамі на куртцы, які выскачыў на падворак па мятлу і, шукаючы яе, мімаходзь даў у лоб разяватаму жыдку. Як прыродніку Вакульскаму цікава было назіраць гэту новую форму закону захавання энергіі, дзе гнеў дырэктара гэткім своеасаблівым шляхам абрынуўся ажно на істоту, што знаходзілася па-за райштуле.
Тым часам дырэктар загадаў вывесці кабылу на калідор. Гэта была прыгожая жывёліна на тонкіх ножках, з малою галоўкаю і вачыма, якія глядзелі дасціпна і жвава. Кабылка на хаду павярнулася да Вакульскага і абнюхала яго, фыркаючы, нібы бачыла ў ім гаспадара.
– Ужо прызнала пана, – сказаў дырэктар. – Няхай пан дасць ёй цукру… Прыгожая кабыла!..
Кажучы гэта, ён дастаў з кішэні кавалак бруднае субстанцыі, якая патыхала тытунём. Вакульскі даў гэта кабыле, яна без вагання ўзяла.
– Іду ў заклад на пяцьдзясят рублёў, што яна выйграе!.. – прапанаваў дырэктар. – Згодны, пан?
– Вядома, – адказаў Вакульскі.
– Выйграе абавязкова. Я дам дасканалага жакея, і сам навучу яго, як весці. Але каб яна заставалася ў барона Кшэшоўскага, дык няхай мяне пярун заб’е, прывалаклася б яна трэцяю да фінішу. Зрэшты, я нават не трымаў бы яе ў стайні…
– Дырэктар яшчэ не можа супакоіцца, – далікатна ўсміхнуўся Марушэвіч.
– Супакоіцца!.. – выгукнуў дырэктар, чырванеючы ад злосці. – Ну, няхай пан Вакульскі мяркуе, ці магу я падтрымліваць стасункі з чалавекам, які расказвае пра мяне, што я прадаў у Любельску каня з колерам!..[135] Гэткія рэчы не забываюцца, – крычаў ён усё гучней, – не забываюцца, пане Марушэвіч! І каб граф не залагодзіў скандал, пан Кшэшоўскі меў бы сёння кулю ў сцягне… Я прадаў каня, што меў колер!.. Каб нават давялося ад сябе дакласці сто рублёў, кабыла выйграе… Нават, каб здохла… Пераканаецца пан барон… Конь меў колер!.. Га-га-га! – дэманічна зарагатаў дырэктар.
Пасля агледзін кабылы панове пайшлі ў канцылярыю, дзе Вакульскі разлічыўся, прысягаючы сабе ніколі не гаварыць ні пра якога каня, што ў таго колер. Развітваючыся, ён запытаўся:
– Ці згадзіўся б пан дырэктар выставіць гэтую кабылу на скачкі ананімна?
– Будзе зроблена.
– Але…
– О! Няхай пан не хвалюецца, – адказаў дырэктар, паціскаючы яму руку. – Для джэнтльмена сціпласць – галоўная рыса. Спадзяюся, што і пан Марушэвіч…
– О!.. – пацвердзіў Марушэвіч і гэтак затрос галавою ды рукамі, што ў захаванні таямніцы, пахаванай у яго грудзях, нельга было сумнявацца.
Вяртаючыся паўз манеж, Вакульскі зноў пачуў, як стрэліла пуга, пасля чаго чацвёрты пан зноў пачаў сварку з намеснікам дырэктара.
– Гэта нахабства, мой пане!.. – крычаў чацвёрты. – Адзежына на мне трэсне…
– Вытрымае, – флегматычна адказаў пан Шульц, шчоўкаючы пугаю ў бок другога пана.
Вакульскі выйшаў з райтшуле.
Калі ён ужо развітаўся з Марушэвічам і сеў у брычку, яму ў галаву прыйшла нечаканая думка:
“Калі гэта кабыла выйграе, дык панна Ізабэла пакахае мяне…”
І ён раптам павярнуў назад. Яшчэ хвіліну таму абыякавая яму жывёліна стала сімпатычнаю і цікаваю.
Уваходзячы другі раз у стайню, ён зноў пачуў характэрны гук удару чалавечае галавы аб сцяну. І якраз з суседняга стойла выскачыў моцна зачырванелы стаенны хлопец Стафан з валасамі, закручанымі ў гэтакі віхор, нібы толькі што з іх нехта дастаў руку, і адразу за ім паказаўся фурман Войцэх, які выціраў аб куртку нібы запэцканыя пальцы. Вакульскі даў старэйшаму тры рублі, а малодшаму – рубель і абяцаў ім у будучым прэмію, абы кабыла была добра дагледжаная.
– Буду яе, пане, даглядаць лепш, чым уласную жонку, – паабяцаў Войцэх з нізкім паклонам. – Але і стары, здаецца, яе не пакрыўдзіць… На скачках, пане, заблішчыць кабылка, як шкельца…
Вакульскі ўвайшоў у стойла і з чвэрць гадзіны аглядаў кабылу. Непакоіла яго далікатнасць яе ножак, і ён сам уздрыгваў, калі бачыў дрыжыкі, што прабягалі па яе аксамітнай скуры, бо баяўся, што яна можа захварэць. Потым ён абняў яе за шыю, а калі тая паклала яму на плячо сваю галаву, пацалаваў яе і прашаптаў:
– Каб ты толькі ведала, што ад цябе залежыць!.. Каб толькі ведала…
З таго часу па некалькі разоў на дзень ён ездзіў у манеж, карміў кабылу цукрам і песціў яе. Ён адчуваў, што ў ягоным цвярозым розуме пачало ўкараняцца нейкае цемрашальства. Добраю прыкметаю ён лічыў, калі кабыла радасна вітала яго. Але калі была сумная, трывога ціснула яму сэрца. Дык ужо па дарозе да манежу ён казаў сабе: “Калі заспею яе вясёлаю, дык мяне панна Ізабэла пакахае”.
135