Бо, жадаючы схову,
Я закрыўся з галовай!..
Дык паганы лякай
Далей кліча «Ўставай!»
Ды за коўдру бярэцца…
Аж Казюк адазвецца
(Разбуджаны са сну):
«Дай спакой ты яму,
Ўжо ўстанем мы самі —
Йдзі скажы гэна маме!»
Лякай выйшаў. Казюк
Дай рабіці стук-грук,
На маё ложка ўскочыў,
Развясёлы — хахоча,
Успамінае Марылю,
Што аб ёй гаварылі…
Я маўчлівы… Ледзь слова
Магу мовіць… «Галова, —
Кажу, — надта баліць…»
Што рабіць? Што рабіць?
Ўсцяж пытанне вінецца:
Што рабіць? Куды дзецца?
Ці, адзеўшыся мо,
Уцячы праз вакно?!.
Кабы толькі з панамі
Не сустрэцца вачамі…
Ды прад любай дзяўчынай
Мне дарэшты не згінуць!..
Зноў лякай дакладае,
Што з гарбатай чакаюць;
Дык далей адцягаці
Нельга было — ўставаці
Трэ ужо нам, канешна…
Мы ускочылі спешна
Ды адзеты, памыты
Ідземо… моў прыбіты
За Казюкам цягнуся —
Так сарому баюся!..
А ў сталоўцы гасцей —
Хмара ўсякіх людзей:
I старых, і малых,
I сваіх, і чужых,
Я не помню нічога:
Ці казаў што да кога,
Ці каму пакланіўся…
Помню толькі: абліўся
Я гарбатай гарачай,
Як Марылю убачыў,
Што з баронам сядзела
Ды так дзіўна глядзела
На мяне, небарака…
Сколькі спёк я там ракаў[1],
Каб хацеў, не злічыў бы —
Ды і вас умарыў бы!..
Дык як ўсенька на свеце
Свой канец мае прэце —
Так і мука-гарбата
Мела ўрэшце канчатак:
Паны ўсталі і пані —
Ды з падзякай снядання
К Казюковай матулі
Грамадой пацягнулі…
Скарыстаў я з замехі
Ды з вялікім паспехам —
Міжы іншых паноў —
Падышоў да бацькоў
Кампана: за гарбату,
За гасціну, за свята
Я падзяку злажыў —
Але як? каб я жыў!
Сам я не разумеў,
Што казаці хацеў!
Дык і выйшаў мармыт
Адзін — проста, ну, стыд!
Потым йшчэ камусь руку
Я падаў ды з Казюкам
Наўцёкі пусціўся,
Ажно аж апыніўся
У сваім я пакоі…
Казюк сёе ды тое —
Усцяж трэле-гавора,
Ўспамінае, што ўчора
Мы так лоўка на балі
Ўдвох гулялі-скакалі;
Што ён вельмі шкадуе,
Чаму з бацькам еду я
(Гэны «хтось» быў мой татка
З сваёй простай апраткай!), —
Бо яму без мяне
Ўжо так весела не —
Час не будзе мінацца!
Ах, каб мог я астацца!..
Мне яго ўспамінанне
Ды па мне бедаванне —
Ўсенькі гэныя жалі
Косцяй ў губе стаялі:
Каму ўцеха, забава,
А мне выйшла няслава!..
Хаця ён — маладой
З панскай добрай душой
Майго гора не ведаў…
Я б ж? хацеў толькі з едаў
Усіх гэных звярнуцца,
Найдалей апынуцца,
Каб злажыці манаткі
Ды ўцячы без аглядкі!
Вось і кошык гатовы.
Шапку ўздзеў на галову
Ды пальточка на плечы
Я — гатоў да уцечы!..
«Ну, дык будзь жа здароў!»
I без лішніх там слоў
З Казюком абняліся
Ды з сабой рассталіся!..
Я стаю ўжо на ганку
Ды бацькаву хвурманку
Паглядаю скрозь вокам
На дзядзінцы шырокім…
Шмат бо была канёў
Ды з званкамі санёў,
Што паноў тых і паняў
Прывязлі на сняданне…
Ды ні бацькі, ні санак
Міжы панскіх хвурманак
Не чуваць ані духу…
Аж ў тым шэпча над вухам
Дворны лёкай паганы,
Што вун там, ля паркану,
Да хлявоў дзе дарога,
Каля санак «з убога»
Бацька здаўна чакае…
Пракляў ў душы лякая
За ягоны парады!..
Ды хоць вельмі нярады,
Мушу йсці пехатой
Праз хвурманак пастой
Прад палацу вакнамі!.
Чуць не плачу слязамі
Над нядоляй сваёй;
Пэўна, шмат хто з гасцей
Будзе ў вокны ўзірацца,
Нада мною смяяцца —
I барон, і Марыля,
I ўся панска хэўрыля!.
Стала мне гарачэ…
Хоць мароз аж пячэ
Ветрынёй студзяной,
Снег скрыпіць пад нагой
Я не йду, а ляту —
Кабы скончыць бяду!
Вось ўжо сані ды татка…
I не знаю: парадкам
Якім сталася гэна —
Толькі нейкая змена
У маёным паняцці
Пачала наступаці…
Стала стыдна мне стыду,
Паказаўся я брыдай
Для сябе нат самога…
Застыдаўся я — кога?
Свайго роднага таты!
Сваёй роднае хаты!
Сваёй роднай сярмягі!
Сваёй роднай павагі!
Сваёй роднае мовы —
Беларускай — вясковай!
Бяды свае з мусу!
Ды што я — з беларусаў!