Выбрать главу

Але ж ва ўзорнай вучаніцы Трэйбалавай таго задання таксама не было, а калі настаўніца выказала сваё здзіўленне, маўляў, як гэта так, Трэйбалава пачала плакаць, што ў іхняй сям'і гора, што татаў брат, дзядзечка Леапольд, які быў прафесарам у даследчым інстытуце, знік у палярных шыротах, што навуковая экспедыцыя, у якой ён удзельнічаў, учора вярнулася без яго, што тыя людзі тры месяцы марна шукалі яго непадалёк ад Паўночнага полюса, і таму ёсць сур'ёзнае падазрэнне, што дзядзечку Леапольда з'елі белыя мядзведзі; Трэйбалава заходзілася плачам і прычытала, што гэта быў самы добры дзядзечка на свеце, што са сваіх падарожжаў ён прывозіў падарункі для ўсёй сям'і і што яго ўсе вельмі любілі; так яна ўсё плакала і не магла супакоіцца, і настаўніца ёй тое заданне ўрэшце прабачыла; на перапынку ж Мах з Шэбеставай дамовіліся, што было б вельмі шкада, калі б такі добры чалавек вось так без нічога ніякага проста згубіўся, што яны гэтага добрага дзядзечку Леапольда паспрабуюць знайсці, а слухаўка, схаваная ў Маха ў тумбачцы, ім у гэтым абавязкова дапаможа, і што на Паўночны полюс яны выправяцца адразу ж пасля абеду.

Стоячы на школьным калідоры, яны нават не здагадваліся, што за рогам іх размову падслухоўваюць Горачак з Пажоўтам, а між тым пасля перапынку тыя двое ў клас ужо не вярнуліся — яны пайшлі ў недалёкі парк і прыселі на лавачцы, каб абмеркаваць наяўную сітуацыю; Пажоўт сказаў: «Чым на другі год, лепш уцячы ў Амерыку, паслухай, Горачак, мы ведаем, дзе Мах хавае чарадзейную слухаўку, скрадзем яе — і праз хвіліну мы ў Нью-Ёрку, там для пачатку папрацуем чысцільшчыкамі чаравікаў, зробімся мільянерамі і будзем інвеставаць у вытворчасць газы», — але Горачак, які быў меншы нягоднік, сказаў: «Каб ты ведаў, Пажоўт, у гэтым я табе не таварыш; Мах з Шэбеставай збіраюцца выратаваць нейкага прафесара, і калі мы ім у гэтым перашкодзім, гэты чалавек будзе на нашым сумленні», — на што Пажоўт задумаўся: «Эх ты, баязлівец, ну добра, паедзем тады з імі на Паўночны полюс, адтуль да Амерыкі рукой дастаць», — а калі Горачак вырачыў на Пажоўта вочы, як той збіраецца зрабіць так, каб Мах і Шэбестава ўзялі іх з сабой, той адказаў: «Ты не турбуйся, у мяне ўсё прадумана».

А калі потым Мах прыйшоў са школы дадому, спадарыня Махава сказала: «У тваім пакоі цябе чакаюць Горачак з Пажоўтам, я хацела іх выгнаць, але яны сказалі, што прынеслі табе важнае даручэнне ад спадара дырэктара», — а Мах сказаў: «Што за лухта», — і паспяшаўся ў свой пакой, але ж там ён ані Горачка, ані Пажоўта не знайшоў, спадарыня Махава абшукала ўсю кватэру, а потым сказала: «Вар'яцтва нейкае, куды гэтыя двое маглі падзецца?»

А пасля абеду, калі спадарыня Махава пайшла ў цырульню, Мах патэлефанаваў Шэбеставай і сказаў, што акцыя па выратаванні прафесара Трэйбала можа пачацца, і ўжо праз імгненне пачуўся званок у дзверы — гэта была Шэбестава, на ёй было маміна футра і татава футровая шапка-аблавушка, за сабой яна цягнула санкі, па якія схадзіла ў склеп, а побач з ёй сядзеў Джанатан, якога яна пазычыла ад спадарыні Кадрножкавай; Мах акінуў іх вокам і сказаў: «Трэба спяшацца, мне страшэнна горача», — што не дзіўна, бо на ім было чатыры швэдры, спачатку ён нават хацеў апрануць шэсць, аднак два загадкава зніклі, і Мах сказаў: «Ведаеш, Шэбестава, гэта проста дзіва нейкае: нібыта ў мяне нехта скраў два швэдры, а замест іх паклаў новенькія пальчаткі, вось, паглядзі», — а Шэбестава адказала: «Дык што ж, возьмем іх з сабой, запасныя нам не зашкодзяць», — і яны сунулі іх у заплечнік, яшчэ паклалі туды ежу і сякерку, потым Мах адшукаў у каморцы камлатую шапку, якую з Расеі прывёз дзядзька Карал, і вось нарэшце яны нешта сказалі ў слухаўку і разам з санкамі і Джанатанам расталі ў паветры.

Яны апынуліся сярод бясконцага снегу і лёду, вакол не было нікога, хто мог бы ім паказаць дарогу, мароз там быў такі жахлівы, што амаль немагчыма было ані дыхаць, ані гаварыць, і тым не менш Шэбестава сказала: «Гэй, Мах, вунь там нейкі цюлень, паспрабуем спытаць у яго?» — і папрасіла слухаўку ператварыць яе ў цюленя, пасля чаго яна з другім цюленем перакінулася парай словаў, а даведаўшыся, у якім баку Паўночны полюс, зноў зрабілася Шэбеставай і пераклала Маху цюленевы словы, а Мах сказаў: «Ну дык хадзем», — і папрасіў слухаўку ператварыць Джанатана ў сабачую запрэжку, Джанатан раптам размножыўся, з яго зрабілася шэсць Джанатанаў, запрэжаных у санкі, Мах з Шэбеставай на тыя санкі пагрузілі заплечнікі і селі самі, пасля чаго Джанатаны пабеглі, і санкі памчалі наперад, як на мазаных колах.