Выбрать главу

3. Пра тое, як Мах і Шэбестава купаліся ў Амазонцы

Аднойчы ўлетку Мах з Шэбеставай паклалі ў торбу ласты і пайшлі купацца на раку, дарогай яшчэ зайшлі па Джанатана, але спадарыня Кадрножкава, якая акурат выходзіла з кватэры, сказала: «Што вы, Джанатан сябе дрэнна паводзіў і нікуды не пойдзе, я зачыніла яго на гаўбцы і ён там прабудзе да самага вечара», — і пайшла па лесвіцы ўніз, але ж Мах выцягнуў слухаўку, сказаў у яе пару словаў, і ў яго на далоні раптам з'явіўся маленечкі Джанатан, зменшаны да двух сантыметраў, Мах пасадзіў яго ў торбу з ластамі, і яны пайшлі, а спадарыня Кадрножкава, якая стаяла перад домам са спадарыняй Крупічкавай, нават не здагадалася, каго яны нясуць у той чырвонай торбе.

А Мах з Шэбеставай адно аднаму весела падміргвалі і ўяўлялі, як яны будуць плёскацца ў вадзе з Джанатанам; дома ім трэба быць толькі а шостай, часу ў іх досыць, і яны вырашылі пайсці праз парк, каб паглядзець на фантан, а калі яны да яго падышлі, то ўбачылі, што вакол фантана поўзае нейкая тоўстая жанчына, а Мах сказаў: «Я яе ведаю, гэта спадарыня Крэчкава, што жыве на Стамбульскай вуліцы, у спадара Крэчка — ейнага мужа — ёсць грузавік, на якім ён дапамагае людзям перавозіць розныя рэчы», — а спадарыня Крэчкава ўбачыла Маха і пачала скардзіцца, што згубіла залаты пярсцёнак і што муж яе за гэта аблае, выцягнула з сіняй торбы з прадуктамі насоўку і расплакалася, а Мах нешта прашаптаў Шэбеставай, выцягнуў слухаўку і папрасіў у яе залаты пярсцёнак, наўмысна павярнуўшыся спінай, каб спадарыня Крэчкава не ўбачыла слухаўкі, тым не менш тая яе заўважыла і падумала: «Паглядзіце толькі, у гэтых дзяцей чарадзейная слухаўка, мне б яна вельмі нават прыдалася», — але калі Мах падаў ёй той залаты пярсцёнак, спадарыня Крэчкава ўзяць яго не схацела, сказаўшы, што ейны быў з сэрцайкам і муж пазнае, што гэта не той, і плакала бесперастанку, пасля чаго Шэбестава адвяла Маха ўбок і сказала яму: «Паслухай, Мах, я чытала, што недзе ў Перу ёсць пячора, пра якую ніхто не ведае, яна называецца Эльдарада, і кажуць, што некалі даўно інкі схавалі ў ёй аграмадную колькасць залатых рэчаў, каб яны не дасталіся гішпанскім заваёўнікам, думаю, там спадарыня Крэчкава змагла б сабе выбраць які-небудзь пярсцёнак», — а Мах сказаў: «Ну дык давай туды злётаем», — і адразу ж пра гэта папрасіў слухаўку, і ніхто войкнуць не паспеў, як яны ўсе разам з торбамі апынуліся ў Паўднёвай Амерыцы, пасярод той перуанскай пячоры.

І ва ўсіх ад здзіўлення адразу ж паадвісалі сківіцы, бо ў гэтай вялізнай пячоры паўз усе сцены былі паліцы, запоўненыя залатымі талеркамі і міскамі, накрыўкамі і конаўкамі, апалонікамі і мяшалкамі, на самым версе стаялі залатыя начоўкі, а ў самым нізе ляжалі горы пярсцёнкаў, Шэбестава адразу выбрала адзін з сэрцайкам, але ж спадарыня Крэчкава страціла да пярсцёнкаў усякую цікавасць: з сіняй торбы яна павыкідала ўсё, што купіла на вячэру, з чырвонай выкінула ласты, абедзве торбы напоўніла залатымі апалонікамі і мяшалкамі, вырвала ў Маха з рук слухаўку, сказала, што зараз жа хоча быць на Стамбульскай вуліцы, і знікла.

Слухаўка сказала: «На стамбульскай вуліцы, дык на стамбульскай вуліцы», — і так спадарыня Крэчкава апынулася на вуліцы ў Стамбуле, найвялікшым горадзе Турцыі; яна паставіла торбы на зямлю, слухаўку паклала ў сінюю, потым агледзелася, дзе, уласна, яна знаходзіцца, і ў тую ж секунду торбы зніклі — нейкі хлопец уцякаў з імі па вуліцы; спадарыня Крэчкава дзіка завішчала, потым убачыла, што за злодзеем пабег паліцыянт, але вішчаць не перастала, вакол яе ўжо сабраўся ладны натоўп, нейкі мужчына, які трохі размаўляў па-чэшску, узяўся ёй дапамагчы, але калі яна сказала яму, што яшчэ дзве хвіліны таму была ў Паўднёвай Амерыцы і нават не ўяўляе, дзе яна зараз знаходзіцца, а таксама што ў яе скралі дваццаць залатых мяшалак і трыццаць залатых апалонікаў, ён падумаў: «Божачкі, гэтая жанчына, пэўна, звар'яцела», — выклікаў хуткую дапамогу, і не паспела спадарыня Крэчкава вокам міргнуць, як апынулася ў вар'ятні.

А Мах з Шэбеставай сядзелі ў перуанскай пячоры і чакалі, ці вернецца па іх спадарыня Крэчкава; гэтак сабе сядзелі і сумавалі, пакуль Шэбестава ўрэшце не сказала: «А ну годзе, мне гэта ўжо надакучыла, мы хацелі купацца, дык і пойдзем купацца», — а Мах сказаў: «Праўда што», — пасля чаго яны ўзялі ласты, выбраліся з пячоры і пайшлі, вакол былі джунглі, што кішэлі малпамі і папугаямі, над вялікімі кветкамі лёталі маленечкія калібры, а Мах з Шэбеставай ішлі ўсё далей і далей; нарэшце Мах кажа: «Цікава, як мы да шасці трапім дадому, мы ў Паўднёвай Амерыцы, а слухаўка ў нас бог ведае дзе», — а Шэбестава кажа: «А мне цікава, як мы вернем Джанатана спадарыні Кадрножкавай, калі мы нават не ведаем, дзе ён, небарака, знаходзіцца», — і толькі яна гэта сказала, як убачыла за дрэвамі раку шырынёй не менш за пяць кіламетраў і сказала: «Гэй, Мах, гэта ж Амазонка, калі б спадарыня Крэчкава з намі засталася, яна б магла выкупацца ў найвялікшай рацэ свету», — на што Мах кіўнуў галавой і сказаў: «Цікава, што яна зараз робіць?»