Выбрать главу

4. Пра тое, як Мах і Шэбестава сустрэліся ў Афрыцы з чараўніком

Аднойчы ўвосень у Махаў у гасцях была цётачка Маня, і яна пачала скардзіцца на дзядзечку Карла, маўляў, ён увесь час толькі бурчыць, што яму абрыдла сядзець на пенсіі, проста слухаць яго немагчыма, і ўсё жалілася і жалілася, пакуль спадар Мах ёй не сказаў: «Эх, дзеўка, ды ты ж зразумей: Карал — былы пілот, ён дваццаць гадоў лётаў з Эўропы ў Афрыку, вядома ж, цяпер яму гэтага не стае», — а спадарыня Махава ўздыхнула: «Старасць — жахлівая рэч, яна чакае ўсіх і кожны з ёй павінен змірыцца, Карлу ўжо час забыць пра палёты», — але цётачка Маня яе перапыніла: «Ды што ты такое гаворыш, як ён можа забыць пра палёты, калі ён толькі пра гэта і думае, па начах бачыць пра гэта сны, а колькі грошай ён змарнаваў на розныя там латарэі — усё мне даводзіць, што аднойчы ён проста абавязаны выйграць, і тады ён зможа сабе купіць спартовы самалёт, зусім звар'яцеў стары».

Але калі Мах пераказваў гэта Шэбеставай па дарозе ў школу, Шэбестава сказала: «Ведаеш, Мах, я не думаю, што твой дзядзька зусім звар'яцеў, наадварот, мне вельмі сімпатычна, што яго дагэтуль цягне ў неба, дык давай яму як-небудзь дапаможам?»

Мах быў за, і яны адразу ж вырашылі зайсці да дзядзечкі Карла; той вельмі парадаваўся гасцям і распавёў Шэбеставай, як ён гуляў з малым Махам і нават навучыў яго азбуцы Морзэ, а Мах сказаў: «Дзядзечка Карал, мы з Шэбеставай падумалі, што калі табе так не стае тых палётаў, дык мы цябе можам ператварыць у стрыжа або ў бусла, і тады ты зможаш лётаць ад раніцы да ночы, што скажаш?» — і запэўніў дзядзечку, што для іхняй слухаўкі гэта не складзе праблемы, а дзядзька Карал ад такой прапановы трохі збянтэжыўся, але хутка авалодаў сабой і сказаў, што ён прапанову з радасцю прымае, якраз буслы адлятаюць у вырай, і ён разам з імі паўторыць доўгі пералёт у Афрыку; цётачка Маня не пярэчыла, яна была радая, што пару месяцаў зможа ад Карла адпачыць, сказала толькі: «Ляці», — і тады дзядзечка ёй сказаў: «Калі што якое, я буду ля возера Вікторыя, туды штогод злятаюцца буслы з усёй Эўропы», — пасля чаго Мах з Шэбеставай з дапамогай слухаўкі ператварылі яго ў прыгожага вялікага бусла з чырвонымі нагамі і доўгай дзюбай, і ён, задаволены, паляцеў.

Але тыдні праз два да Маха і Шэбеставай прыбегла цётачка Маня і паведаміла, што дзядзька Карал выйграў у латарэю вялікія грошы, а яна доўга вагалася, але ўрэшце купіла яму спартовы самалёт, і добра зрабіла, бо ён быў апошні, а цяпер той самалёт будзе стаяць у дрывотні і чакаць, пакуль Карал вернецца, што будзе яшчэ немаведама калі, і Мах з Шэбеставай пагадзіліся, што, безумоўна, недарэчна, калі прыгожы новы самалёт будзе дарма прастойваць, і паабяцалі цётачцы Мані, што заўтра ж выправяцца па дзядзьку, і як сказалі, так і зрабілі.

Ля возера Вікторыя быў жахлівы хаос, буслоў там было мо паўмільёна, і ўсе яны ляскалі дзюбамі, ад чаго ўтвараўся страшэнны гам; Мах паглядзеў на гэта і пакруціў галавой: «Ведаеш, Шэбестава, хай мяне разарве, калі дзядзька Карал сапраўды знаходзіцца ў гэтым дурдоме, ён ужо не малады і любіць спакой, а тут за пяць хвілінаў звар'яцець можна, іду ў заклад, што ён асеў недзе паблізу, дзе не так шумна», — Шэбестава з ім пагадзілася, і тут яны ўбачылі, што да іх набліжаецца мурынскі хлопчык з мяхом на спіне, тады Шэбестава папрасіла слухаўку зрабіць так, каб яна ўмела размаўляць на суахілі, і калі хлопчык падышоў бліжэй, спытала ў яго, ці няма ў наваколлі нейкага меншага азярца, дзе не так шумна.

На шчасце, хлопчык трапіўся вельмі прыязны, звалі яго Тумба, і ён сказаў, што якраз такое азярцо знаходзіцца адразу за вёскай, і ён іх да яго з радасцю завядзе, як толькі аддасць матулі гэты мех з тэрмітамі, якіх ён збіраў для курэй цэлы дзень; так яны пайшлі разам з ім, было невыносна горача, паабапал дарогі пасвіліся антылопы і зебры, трохі воддаль прабягаў статак жырафаў, а Тумба выпытваў, адкуль яны ўзяліся і чаму яны белыя, а тады пахваліўся, што ўжо бачыў белых людзей на малюнку ў школе, але ён баяўся, што ў вёсцы будзе вялікі пярэпалах, калі ён іх туды прывядзе, сказаў, што старыя бабы і малыя дзеці дакладна пачнуць дзіка енчыць, а калі Шэбестава ў яго спытала, ці не было б лепш, каб яны былі чорныя, Тумба задумаўся і сказаў, што, відаць, так, таму Мах папрасіў слухаўку зрабіць з іх дваіх мурынскіх школьнікаў; слухаўка з радасцю выканала просьбу, але Тумбу гэта так напалохала што, калі яны прыйшлі ў вёску, ён адразу ж пабег да чараўніка і закрычаў, што той хлопчык і тая дзяўчынка, якія з ім прыйшлі, — два магутныя чарадзеі, якія могуць рабіцца то белымі, то чорнымі, і гэта прынесла Маху і Шэбеставай нечаканыя праблемы.