Выбрать главу

Але радасць маладых людзей ад свайго грубага, неўтаймоўнага жыцця цягнулася нядоўга. Наступны выпадак раптам змяніў сітуацыю.

На завяршэнне зімніх забаваў рыхтаваўся канцэрт, удзельнікамі якога былі не толькі прафесійныя гарадскія музыканты, але і найлепшыя грунвізэльскія аматары. Бургамістр граў на віяланчэлі, доктар цудоўна валодаў фаготам, аптэкар, хоць і не меў добрых здольнасцяў, дзьмуў у флейту, некалькі грунвізэльскіх паненак развучвалі арыі з операў. Усё было падрыхтавана як мае быць. Тут стары прыезджы выказаў думку, што, канечне, такі канцэрт будзе выдатным, але ў ім не хапае дуэту, а без дуэтаў прыстойных канцэртаў увогуле не бывае. Гэтае меркаванне выклікала лёгкую разгубленасць: хоць дачка бургамістра і спявала як салавей, але дзе ўзяць вартага такой дамы спевака? Ужо хацелі спыніцца на арганісце, які калісьці цудоўна спяваў басам, але прыезджы сцвярджаў, што гэта – лішняе, бо яго пляменнік спявае непараўнальна.

Паведамленне пра гэтую выдатную здольнасць маладога прыезджага выклікала немалое здзіўленне. Яго запрасілі на рэпетыцю, і нягледзячы на яго незвычайныя манеры, тыповыя для англічаніна, ён праспяваў, як анёл. Хуценька пачалі рыхтаваць дуэт, і нарэшце надышоў вечар, калі вушы грунвізэльцаў павінныя былі спазнаць сапраўдную асалоду.

Стары прыезджы, на жаль, не мог прысутнічаць пры трыюмфе свайго пляменніка, таму што захварэў. Але ён даў бургамістру, які наведаў яго гадзінай раней, такія-сякія парады наконт пляменніка.

– Мой пляменнік – добрая душа, – сказаў ён, – але час ад часу яго апаноўваюць дзіўныя ідэі, і ён пачынае выдурняцца. Мне вельмі шкада, што я сам не магу прысутнічаць на канцэрце, бо пры мне ён стрымліваецца, як толькі можа, добра ведаючы, што будзе! Між іншым, у абарону ягонага гонару магу сказаць, што гэта ўсё – не душэўны парыў, а больш ідзе ад фізічных уласцівасцяў, гэта ўсё закладзена ў яго прыродзе. Ці не зробіце вы, пан бургамістр, ласку, калі яму раптам прыйдзе ў галаву ўскочыць на пюпітр ці нават паграць на кантрабасе, ці яшчэ нешта такое… ці не будзеце вы ласкавы толькі крыху паслабіць яму завязаную на шыі хустку ці, калі і гэта не дапаможа, зусім зняць яе? Тады вы пабачыце, якім паслухмяным і выхаваным ён зробіцца.

Бургамістр падзякаваў хвораму за давер і паабяцаў, калі з’явіцца такая патрэба, зрабіць усё так, як той сказаў.

Канцэртная зала была паўнюткая: сюды набіўся ўвесь Грунвізэль разам з наваколлем. Усё паляўнічыя, святары, чыноўны люд, сяляне і астатнія насельнікі, калі нават дабірацца давялося гадзіны тры, сабраліся тут з усімі сямейнікамі, каб з падзяліць з грунвізэльцамі рэдкую асалоду. Гарадскія музыкі паказалі сябе выдатнымі майстрамі. За імі выступіў бургамістр на віяланчэлі ў суправаджэнні флейты, на якой граў аптэкар; пасля арганіст праспяваў басовую арыю, атрымаўшы бурныя воплескі. Доктар таксама не быў абдзелены апладысментамі пасля ігры на фагоце.

Першае аддзяленне канцэрту скончылася, і ўсе з нецярплівасцю чакалі другога, у якім малады прыезджы з дачкой бургамістра мелі выканаць дуэт. Пляменнік з’явіўся ў шыкоўным касцюме і ўжо даўно прыцягваў увагу прысутных. Ён без лішніх словаў разваліўся ў фатэлі, зарэзерваваным для графіні з суседняга маёнтка; ён выцягнуў ногі далёка перад сабой, разглядаў усіх праз жудасную падзорную трубу, якой ён карыстўся, хаця быў у акулярах, і забаўляўся з вялізным сабакам, якога прывёў нягледзячы на забарону.

З’явілася графіня, для якой прызначаўся мяккі фатэль, але пляменнік і вухам не павёў, каб вызваліць ёй месца, – наадварот, ён усеўся яшчэ ўтульней, і ніхто не адважыўся сказаць яму што-небудзь. Паважаная дама мусіла сесці на простае саламянае крэсла ў асяродку астатніх жанчын гарадка і, канечне ж, раззлавалася.

Падчас цудоўнай ігры бургамістра, падчас выдатнай басавай арыі арганіста, нават калі доктар імправізаваў на фагоце, пляменнік загадваў свайму сабаку прынесці кінутую насоўку ці гучна балбатаў са сваімі суседзямі, так што ўсе, хто яго не ведаў, вельмі здзіўляліся з незвычайных паводзін маладога пана. Таму не дзіва, што ўсе прагна чакалі, як ён будзе выконваць дуэт.

Пачалося другое аддзяленне; гарадскія музыкі згралі штосьці кароткае, і вось бургамістр падыходзіць з дачкой да маладога чалавека, падае яму ноты і кажа: “Мсьё, ці не зробіце вы ласку праспяваць дуэт?”

Малады чалавек засмяяўся, выскаліў зубы, падскочыў і ў суправаджэнні іх дваіх падышоў да пюпітра. Публіка стаіла дыханне, чакаючы. Арганіст адбіў такт і зрабіў пляменніку знак пачынаць. Пляменнік прыгледзеўся праз вялізныя акуляры да нотаў і выдаў жудасныя агідныя гукі. Арганіст закрычаў яму: “На два тоны ніжэй, спявайце “до”!”