Выбрать главу

— Дык вот што, Хлябовіч, — пастукваючы пальцам па стале, надзьмуў тоўстыя губы, з халодным бляскам у вачах зірнуў на бацьку стары немец.— Маем загад з Івянца сёння ачысціць гэтую зону пад нумарам... Значыць, людзей трэба вывезці, а хутары i мястэчка спаліць...

Бацька, слухаючы, здаецца, пабялеў з твару, маўчаў — ад нечаканасці i страху не мог вымавіць i слова.

— За што гэта?— нарэшце прашаптаў ён, сціскаючы ў руцэ бульбіну.

— Партызан корміце i адзяецё...— сказаў немец.— Ворагаў нашых, ворагаў новага парадку... Вось i маем загад зрабіць мёртвую зону...

— Не кормім мы нікога...— пачала апраўдвацца маці.— Самі во без хлеба, без сала ды без солі жывём. Што тут дасі, калі сам усяму жадзён. Ды i не ведаем мы ніякіх партызан...

— Дзесяць мінут вам на зборы...— больш не стаў яе слухаць стары немец, падняўся.— На каня — i ў Янковічы... А ты хадзі сюды...— прамовіў ён i хацеў узяць маці за плячо, але яна адскочылася.— Тады хадзі ты, гаспадар...— павярнуўся, падышоў да бацькі, узяў яго за кашулю i павёў на двор.— Зобач, паглядзі!

Зірнуў i Казік, куды паказваў немец, i ўбачыў неспадзяванае i не паверыў спачатку сваім вачам: гарэлі суседскія хаты. Высока ўверх над імі ўскідваліся чырвона-жоўтыя языкі, шугалі, аж чуўся шум ад ix. Даносіўся i пах гарэлай саломы.

— А што ж гэта?— загаласіла маці.— Што ж гэта робяць з людзьмі?

— Збірайцеся, — нарэшце азваўся i паліцыянт, — Сёння i мястэчка, i хутары — усё будзе спалена. Аж да Ружэвіч. Вас вот яшчэ так, а мястэчка з раніцы абкружылі з усіх бакоў, пачалі збіраць усіх на аселіцы... Хто пробаваў уцячы — на месцы... Такая воля вялікага начальства. З Мінска, а можа, пават i з Берліна.

— Воля, воля...— перадражніла яго, плачучы, маці, — Каб яго, тое тваё начальства, дзень i ноч гарачка паліла...

Аж дзіва было: паліцыянт — грозны, злосны, прыдзірлівы — нічога не адказаў, адвёў позірк, як пабіты сабака, павярнуўся i пасунуўся на двор.

— Нy, хопіць гавэндаў, — зазлаваў стары немец i ўжо ў сенцах, каб чутно было, мусіць, на двары, прыкрыкнуў: — Лoc, лос шнэль!..[2]

— Толькі i ведаеце: шнэль адно...— перадражніла i старога немца маці.— Калі ўжо якая халера вас сашнэліць адгэтуль... О божачка, чым мы цябе так угнявілі, што ты на нас такую няміласць наслаў?..

Стары немец раптоўна павярнуўся, аж зачырванеўся, сціснуў губы.

— Калі праз пяць мінут не будзеце на дварэ, дык...— прысыкнуў ён.— Дык па законе ваеннага часу...

— Збірайся, Юзя...— ціха папрасіў маці бацька.— Паб'юць...

— А няхай i б'е, паліць!..— закрычала маці.— Колькi ж ужо можна мучыцца гэтак, у такім страху жыць. Як толькі яшчэ душа не перагарэла?..

— Дзеці ж, дзецям яшчэ жыць трэба...— сказаў бацька, падаючыся на двор — відаць, запрагаць каня.

— Мае вы дзетачкі! — загаласіла маці.— Во жыцейка вы бачыце... Навек упалохаюць вас...

Маці, неяк раптоўна згорбіўшыся, замітусілася па хаце, мусіць, нічога не бачыла перад сабою ад слёз. Узяла з калыскі Вэрцю i зноў паклала яе ў калыску. Кінулася да шафы, але нічога не дастала. Садрала з ложка дзяругу, разаслала на падлозе i пачала кідаць на яе падушкі, дзяругі, яшчэ раз адчыніла шафу i выхоплівала з яе сукенкі, ручнікі, прасцірадлы. Кідала долу i галасіла.

— Адзявайся i абувайся, сынок, — сказала яна праз хвіліну, усё плачучы.— Ты вялікі ўжо, сам... Адзін бог ведае, куды нас пагоняць i што з намі зробяць...

У Казіка ў роце стала суха i горача; ён, здаецца, не разумеў ніякага страху, але на самай справе адчуваў яго кожнаю жылкаю, адчуваў, што вось-вось будзе тая самая страшная бяда, якой яны кожны дзень баяліся... Ён знайшоў пад лаўкаю новыя лапцікі, за лета ні разу не абуваныя, палез на печ i выбраў мяккія анучкі.

Вярнуўся ў хату бацька, пачаў памагаць маці ўціскаць i завязваць клунак.

— Выходзь, Бронісь...— зазірнуў з сянец i нецярпліва падагнаў бацьку паліцыянт, — Давай скарэй на двор... Старшы наш едзе. З ім не пагаворыш: люты звер... З-за вас i мне ўляціць...

Бацька, нічога не адказаўшы, хутка апусціў у мех міскі, лыжкі, патэльні i гаршкі, выплюхнуўшы з ix у сенцы ваду i палуднёвую ежу, адчыніў паліцу i забраў з яе сподачкі, відэльцы ды збаны. Завязаў мех i панёс яго перад сабою на двор. Тады вярнуўся i пачаў збіраць харч — звараную бульбу, малако, яйкі. Маці дастала з калыскі Вэрцю, захутала яе ў свежыя полкі, моцна спавіла.

вернуться

2

Давай, давай хутчэй!.. (ням.)