Выбрать главу

Здымаў парою дзённую стому

Вясёлы дожджык.

Так і раслі мы.

Навыперадкі —

Я і клёнікі.

...Не стала матулі.

Не стала роднай хаты.

Сюды вяртаюся

У снах і ў думках.

І кожны дзень малюся небу —

Высокаму прыстанку

Светлай мамінай душы.

І ім, двум клёнікам, —

Апекунам майго маленства.

Падручнік па матэматыцы

...Ну вось і ўсё, мама. Надышоў першы дзень без Вас. Марудна цягнецца час. Мае старэйшыя сёстры збіраюцца ад’язджаць. Ларыса — на працу ў Засульскую бальніцу, што недалёка ад Стоўбцаў. Таіса — на вучобу ў Мінскае педвучылішча. Тамара, якая чакае дзіцятка, таксама збіраецца з мужам дадому, у Мінск. Алена пайшла дахаты яшчэ ўчора — яна жыве ў прыгарадзе Слуцка. А брат Грыша ўвогуле не змог прыехаць на пахаванне: сумная тэлеграма знайшла яго ў далёкай Манголіі, куды яго з калегамі накіравалі на будаўніцтва дамоў, са спазненнем на пяць дзён. Але ён прыедзе, мама, абавязкова прыедзе, толькі праз тыдзень.

У нашай новай прасторнай хаце нам трэба прывыкаць жыць утраіх — бабулі, бацьку і мне.

Я стаю на ўзмежку і ўглядаюся ў пажухлы бульбоўнік. Хутка восень. Думкі зусім не дзіцячыя. Праз некалькі дзён мне ісці ў першы клас. Не страш­на. Толькі нецікава. Чытаць і пісаць я даўно ўмею. Нават ведаю шмат слоў па-англійску: Ларыса ўжо некалькі месяцаў вучыць мяне правільнаму вымаўленню. Пачала чытаць «Трывожнае шчасце» Івана Шамякіна. Кнігу цяжка ўтрымаць у маіх худзенькіх дзіцячых руках, але гэта дробязь у параўнанні з той незвычайнай асалодай, якую я атрымліваю ад чытання. Якія ўжо тут «палачкі і кружочкі»!

Вы ж памятаеце той цікавы выпадак, як некалькі тыдняў таму бацька завёў мяне ў Сяражскую сярэднюю школу «на падрыхтоўку». Будучая мая першая настаўніца, Марыя Лаўрэнцьеўна Амбражэвіч, загадала нам намаляваць кружочкі, палачкі, квадрацікі. Бацька, які стаяў каля акна ў класе разам з іншымі бацькамі, усміхнуўся і кіўнуў мне галавою, маўляў, выконвай. Хоць дакладна ведаў, што да школы даўно падрыхтаваная. Я старанна і хутка выканала ўсё, што сказала настаўніца. Крыху счакаўшы, вырашыла, што, пэўна, трэба яшчэ нешта зрабіць. Здавалася, таго, што выканала, было для мяне мала. І я напісала наступнае: «Мяне завуць Зоя Янучок. Мой бацька Іван Паўлавіч працуе ў школе настаўнікам. Я буду вучыцца ў першым класе». Пасля я часта згадвала тое першае сваё сачыненне. Хто ведае, можа, з гэтага і пачаліся мае літаратурныя спробы пяра? Настаўніца тады была вельмі здзіўлена. Я толькі не зразумела, чаму яна ледзь не заплакала. А Марыя Лаўрэнцьеўна ўжо адчувала, якія выпрабаванні чакаюць яе будучую выдатніцу ў самым хуткім часе.

...Да мяне падыходзіць заплаканая Тамара, абдымае і дае ў рукі, мабыць, першую кнігу, якая трапілася ёй на вочы, з купленых бацькам для мяне падручнікаў — падручнік па матэматыцы для 1-га класа. Просіць, каб я не сумавала: «Не плач. Калі будзе вельмі цяжка — чытай кніжачку. Запомні, сястрычка, ніколі не расставайся з кнігай. Чытай. Старайся вучыцца, Зоечка».

І я старалася. Клопатам і дабрынёю сагравала мяне мая настаўніца пачатковых класаў. Пройдуць гады, і я прысвячу адзін са сваіх ранніх вершаў менавіта ёй, Марыі Лаўрэнцьеўне. Яна атрымае мой ліст, прачытае і дашле мне таксама ліст у адказ са шчырымі словамі падзякі. Але гэта ўсё будзе значна пазней...

1 верасня 1972 года

Раніца. Сястра Таіса заплятае мне косы. І прыгадвае, як Вы, мама, умелі надзвычай прыгожа заплятаць сваім дзяўчаткам валасы ў «каласок». На жаль, мне ўжо ніколі не адчуць на сваіх валасах дотык Вашых рук і не насіць такіх «жытнёвых каласкоў»...

Усё прыгожае і новенькае на мне: светла-карычневыя сандалікі, карычневая школьная сукенка ў складачкі, беленькі атласны фартушок. Толькі капронавыя стужачкі ў светлых валасах, купленыя старэйшай сястрою Аленаю, чорныя. Сёння я іду ў першы клас, мама. Бабуля хрысціць мяне, і я разам з бацькам і Таісай, якая прыехала, каб правесці мяне ў школу, выпраўляюся ў дарогу.

Іду той жа сцяжынкаю, па якой некалькі дзён таму, моцна трымаючыся за Ларысіну руку, ішла, праводзячы Вас у апошні шлях. На ёй яшчэ шмат крыху падвялых вяргінь. І мне ўяўляецца, што Вы побач. Ведаеце, мама, мною пройдзена ўжо нямала дарог, але кожную з іх я вывяраю тою сцяжынаю — Вашай апошняй і маёй першай. Першай у дарослае жыццё.

Вось і школа. Прыгожы двухпавярховы цагляны будынак. Шумна. Мора кветак. Усе ўсхваляваныя, асабліва бацькі першакласнікаў. Віншавальныя словы з новым навучальным годам дырэктара школы Аляксея Мікалаевіча Новіка, настаўнікаў. І вось ужо ў мяне ў руках цікавая рэч — школьны званок.