70. Варожба
Засьцянковая аповесьць
Бліжыцца поўнач. У гэтай парэ
Сон пахаджае па панскім дварэ.
Сьпяць, паканчаўшы звычайную працу,
Чэлядзь ў пякарні, паны у палацу;
Толькі стары вартаўнічы Ігнацы
Ходзіць з клякоткай і піпкай сваёй:
Двор сьцеражэ ад людзіны ліхой.
Ходзіць стары і мурмоча пад нос:
— Ну і пракляты ж сягоньня мароз!
Новы кажух прабірае, пся вера,
Быццам кажух — не кажух, а папера!
Брэша, ня зломіць старога жаўнера, —
Панна Эмілья, хай Бог ёй аддасьць,
Вызваліць з гора, ня пусьціць прапасьць.
Цёнгле, як толькі пачнецца цямнець,
Зараз палынаўкі з кухні нясець,
Міла глядзіць і ласкава сьмяецца:
— Хочаце, можа, Ігнацы, пагрэцца? —
Гэткі парадак ня ўсюды вядзецца!
Добрае сэрца! Павет абысьці,
Роўную паньне, бадай, каб знайсьці…
Адвэнт[1] на сходзе. Яшчэ да каляд
Тыдзень астаўся адзін акурат.
Неба у зорках, і кожна зь іх зьзяе,
Месяц зялёны свой сьвет пасылае,
Лёгкі марозік за шчокі хапае,
Сьнег пад нагамі прыемна рыпіць, —
Ведае варту Ігнацы, — ня сьпіць.
Панна Эмілья тым часам сабе
Вечар праводзіць у нейкай журбе:
Нейкія брэдні плятуцца дзяўчыне, —
Быццам яна не ў дварэ ахмістрыня,
Быццам яна не жывець ў ахвіцыне,
Быццам яна немаведама хто,
Хочацца сэрцу няведама што.
Ўспомніць мамульку, татульку, свой дом,
Ўспомніць сябе невялічкую ў ём,
Старшага брата і няньку-бабульку,
Тэклю, Агатку, Ганульку, Аршульку,
Даўных равесьніц… кароўку Рабульку…
Дзе яно ўсё? I ня вернеш тых дзён,
Зьнікла, як дым, расплылося, як сон!..
Страшна і ўспомніць далёкі той год
(Чорным яго называе народ), —
Пошасьць з касою па сьвеце хадзіла,
Панну Эмілью сіроткай зрабіла,
Родных, сямейку зямлёю пакрыла.
Доля, няйначай, — ў яе ўсё руцэ:
Ўзялі паны гадаваць пры дачцэ.
Ўстане, паходзіць і сядзе ізноў,
Б’ець у галоўку гарачая кроў;
Нейкія ў сэрцы парваліся тамы[2],
Твар то збляднее, то зробіцца ў плямы…
Стане прад маткай сьвятой з Вострай Брамы[3],
Просіць: «Прачыстая, згінуць ня дай,
Гора адкінь, ад бяды захавай!»
Ручкі заломіць, і сьлёзы цякуць…
Новыя думкі ізноў набягуць,
Жыцьце у людзях сабе выкладае,
Цяжкае жыцьце! Хаця спагадае
Маткі заступніца — пані старая,
Пан як бы родны, — нявесела жыць!
Час у жалобе, ў маркоце бяжыць.
Хочацца сэрцайку ласкі ня той, —
Хочацца спогадзі паньне другой…
Тэкля, Аршулька, Ганулька — малжонкі,
Шлюбныя носяць на пальцах пярсьцёнкі…
Моліцца панна да ўласнай патронкі:
— Панна сьвятая, ты неба ўмалі,
Вернага друга мне ў жыцьці пашлі!
Потым ўсьміхнецца прыгожа… Каму?
Ведама — пэўне, яму аднаму…
Рожы[4] цьвітуць на бялюсенькім твары,
Што ж тут за цуд і чые ж гэта чары?
Праўду сказаць? Вінаваты гусары,
Ну, хоць ня ўсе, дык, прынамсі, адзін
Паньне прычынай маркотных гадзін.
Статны, прыгожы, — праўдзівы жаўнер, —
Гляне — як сокал! Які ж кавалер!
Майстар на жарты які, на хіхоты,
Як удаецца ў шабунькі, ў залёты,
Лёсткі пушчаць — навучыся ў яго ты!
Як ён часамі умее глядзець,
Ў танцы які! — не пазволе сядзець!