Выбрать главу
Ручку як сьцісьне, на вуха шапне Слоўца такое, што й сэрца замрэ! Шкода, нядоўга яны пастаялі… Толькі тры тыдні ўсяго балявалі Гэтта ў дварэ і паехалі далей. Рушылі ў Вязьму, а стуль пад Маскву, Чуець паненка, маўляў, наяву,
Як прад ад’ездам ён цяжка ўздыхаў; Помніць — навекі аб ёй прысягаў, Як ад’язджаючы, бачыць, скланіўся… Праўда ж? Ці помніць? Ці, можа, забыўся? Любіць? Ня любіць?.. Ў другую ўлюбіўся? Можа, ўдаваў закаханьне на жарт? Трэба аб гэтым спытацца у карт!
Праўда, што адвэнт і грэх варажба, Што ж — калі гоніць ў сухоты журба! Бог міласэрны няхай выбачае… Панна Эмілья ў красэлка сядае, Талью картуе, шэсьць карт выкладае, Сёмая карта кладзецца пад ніз. Хітры пасьянс пачынае: «Маркіз».
— Любіць? ня любіць? Любіў? не любіў?.. Верным астаўся?.. Ці верным ня быў? — Шэпча паненка. Пасьянс збунтаваўся… Дзе ж той чырвоны кароль падзяваўся? Мусіць, ня любіць!.. Не, гэты ня ўдаўся!.. Іншы спрабую цяпер разлажыць — Час памаленьку бяжыць ды бяжыць.
Поўнач прайшла. У дварэ петухі Раз прапяялі з-пад цёплай страхі, Крайчыкам месяц з-за туч выглядае, Панна Эмілья варожб не кідае, Новы, хітрэйшы пасьянс раскладае: — Любіць, ня любіць, любіў, ашукаў, Верным астаўся ці ім не бываў?
Рыпнулі дзьверы… I вось на парог… Панначка — зірк! — гэта ж ён, далібог! Палец да губ прылажыў, усьміхнуўся, Дзьверы прымкнуў за сабой, азірнуўся. — Панна чакала, каб я дый вярнуўся? Ціха на пальчыках к ёй падышоў, Дзеўча адразу ня знойдзе і слоў.
Потым зьдзіўленьне крыху адышло. — Скуль пан узяўся і што прывяло? — Гэтак пытае. Урода асанны. Сам, як ягнятка, ласкавы, рахманы. — Жыць не магу без каханае панны! Мусіць, нігдзе не спаткаю такой… Дай ты мне шчасьце, вярні мой спакой!
Рукі злажыў і на коленкі стаў, К ножкам дзяўчаці галоўкай упаў. Панна Эмілья, смуціўшыся гэтым, Хоча устаць, адхіснуцца, а дзе там! Ён не пушчае і моліць ўсім сьветам: — Будзь гаспадыняй, царыцай маёй, Сэрца зьлячы мне, душу заспакой.
Што тут рабіць? Гэта ж могуць пачуць, Потым у  вочы усе засьмяюць: Панна уночы госьцяў прымае! Ручкай гусара з кален падымае, Просіць устаць, не крычэць, сунімае, Садзіць у крэсла, прыносіць вады… — Ціха, мой пане, наробіш бяды!
Людзі пачуюць, — нічога табе, — Сеў дый паехаў, і сам па сабе. Я ж і назаўтра тут мушу астацца; Будзе ад сораму недзе схавацца, Людзі пачнуць як навокал сьмяяцца: «Ў панны Эмілі ёсьць кавалер». — Хай не сьмяюцца! Бо плакаць, павер,
Будуць, паненка, яны над сабой, Покуль гуляю яшчэ з галавой, Покуль ня судзіць мне доля прапасьці, Хіба сама ты захочаш напасьці, Думкі ня споўніш маеі аб шчасьці. Ведай: прыехаў забраць я цябе, Ў разе ж нязгоды — застрэліць сябе.
Бачыш, кладу я на стол пісталет: Коркі падняты, набоі як сьлед. Добрая гэта турэцкая штука! Дзед адабраў на вайне ў мамалюка[5]; Можа, сягоньня прыдасца на ўнука. Воля твая: рассудзі, выбірай, — Шчасьцем дары ці насьмерць пакарай.
— Пан, не даеш мне з чаго выбіраць, Я не хачу ні судзіць, ні караць! Як жа так раптам… Ці ж можна, скажэце? То ж не гульня, а мы з панам ня дзеці, — Трэба падумаць яшчэ, паглядзеці. — Панна Эмілія, мне не пярэч! Хіба ня любіш?.. Ня панская рэч!
Пану да гэтага дзела няма, Ведаю думкі свае я сама, Можа б, любіла, каб гэтак ня ягліў[6], Так не пужаў і з адказам ня нагліў[7], Быў да паненак ня гэтак павадліў, Можа б, тагды і пайшла… А цяпер?! — Панна збляднела, маўляў, бы папер;
Хоча сказаць і баіцца сказаць, Вочкі спусьціла, павекі дрыжаць… Той жа гусар, як смала, прычапіўся, Ручку цалуе і з крэсла ўсхапіўся, Зноў на каленях у ног апыніўся. — Слонейка, — просіць, — кажы, не чакай: Ў пекла мне судзіш ці разам у рай?
вернуться

5

Тут у сэнсе: у турэцкага ваякі.

вернуться

6

Каб гэтак настырна не дамагаўся.

вернуться

7

Не прысьпешваў (паланізм).