Выбрать главу
Любіш — ня любіш, шкадуеш ці не, Дай жа спакою, ня мучай мяне! Сэрца паненскае, ведама, з воску, Возьмем мы места ці зьвернемся ў вёску, Толькі б агоньчык і зараз жа сьлёзку, Ясную сьлёзку на вочка пашле, Хоча — ня хоча, дый скажа «але».
Гэтак і з паннай Эмільяй было. Нешта ад сэрца к грудзям падышло, Потым у горле клубком перасела, Быццам бы выскачыць сэрца хацела; З вочак сьлязінка скацілась нясьмела, Сьледам другія сьпяшаюць ісьці… — Люблю, — кажа панна, — люблю… адпусьці!
Ускочыў, падскочыў гусар малады Так, як бы чорт ад сьвянцонай вады. Рады, сьмяецца і ручкі цалуе, Пусьціць, абніме, ізноў прымілуе, Ну, не раўнуючы, мора хвалюе! Нават апомніцца ёй не дае, Рупіць зьбірацца, капоцік ўзьдзяе.
Гасіць лаёўку, вядзець на парог, Клямку шукае… Ды Бог засьцярог: Панна зірнула каханку у вочы, — Так, як вугольлі, гараць сярод ночы… Верыць — баіцца, ня верыць — ня хоча. — Хто тут? — пытае. Ён цягне, маўчыць… Панна ў трывозе тады як ўскрычыць:
— Маці Прачыстая! Ў помач прыйдзі! Згінь ты, шатане, — мара, прападзі! Згінь, прападзі ты, нячыстая сіла! — Правай рукою яго ахрысьціла. Чуе: рука, што трымала, пусьціла. Прывід той страшны прапаў ў цемнаце. — Кінь варажыць ў адвантовым пасьце! —
Голас чужы з-за дзьвярэй прагрымеў. Панна… прачнулась. Ліхтар абгарэў, Мусіць, даўно дагарэла лаёўка, Смрод у сьвятліцы… балела галоўка, Ціха празь сені прайшла пакаёўка. Стары гадзіньнік паказвае пяць… — Ах, як заспалася!.. Трэба ж так спаць!

71. Канец Паўлючонка

I

         Ноччу позна, па кірмашу, Ехаў з места Паўлючонак, А празваньне меў «Жучонак», Гаспадар быў зь вёскі нашай, Ўнучак Паўла, сын Антося (Той быў к пану дапушчоны), Баўтрамеем быў хрышчоны, Чалавек быў з мухай ў носе.          Едзе ў страсе: цёмна, ціха… Ў дальнім лесе хтось рагоча… Уляпіў у цемню вочы, I здаецца… Што за ліха? Нехта йдзець сярод гасьцінца, Пэўне, двое, штосьць гамоняць. «А каго тут чэрці гоняць?» — Аж падняўся на драбінцэ. Бачыць: нейкіх аж тры цені Убок зышлі і разам сталі. Пад’язджае. Ўсе аддалі Хвалу божаму іменю. «Хто тут блудзіць?» — запытаўся Баўтрамей ў ліхой трывозе, Бо тагды, па той дарозе, Не адзін гультай бадзяўся. «Старцы, дзядзька! — Кныш, Вароба З Краснай Долі, Крук Нічыпар…» «А бадай жа вас Люцыпар Ці напасьніца хвароба! Чорт вас водзіць тут, галыткі, Добрым людзям на спатканьне, Хай вас трасца…» — «Годзе,  пане? Час пакінуць звычай брыдкі, — Кажа Кныш. — Ці ты маленькі, Што на нас дарам злорачыш[8]? Нам хады не запярэчыш Па гасьцінцу. Можа ўсенькі!» «Нас ня лай, — Вароба прэціць, — Бачыш, ночка: допуст боскі; Хоць ня многа вёрст да вёскі, — А ўсяго здалееш стрэціць. Лепш зрабі ты па-хрысцьянску, Падвязі, памей к нам ласку» Змардаваліся мы цяжка, — Чымся лаяць па-паганску». «Вох, разумны дзе знайшоўся! Хочаш езьдзіць надурніцу? Маеш дулю, пане Грыцу! Не з такім, браток, зышоўся!» Сьвіснуў пужкай па канёчку, Мэрам бічык, а ня пуга: «Но, Буланы! Но, шаўлюга! Марнаваць ня сьлед нам ночку». «Гэй, суседзе, — Кныш зноў крача, — Дай прысесьці ж на драбінку! А у цяжкую гадзінку Мы заплацім па-жабраччу». «Ну, ну, як жа, — маеш збыткі! — Так Баўтрук ў адказ рагоча. — Ходзіць ў латах, яшчэ хоча Заплаціць; а чым, галыткі?» Тут Нічыпар рыкнуў басам, Моўся той мядзьведзь з дубровы (Голас надта меў здаровы): «Падвязі да карчмы, васан!» «Што дасьце?» — Баўтрук на гэта. «Што ж у нас? Кіі, ружанцы…» «Дык прасіце, абарванцы, Хай лазаты дасьць карэту!» Ўдарыў лёйцам. Конь падскочыў, Як падстрэлена казуля. «Лепей чорта падвязу я!» — Баўтрамей пад нос мурмоча.
вернуться

8

Злорачыш — зьневажаеш, праклінаеш (паланізм).