II
Мрок запаў яшчэ цямнейшы,
Хоць калі ты шылам ў вочы,
Ў каляіне гразь хлюпоча,
А Баўтрук цяпер сьмялейшы:
«Хутка будаем, коню, ў хаце,
Скончым нашу райтараду[9],
Гаспадыня будзець рада,
Выйдзе з хаты спатыкаці!»
Аж цыганскую гаворку
Чуе раптам прад сабою.
Быццам йдуць яны гурбою
I вядуць аб нечым спорку.
«От яшчэ ня меў хваробы —
З цыганамі мець спатканьне:
Сядзець сам без запытаньня, —
Зьвесны нораў цыгановы!»
Як ні хоча ззаду быці,
Конік цягне дробным трусам…
Даганяе, хоць і мусам,
Зраўнаваўся, — што рабіці!
«Што за дзіва?» — Паўлючонку
Падкальнула ў сэрца нешта.
Толькі трое, а дзе рэшта?
Два цыганы йдуць і жонка.
«Здрастуй, бацьку!» — гыркнуў збоку
Цыган доўгі, чарнатвары,
I другі за ім да пары,
I цыганка: «Скуль, здалёку?»
«Еду з торгу». — «А, вяльможны!
Падвязі да карчмы хоця,
Бо па гэтакай хлюпоце
Пехатой ісьці ня можна».
«Рад бы я, ды сам ты бачыш,
Што на колах, братка, цесна,
Не усядземся сумесна…»
«Эй, аб чым ты, бацьку, плачаш!
Цыган, пане, як вужака:
Хоць ўшасьцёх здалелі б сесьці!
А ля карчмы хочам зьлезьці, —
Не замучыцца каняка».
Не пасьпеў Баўтрук паўслова
Адказаць на просьбу гэту,
А мужчыны і кабета
Шась на колы Баўтруковы!
«Н-но! Гані сваю шаўлюжку!
Дадай ходу!» — I рагочуць,
Штосьць па-свойму там стракочуць,
Адабралі лейцы, пужку…
Буркнуў быў на тыя рэчы
Баўтрамей, дык — д’ябла дзеці! —
Ледзьве здолеў усядзеці,—
Так заштурхалі у плечы.
«Сядзь спакойна ты, зрабніна!
Кінь плявузгаць гэтта лішку:
Вып’еш ў карчме тры кілішкі,
I заплацім, што павінна».
Што ты зробіш? Няма волі,
Іх жа сіла, перамога,
Дзякуй толькі Пану Богу,
Не спаткалася іх болі.
Праз гадзіну, — час кароткі
Баўтрамею доўгім здаўся, —
Сьвет з ваконца паказаўся
У карчомцы пана Ноткі.
«Ну вот, бацьку, гаварыў ты!
Зараз зьлезем, купім гары
I заплацім тры таляры —
Мы ня любім жаднай крыўды».
III
Цесна ў карчме — ў бочцы мэрам
Селядцоў, людзей набіта.
Дымам лямпачка спавіта
Тытунёвым, едкім, шэрым.
Гоман, грукат, сьмех і спрэчка…
Гэнам граюць, гэтта скокі
Вырабляюць, ўзяўшысь ў бокі,
Аж трасуцца сьцены, печка.
Баўтрамей спацеў, чырвоны
З цыганамі п’ець гарэлку,
Скінуў сьвіту і мяргелку,
Выглядае, моў шалёны.
Мусіць, дзюбнуў чарак многа, —
Нешта старцаў ўспамінае,
Зь іхняй долі выкпівае
I сьмяецца з Пана Бога.
«От, халеры! Дай ім хлеба,
Дай рызманчык, тое, сёе
Гультаям!.. За што, якое?
Суляць ласку божу зь неба…
Ласку божу!.. Абібокі!
Мне пуховы хлеб смачнейшы,
Ў роце коле, а сытнейшы,
А нябескі… вох, далёкі!
Кажуць, ў небе ёсьць збавіцель.
Мне здаецца — людзі брэшуць,
Языкі аб зубы чэшуць:
«Ёсьць збавіцель, спакусіцель…»
Тут цыган, што быў ля боку,
Лезе проста цалавацца:
«Можаш з царствам распраўляцца,
У галоўцы маеш клёку,
Маеш, братка! Мусім выпіць,
Я з бутэлькі выльлю рэшту».
На другіх міргнуўшы нешта,
Абмачыў ў гарэлцы кіпець.
Баўтрамей, як выпіў гэта,
Крэкнуў, плюнуў, аблізнуўся…
Цыган хітра усьміхнуўся.
«Прад табою, — кажа, — мэта:
Хочаш злота мець, як бруду?
Хочаш срэбрам слаць падлогу?
Хочаш медзі? Дам спрамогу,
Ўсё дастану, ўсё здабуду.
Хочаш панам быць прыдворным?
Грапам, князем, дваранінам,
А ня бедным селянінам,
Не хадзіць у целе чорным?..
Хочаш, браце?.. Ну, кажы нам?»
Баўтрамей крыху зьмяшаўся:
«Я папраўдзе не зьбіраўся
Быці нейкім кармазынам…»
«Ён ня думаў, — вох, прастота!
Хіба ты ужо напіўся? —
Цыган зноў жа прычапіўся: —
Ты кажы: ці ёсьць ахвота?»
«Быці панам… Жыць ў дастатку…
Быць ў пашане… Ўсё пазнаці, —
А за гэта… Што вам даці?!»
«Што? Драбніцу толькі, братку:
Нам душы тваёй ня трэба,
Не бяром цяпер ні ў кога, —
Адступіся ты ад Бога,
Адступіся ты ад неба.
Згода, слухай? Кажы: «ладна»!
Вып’ем разам гарнец мёду».
Баўтрамей ня чуў падходу
I згадзіўся безаглядна.
Цыган ўстаў з услону важна,
Ў правы, ў левы кут падзьмухаў.
«Ну, цяпер устань, і слухай,
I кажы за мной выразна».
Стаў Баўтрук, зьмяніўшысь ў твары,
Ўвесь дрыжыць, — калоціць фэбра[10], —
Дзеля злота, панства, срэбра
Прамаўляе ціха чары.
З кожным словам ўлазіць звольна
Сум ў душу і страх сьмяротны.
Прамаўляе неахвотны,
Над сабой цяпер ня вольны.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Скончыў цыган: «Сядзь, ягомасьць, —
Кажа чорны, — скончым дзела,
Пагуляем, братку, сьмела
За прыемную знаёмасьць».
Баўтрамей вачыма лыпнуў,
Як бы зараз ён прачхнуўся,
Глынуў сьліну, папярхнуўся.
«Я залішне, мусіць, лыкнуў,
Толькі што я відзеў страхі:
Ясны анёл з чорным біўся,
Гром грымеў, а сьвет зацьміўся,
I прапалі неба знакі.
Хтось душыў мяне за горла,
Аж пачуў я ў вуш’ю звоны,
Аж цяпер здаюцца шпоны
Тут, на шыі. Дух запёрла…»
«Глупства гэта. Вып’еш болей,
Мары, пане, зараз зьнікнуць, —
Цыган кажа, — нават пікнуць
Не адважацца ніколі».
Выпіў кубак мёду поўны
Баўтрамей, другім паправіў.
«Ты, цыгане, — кажа, — правіў,
Што я буду пану роўны,
Буду злота мець бязь ліку,
Срэбрам ў хаце біць падлогу,
Дай жа грошы, колькі змога,
Хоць бы тайстру[11] невяліку».
«О! За гэтым, брат, ня стане, —
Будуць грошы, будзе панства!
Маеш патэнт на дваранства:
Гэрбу Воўка на Кургане.
Маеш грошы: чыстым злотам
Мех скураны вось набіты.
Ну, цяпер, здаецца, квіты,
Ці чаго яшчэ ахвота?»
«Дзе, у ліха, больш хацеці? —
Баўтрамей ў адказ сьмяецца. —
Хопіць мне, і застанецца
Ашчасьлівіць нават дзеці!»
«Досыць? Добра! Схочаш болей,
Дзьмухні толькі ўлева, ўправа,
Па загаду зробім жвава,
Як ніхто, нігдзе, ніколі.
Віват! — крыкнуў цыган, — слава!
Жычу шчасьця Баўтрамею!»
I пайшла ў карчме завея,
I пайшла ў карчме забава.
Ўсё сплялося ў нейкім віры:
Рукі, твары, плечы, сьвіты,
Кужаль панскі, аксаміты,
Порт мужыцкі, скрыпкі, ліры.
Ў дзікім тахце рэюць зыкі,
Баўтрамей з цыганкай скача:
«Хадзі, імасьць, хадзі, ваша!
Скачы, пані!.. Чыкі-брыкі!..»