Выбрать главу

9. У чатырохлецьце «Нашае Нівы»

Ты, мой брат, каго зваць Беларусам, Роднай мовы сваёй не цурайся; Як ня зрокся яе пад прымусам, Так і вольны цяпер не зракайся.          Ад дзядоў і ад прадзедаў, браце,          Гэта скарб нам адзін захаваўся,          У сялянскай аграбленай хаце          Толькі ён незабраны астаўся. Ў старыну Беларус, не падданы, Гаспадарыў, быў сам над сабою I далёка у сьвеце быў знаны За літоўскай і ляшскай зямлёю.          Але час прамінуў, і нядоля          На народ, як бы камень, звалілась,          Беларуская слава і воля          Адышла, адцьвіла, закацілась. Не зьмяняючы шэрай апраткі, Працаваў ты, як вол, гаратліва, А у хаце тваёй недастаткі, А на ніве тваёй неўрадліва.          А чаму? Ты ня здольны, ці хворы,          Ці благі гаспадар, ці п'яніца?          Мусіць, не! Бо і іншым у пору          У цябе гаспадарыць наўчыцца. Сьветлы розум твой, брат, але дзетак Ад цябе, як і ўсё, адбіралі I на бацькаўскі родны палетак Працаваць-памагаць не пушчалі.          Хто хацеў, той і сьмеў рабаваці,          Без прыпросу зьязджаліся госьці —          Абдзіраць, аб'ядаць, апіваці          І крышыць гаспадарскія косьці. Можа б, ты і памёр і загінуў, Каб ня вешчая мова Баяна. Хто ж быў добры, яе хоць пакінуў? Як жа так, што яшчэ не забрана?          Бо што бачылі госьцікі-герцы —          І зямлю, і лясы, і кілімы, —          Ўсё забралі. А мову у сэрцы,          Ў сваім сэрцы хавалі-нясьлі мы. Дык шануй, Беларус, сваю мову — Гэта скарб нам на вечныя годы; За пашану радзімаму слову Ушануюць нас брацьця-народы!

10. Юдам

Да вас, паны, што голасна крычыце Аб прыязьні сваёй да «беднага народу», Што раіце па-лісьсяму: «Маўчыце, Нядоўга вам дамо багацтва, волю, згоду», — Да вас мой гэты верш і словы ўсе благія, Бо слова вы адны, а справамі — другія.         «Багацтва вам»… Няма вам нашай веры!         Бо ў той жа год ліхі, як ў полі не ўрадзіла,         Галоднаму на прокарм хлеба меры         Аднэй ня далі вы. I злаялі няміла… Калі для нас жадаеце багацтва, Нашто зь бяздольнага зьдзіраеце апратку? Нашто ж тагды вы плодзіце жабрацтва, Дамы пустошачы бязь ліку, без астатку?         «Мы волю вам»… Пракляцьце вам і зь ёю!         Чаму ад волі вашай мы стагнаць павінны?         Яна ланцуг над нашаю зямлёю;         Астрог на наш народ, спакойны і бязьвінны. Ня вюля гэта! Што нам ні цьвярдзіце, Мы вольнымі былі за даўнімі часамі. Ідзіце ж проч! I з воляю ідзіце! Да волі знанае хутчэй мы прыйдзем самі.         «Мы згоду вам»… Пакіньце ашуканства!         Вы — бойкі братняе чарнейшыя прарокі,         Бяз звады вам, нашэптаў, падтыканства         Нямілы Божы сьвет, ня ясны, не шырокі. Ня просім вас! Ня трэба вашай згоды! Свае вялікае дзядоўскае багацьце Хаваем мы; ад Бога ўсе народы I бацькі аднаго ўсе дзеці — людзі, брацьця.         Адкуль вы к нам? Чыйго племя і роду?         Зь якіх краёў прыйшлі бяз праўды і бяз сэрца?         І што вам з нас, ад нашага народу?         Чаму так жычыце яму хутчэй памерці? Га! Знаем вас, атручаньня найміты: Вы — служкі чорныя Ясьнейшага Мамона, Вы — мора бруд ля берагу намыты; Бяз дум і без мазгоў, вы — золата бяз звона.          Зь якіх краёў прыйшлі бяз праўды бяз сэрца?          Чаргою воўчаю зьяўляецесь усюды,          Дзе клічуць вас для крыўды, для націску          На праўду вечную… Вы… імя вам Іуды! Ідзіце ж проч! Бясплодна ваша трата На ласкі лісьсія. Пакіньце слова «брат»! Вы цяжкі сон. Каты… Вы горай ката! Кругом праклятыя, вам бацька, брат — дукат!