Выбрать главу

11. Песьня-звон

Гэй ты, маці, родна мова, Гэй ты, звон вялікі, слова,                Звон магучы,                Звон бліскучы,                З срэбра літы,                З злота зьбіты,                Загрымі ты,                      Загрымі! Гэй, званар, званар, мой пане, Бій у звон, як змогі стане,                Без спачынку,                Безупынку,                Потам зьліты,                Ім умыты, —                Бій, звані ты,                      Бій, звані! Гэй, гусьляр, пясьняр, мой браце, Грай, сьпявай у полі, ў хаце,                Дзе гарота,                Дзе галота,                Дзе нясыты,                Дзе няўмыты.                Ім спыні ты,                      Жаль спыні! Струны хай грымяць і рвуцца, З болю, з гневу. Хай сьмяюцца                Разам зь імі,                Не чужымі,                Голас чысты,                Залацісты,                Зь імі зьлій ты,                      Зь імі зьлій!..

12. Я. Коласу

Усе з аднэй мы выйшлі нівы, I сейбіт нас адзін кідаў, I кожан з нас той дзень шчасьлівы Ў сваёй душы благаслаўляў.         А вецер быў. I хто цяжэйшы,         Астаўся там, куды упаў,         А хто, як я, хто быў лягчэйшы,         Ў далёкі сьвет павандраваў. Бо сейбіт ёсьць другі на небе, Што судзіць нам гады і дні, — I ты узрос на роднай глебе, Пусьціў глыбока карані.          Здалеў, браток, на сьвет прабіцца          Спраміж сьвірэпкі і асок!          I можам мы табой гардзіцца,          Прыгожы, слаўны Каласок. Цьвіці ж, расьці, буйней надзіва Ў сям’і прыгожых васількоў. З тваіх зярнят хачу, праўдзіва, Убачыць поле каласкоў.

13. Песьня

На чужой староначцы Заняпаў душой, I згубіў здаровейка, І згубіў спакой. Не глядзелі б вочанькі На нялюбы сьвет, Маладое радасьці Прападае сьлед.          На чужой староначцы          Не цьвітуць сады,          Не сьпяваюць птушачкі.          Не лятуць сюды.          І чужое лецейка          Для мяне — зіма,          I чужога сонейка          Для мяне няма. На чужой староначцы Не шумяць лясы І няма прыгожасьці Ў палявой красы. Замірае душачка На чужой зямлі, А дамоў вярнуціся Не ў маёй валі.          Дзе ж вы, ніўкі родныя          I дубовы шум?          Засьпявайце голасна,          Каб пазнаў, пачуў.          Ўскаланіце песьняю          Векавечных сноў,          Ўскаланіце душачку,          Ўскаланіце кроў.

На чужыне

14. У выгнаньню

Край чужы — за веру кара — Сьнег, мароз ды горы. Белы сьвет, як чорна хмара, Заступілі горы.          Край чужы… I ты чужынец          Ўсім, ня свой здаесься:          Ходзіш скрозь, як той адзінец          Старакосны ў лесе. Ходзіш ты, ніякай мэты, Так, — абы цягацца, Знаць сабе: жывеш яшчэ ты… Для чаго ж, спытацца?          Хто цябе спагадным сэрцам          Да сябе прытуле?          Хіба з стрэльбы чужаверца          Чужаніца-куля. Хто цябе спаткае міла, Ў дом папросіць гожа? Хіба дол, адно магіла Разгарнуцца можа.          Што з таго — часамі сьніцца          Край, ў якім радзіўся?          Толькі мусяць сьлёзы ліцца, —          Лепі б і ня сьніўся!

15. Вясельле

Гэй, гуляй, ня думай, Не глядзі панура! Засьпявай, заіграй, Загудзі віхурай!          Грошы ёсьць! Сала ёсьць!          Бутэль манаполькі…          Ты ня стой, трунак свой,          Пій, гуляй і — толькі! Былі мы… Жылі там — На роднай краіне… А цянер тут — як зьвер… Жыцьце наша гіне.          Гэй, гуляй, налівай!          Будзем піці, браце!          Што у нас? Цяжкі час?          Э! аб чым казаці! Га-га га! Бач, нага Сама ў бокі скача, Заіграй, засьпявай!.. Не, брат: сэрца плача…          Дайце мне, дайце мне          Кварту не пустую, —          Я маё, я сваё          Сэрца пачастую. От дык так! От дзе смак! Эх ты, ведзьма-доля! Яшчэ — не, мала мне… Налівайце болей!          Гэй, крычы, не маўчы,          Сэрцу дай пацеху!          Заіграй, засьпявай,          Сьмеху, болей сьмеху! А што?! Не, вы мяне Не забілі, гады! Вось жа п’ю, вось пяю Зь сябручкамі рады!          Ты гуляй, не зважай,          Што сьляза на вочу, —          Гэта так, гэта я          Весяліцца хочу. Пі, гуляй! Грай, сьпявай!..