Выбрать главу

— Не, — адказаў Маўглі шэптам, бо лес прыціх, пасля таго як Балу скончыў сваю прамову.

— Народ Джунгляў не хоча іх ведаць і ніколі пра іх не гаворыць. Іх вельмі многа, яны злосныя, брудныя, бессаромныя і хочуць толькі таго, каб Народ Джунгляў звярнуў на іх увагу. Але мы не заўважаем іх, нават калі яны кідаюць арэхі і сыплюць бруд нам на галаву.

Не паспеў ён дагаварыць, як цэлы дождж арэхаў і сукоў пасыпаўся на іх з дрэў; пачуліся кашаль, віск і сярдзітыя скачкі высока над імі, сярод тонкіх галін.

— З Малпіным Народам забаронена вадзіцца, — сказаў Балу, — забаронена Законам. Не забывайся пра гэта!

— Ыгы, забаронена, — сказала Багіра. — Але я ўсё-такі думаю, што Балу павінен быў папярэдзіць цябе.

— Я?.. Я? Як мне магло прыйсці ў галаву, што ён будзе вадзіцца з такою дрэнню? Малпін Народ! Тфу!

Зноў арэхі дажджом пасыпаліся ім на галовы, і мядзведзь з пантэрай уцяклі, прыхапіўшы з сабою Маўглі. Балу гаварыў пра малпаў шчырую праўду. Яны жылі на верхавінах дрэў, а паколькі звяры рэдка глядзяць угору, дык Малпам і Народу Джунгляў не даводзілася сустракацца. Але калі малпам трапляў у рукі хворы воўк, або паранены тыгр, або мядзведзь, яны мучылі слабых і дзеля пацехі кідалі ў звяроў палкамі і арэхамі, спадзеючыся, што іх заўважаць. Яны пачыналі выць, выкрыквалі недарэчныя песні, клікалі Народ Джунгляў да сябе на дрэвы біцца, усчыналі за дробязі сваркі між сабой і кідалі мёртвых малпаў абы-дзе, напаказ усяму Народу Джунгляў. Яны ўвесь час збіраліся завесці і свайго важака, і свае законы і звычаі, але так і не завялі, бо памяць у іх была кароткая, не далей учарашняга дня. Урэшце яны памірыліся на тым, што прыдумалі прымаўку: «Усе джунглі будуць думаць заўтра так, як малпы думаюць сёння», і вельмі гэтым суцяшаліся. Ніхто са звяроў не мог да іх дабрацца, і ніхто не звяртаў на іх увагі — вось чаму яны так узрадаваліся, калі Маўглі пачаў гуляць з імі, а Балу на яго раззлаваўся.

Ніякай іншай мэты ў іх не было — у малпаў ніколі не бывае мэты, — але адна з іх прыдумала, як ёй здалося, пацешную штуку і аб'явіла ўсім астатнім, што Маўглі можа быць карысны для ўсяго іхняга племені, бо ўмее сплятаць галіны, каб бараніцца ад ветру, і калі яго злавіць, дык ён навучыць гэтаму і малпаў. Зразумела, Маўглі, як сын дрывасека, шмат што ведаў, сам не памятаючы адкуль, і ўмеў будаваць буданы з галля, сам не знаючы, як гэта ў яго выходзіць. А Малпін Народ падглядваў за ім з дрэў і парашыў, што гэта цікавая гульня. На гэты раз, гаварылі малпы, у іх і сапраўды будзе важак, і яны стануць сама мудрым народам у джунглях, такім мудрым, што ўсе іх заўважаць і пазайздросцяць ім. І таму яны ціхенька краліся за Балу і Багірай, пакуль не надышоў час адпачынку апоўдні і Маўглі, якому было вельмі сорамна, не лёг спаць паміж пантэрай і мядзведзем; ён парашыў, што больш не будзе важдацца з Малпіным Народам.

І тут праз сон ён адчуў нечыя рукі на сваіх плячах і нагах — цвёрдыя, дужыя маленькія рукі, — потым па твары захвасталі галіны, а потым ён здзіўлена ўбачыў між разгайданых верхавін зямлю ўнізе і Балу, які глуха роў, абуджаючы джунглі, а Багіра скачкамі падымалася ўверх па ствале дрэва, ашчэрыўшы белыя зубы. Малпы радасна завылі і пераскочылі ўгору на тонкія галіны, куды Багіра пабаялася лезці за імі.

— Яна нас заўважыла! Багіра нас заўважыла! Усе джунглі ў захапленні ад нашага спрыту і нашага розуму! — крычалі малпы.

Потым яны прыпусцілі бягом, а бег малпаў па верхавінах дрэў — эта штосьці такое, што немагчыма апісаць. У іх ёсць там свае дарогі і скрыжаванні, свае пад'ёмы і спускі, пракладзеныя на вышыні пяцідзесяці, сямідзесяці, а то і ста футаў ад зямлі, і па гэтых дарогах яны падарожнічаюць, калі трэба, нават уночы. Дзве сама дужыя малпы падхапілі Маўглі пад пахі і памчаліся разам з ім па верхавінах дрэў скачкамі даўжынёй дваццаць футаў. Без яго яны маглі б рухацца ў два разы хутчэй, але хлопчык сваім цяжарам затрымліваў іх. Як ні кружылася ў Маўглі галава, ён усё ж меў асалоду ад шалёных скачкоў, хоць зямля, што мільгала далёка ўнізе, палохала яго і сэрца замірала ад кожнага страшнага рыўка і штуршка пры пералёце над правалам з аднаго дрэва на другое. Два вартавыя ўзляталі разам з ім на верхавіну дрэва так высока, што тонкія галіны трашчалі і гнуліся пад імі, а потым з кашлем і вухканнем кідаліся ў паветра, уперад і ўніз, і павісалі на суседнім дрэве, чапляючыся за ніжнія сукі рукамі і нагамі. Іншы раз Маўглі бачыў перад сабой цэлае мора зялёных джунгляў, як чалавек на мачце бачыць перад сабой акіянскі прастор, потым галіны і лісце зноў пачыналі хвастаць яго па твары, і ён са сваімі двума вартавымі спускаўся амаль да самай зямлі. Так, скачкамі, з трэскам і вухканнем, усё малпінае племя імчалася па дрэвавых дарогах разам са сваім палоннікам Маўглі.