Выбрать главу

— Гэта лепш пасля, як-небудзь яснай ночкай, калі мы ўсе будзем сытыя і здолеем ацаніць расказ па заслугах, — хуценька адказала Багіра. — Наша дзіцяня цяпер у руках у Бандар-Логаў, а мы ведаем, што з усяго Народа Джунгляў яны баяцца аднаго Каа.

— Яны баяцца аднаго мяне! І нездарма, — сказаў Каа. — Балбатухі і дурныя выхвалякі, дурныя выхвалякі і балбатухі — вось хто гэтыя малпы. Але ваша дзіцяня не можа чакаць ад іх дабра. Яны рвуць арэхі, а калі надакучыць, шпурляюць іх уніз. Цэлы дзень яны гойсаюць з галінай, быццам абысціся без яе не могуць, а потым ломяць яе папалам і кідаюць. Вашаму дзіцяняці не пазайздросціш… Апрача таго, яны абзывалі мяне… жоўтай рыбінай, здаецца?

— Чарвяком, чарвяком. Земляным чарвяком, — сказала Багіра, — і яшчэ рознымі мянушкамі. Мне сорамна нават паўтараць.

— Трэба іх правучыць, каб не забываліся, калі гавораць пра свайго ўладара! Ааа-ссп! Каб як след памяталі! Дык куды ж яны пабеглі з дзіцянём?

— Адны толькі джунглі ведаюць. На захад, я думаю, — сказаў Балу. — А мы ж лічылі, што табе гэта вядома, Каа.

— Мне? Адкуль гэта? Я хапаю іх, калі яны трапляюцца мне на дарозе, але не палюю ні на малпаў, ні на жаб, ні на зялёнае багавінне ў сажалцы. Хссс!

— Угору, угору! Угору, угору! Хіла! Іла! Іла, паглядзі ўгору, Балу з Сіянійскай Чарады!

Балу зірнуў угору, каб даведацца, адкуль чуецца голас, і ўбачыў каршуна Чыля, які плаўна спускаўся ўніз, і сонца свяціла на прыўзнятыя краі яго крылаў. Чылю даўно пара было спаць, але ён усё яшчэ кружыў над джунглямі, шукаў мядзведзя і ніякне мог разгледзець яго скрозь густую лістоту.

— Што здарылася? — спытаў Балу.

— Я бачыў Маўглі ў Бандар-Логаў. Ён прасіў перадаць гэта табе. Я прасачыў за імі. Яны панеслі яго за раку, у малпін горад — у Халодныя Бярлогі. Магчыма, яны застануцца там на ноч, магчыма — на дзесяць начэй, а магчыма — на гадзіну. Я загадаў кажанам пасачыць за імі ўночы. Вось што мне было даручана. Добрага палявання ўсім вам унізе!

— Поўнага валляка і моцнага сну табе, Чыль! — крыкнула Багіра. — Я не забуду пра цябе, як выйду на паляванне, і пакіну цэлую галаву табе аднаму, о найлепшы з каршуноў!

— Дробязі! Дробязі! Хлопчык сказаў Запаветнае Слова. Нельга было не памагчы яму! — Чыль зрабіў круг над лесам і паляцеў на начлег.

— Ён не забыў, што трэба сказаць! — радаваўся Балу. — Падумаць толькі: гэтакі маленькі, а ўспомніў Запаветнае Слова Птушак, ды яшчэ калі малпы валаклі яго па дрэвах!

— Яно было моцна ўбіта яму ў галаву, гэтае слова! — сказала Багіра. — Я таксама ганаруся дзіцянём, але цяпер нам трэба спяшацца да Халодных Бярлогаў.

Усе ў джунглях ведалі, дзе знаходзіцца гэтая мясціна, але рэдка хто бываў там, бо Халоднымі Бярлогамі называлі стары, закінуты і мёртвы горад, што згубіўся ў гушчары лесу; а звяры не будуць сяліцца там, дзе раней жылі людзі. Хіба толькі вепр паселіцца ў такой мясціне, але не паляўнічае племя. Ды і малпы бывалі там не часцей, чым у любым іншым месцы. Ніводзін звер, які паважае сябе, не падыходзіў блізка да горада, хіба толькі ў час засухі, калі ў напаўразбураных вадаёмах і басейнах заставалася яшчэ вада.

— Дабірацца туды палову ночы поўным ходам, — сказала Багіра.

І Балу адразу затужыў.

— Я з усяе сілы буду спяшацца, — сказаў ён з трывогай.

— Мы не можам цябе чакаць. Бяжы за намі, Балу. Нам трэба спяшацца — мне і Каа.

— Хоць ты і на чатырох лапах, а я ад цябе не адстану, — коратка сказаў Каа.

Балу намагаўся бегчы за імі, але вымушаны быў спачатку сесці і перадыхнуць, так што яны пакінулі мядзведзя, каб ён потым даганяў іх, і Багіра памчалася ўперад імклівымі скачкамі. Каа маўчаў, але як ні спяшалася Багіра, вялізны ўдаў не адставаў ад яе. Калі яны дабраліся да горнай рэчкі, Багіра апынулася наперадзе, бо пераскочыла паток, а Каа пераплыў яго, трымаючы галаву і шыю над вадой. Але на роўнай зямлі ўдаў зноў дагнаў Багіру.

— Клянуся зламаным замком, што вызваліў мяне, ты някепскі хадок! — сказала Багіра, калі апусціўся змрок.

— Я прагаладаўся, — адказаў Каа. — Апрач таго, яны абзывалі мяне плямістай жабай.

— Чарвяком, земляным чарвяком, ды яшчэ жоўтым!

— Усё роўна. Давай уперад, — І Каа нібы ліўся па зямлі, пільным вокам знаходзіў сама кароткую дарогу і рухаўся па ёй.

Малпін Народ у Халодных Бярлогах зусім не думаў пра сяброў Маўглі. Малпы прывалаклі хлопчыка ў закінуты горад і цяпер былі вельмі задаволены сабой. Маўглі яшчэ ніколі не бачыў індыйскага горада, і хоць гэты горад ляжаў увесь у руінах, ён здаўся хлопчыку вялікапышным і поўным цудаў. Адзін багаты князь пабудаваў яго даўным-даўно на невысокім узгорку. Яшчэ відаць былі рэшткі брукаваных дарог, што вялі да разбураных варотаў, дзе апошнія абломкі гнілых дошак яшчэ віселі на заржавелых завесах. Дрэвы ўраслі каранямі ў сцены і ўзвышаліся над імі; зубцы на сценах абваліліся і рассыпаліся ў пыл; паўзучыя расліны выбіліся з байніц і звісалі са сценаў вежаў, быццам касматыя бізуны.

полную версию книги