Выбрать главу

— Праўда, — сказаў Маўглі, — усе джунглі баяцца Багіры, усе, апрача Маўглі.

— О, ты — чалавечае дзіцяня, — сказала чорная пантэра вельмі пяшчотна. — І як я вярнулася ў свае джунглі, так і ты павінен урэшце вярнуцца да людзей, да сваіх братоў, калі толькі цябе не заб'юць на Радзе.

— Але за што камусьці забіваць мяне? — спытаў Маўглі.

— Зірні на мяне, — сказала Багіра.

І Маўглі пільна паглядзеў ёй у вочы. Вялікая пантэра не вытрымала і адвярнулася.

— Вось за што, — сказала яна, і лісце зашамацела пад яе лапай. — Нават я не магу глядзець табе ў вочы, а я ж нарадзілася сярод людзей і люблю цябе, Маленькі Брат. Другія цябе ненавідзяць за тое, што не могуць вытрымаць твой позірк, за тое, што ты разумны, за тое, што ты выцягваеш у іх стрэмкі з лап, — за тое, што ты чалавек.

— Я нічога гэтага не ведаў, — панура прамовіў Маўглі і насупіў густыя чорныя бровы.

— Што гаворыць Закон Джунгляў? Спачатку стукні, потым падавай голас. Па адной тваёй бестурботнасці яны пазнаюць, што ты чалавек. Будзь жа разважлівы і асцярожны. Сэрца падказвае мне, што калі Акела дасць маху на наступным паляванні — а яму з кожным разам становіцца ўсё цяжэй і цяжэй забіваць, — ваўкі перастануць слухацца яго і цябе. Яны збяруць на Скале Рады Народ Джунгляў, і тады… тады… Я ведаю, што рабіць! — крыкнула Багіра і падхапілася. — Ідзі хутчэй уніз, у даліну, у хаціны людзей, і дастань у іх Чырвоную Кветку. У цябе будзе тады саюзнік дужэйшы за мяне, і за Балу, і за тых ваўкоў Чарады, якія любяць цябе. Дастань Чырвоную Кветку!

Чырвонай Кветкай Багіра называла агонь, бо ніводзін звер у джунглях не назаве агонь яго сапраўдным іменем. Усе звяры смяртэльна баяцца агню і прыдумваюць сотні імёнаў, абы толькі не называць яго сапраўдным іменем.

— Чырвоную Кветку? — сказаў Маўглі. — Яна расце перад хацінамі на змярканні. Я дастану яе.

— От гэта гаворыць дзіця чалавека! — з гордасдю сказала Багіра. — Не забудзь, што гэтая кветка расце ў маленькіх гаршках. Раздабудзь яе як мага хутчэй і трымай пры сабе, пакуль яна не спатрэбіцца.

— Добра! — сказаў Маўглі. — Я іду. Але ці ўпэўнена ты, о мая Багіра, — ён абвіў рукою яе цудоўную шыю і зазірнуў глыбока ў вялікія вочы, — ці ўпэўнена ты, што ўсё гэта хітрыкі Шэр-Хана?

— Так, клянуся зламаным замком, які вызваліў мяне, Маленькі Брат!

— Тады клянуся буйвалам, што выкупіў мяне, я заплачў за гэта Шэр-Хану спаўна, а можа, нават і з лішкам, — сказаў Маўглі і памчаўся прэч.

«Вось чалавек! У гэтым відаць чалавек, — сказала сама сабе Багіра і легла зноў. — О Шэр-Хан, не ў добрую часіну надумаўся ты паляваць на Жабянятка дзесяць гадоў назад!»

А Маўглі быў ужо далёка-далёка ў лесе. Ён бег з усіх ног, і сэрца ў ім палала. Ён дабег да пячоры, калі ўжо слаўся вячэрні туман. Маўглі спыніўся, каб адсапціся, і паглядзеў уніз, у даліну. Ваўчанят не было дома, але Маці Ваўчыха па дыханні свайго Жабяняці зразумела, што Маўглі нечым усхваляваны.

— Што здарылася, сынок? — спытала яна.

— Шэр-Хан, нібы кажан, разносіць плёткі, — абазваўся ён. — Я іду сёння на паляванне на ўзараныя палеткі.

І ён рынуўся ўніз, праз кусты, да ракі на дне даліны, але адразу спыніўся, бо пачуў выццё Чарады, якая выйшла на паляванне. Ён пачуў і стогн загнанага аленя, і яго пырханне, калі алень павярнуўся, каб абараняцца. Потым пачулася злоснае, лютае дзяўканне маладых ваўкоў:

— Акела! Акела! Няхай воўк-адзінец пакажа сваю сілу! Дарогу Важаку Чарады! Скачы, Акела!

Мусіць, воўк-адзінец скочыў і прамахнуўся, бо Маўглі пачуў, як ляснулі яго зубы, і кароткі віск, калі алень збіў Акелу з ног пярэднім капытом.

Маўглі больш не чакаў, а кінуўся бегма ўперад. Неўзабаве пачаліся засеяныя палеткі, дзе жылі людзі, і выццё ззаду ў яго чулася ўсё слабей і слабей, усё больш глуха і глуха.

— Багіра казала праўду, — прашаптаў ён, задыхаючыся, і скруціўся ў клубок на кучы травы пад акном хаціны. — Заўтра рашаючы дзень і для мяне і для Акелы.

Потым, прытуліўшыся тварам да акна, ён пачаў глядзець на агонь у ачагу. Ён бачыў, як жонка аратага ўставала ўночы і падкладвала ў агонь нейкія чорныя кавалкі, а калі надышла раніца і над зямлёй папоўз халодны беды туман, ён убачыў, як дзіця ўзяло аплецены гаршчок, абмазаны знутры глінаю, напоўніла яго вугалямі і, накрыўшы коўдрай, пайшло карміць жывёлу ў хляве.

— І ўсяго толькі? — сказаў Маўглі. — Калі нават такое малое гэта ўмее, дык баяцца няма чаго.